• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Назвалі лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. Сярод пераможцаў — журналісты

    Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» вызначылі шасцярых пераможцаў і васьмярых лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, што грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе. У спісе ёсць кнігі былых палітвязняў Алега Груздзіловіча і Вольгі Класкоўскай, а таксама вершы журналіста-фрылансера Андрэя Кузнечыка, які зараз адбывае шасцігадовы прысуд.

    Пераможцаў і лаўрэатаў вызначала Рада Беларускага ПЭНа. Сёлета дзеля бяспекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам альбо іхным сваякам пры жаданні захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыйнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.

    Пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталі:

    • Алесь Бяляцкі з успамінамі пра музей Максіма Багдановіча;

    • Алег Груздзіловіч з кнігай «Мае турэмныя муры»;

    • Марк Каласок з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна);

    • Вольга Класкоўская з турэмнымі дзённікамі;

    • Летапісец з нататкамі (назва не абвяшчаецца публічна);

    • Нікола Тэсла з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна).

    Журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, які правёў дзевяць месяцаў у турме, напісаў кнігу пра свой сумны досвед. Нягледзячы на ўсю драматычнасць тэмы, аўтар прытрымліваецца свайго фірмовага іранічнага стылю і спрабуе ўбачыць прыкметы чалавечнасці нават у вертухаях.

    — Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё. Я вырашыў уключыць таксама жыццёвыя ўспаміны пра сустрэчы з палітыкамі, журналісцкі досвед, аповеды пра сваякоў. У няволі жывеш успамінамі. Шмат часу прысвячаеш таму, што ўзгадваеш і аналізуеш мінулае. Што было з табой, бацькамі, дзядамі…— распавядаў у інтэрв’ю БАЖ аўтар.

    Некаторыя часткі кнігі спачатку з’яўляліся на сайце «Радыё Свабода». У ліпені 2023 года Алег Груздзіловіч прэзентаваў выданне «Мае турэмныя муры» ў Вільні. Кніга не паступала ў продаж, яе можна пабачыць толькі на некаторых офлайн-мерапрыемствах. Аднак пачытаць можна ў інтэрнеце.

    Былая журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская адбыла ў беларускай калоніі два гады. Яна выйшла з‑за кратаў у снежні 2022 года. 

    —  Я не адчула радасці, свабоды. Мама так старалася для мяне, а я ем і не адчуваю смаку. Не было радасці ні ад чаго. Стан суцэльнай параноі, не спіш. Потым пачала перапісвацца з іншымі былымі палітвязнямі — яны пра тое ж казалі. Параноя такая, што было цяжка ў краму выйсці, стук каля дзвярэй, машына праязджае — увесь час думаеш, што за табой, — расказвала БАЖу пра свой стан пасля вызвалення Вольга. 

    Яе «Турэмныя дзённікі» пабачылі свет на сайте «Новага Часу». З такой прапановай да Вольгі звярнулася Аксана Колб. Паводле слоў журналісткі, у гэтым годзе плануецца выхад кнігі. Вядома, што выданне плануюць перакласці на некалькі моў.

    Акрамя пераможцаў былі названыя і лаўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зняволенні. Імі сталі:
    Уладзімір Гундар з вершам «У свеце, якім бы ён ні быў…»;
    Андрэй Кузнечык з вершамі;
    Спадар Лапычаў з вершамі;
    Ілья Міронаў з вершам «Думаеце, такога не бывае?» і нататкамі;
    Павел Севярынец з вершамі;
    Анатоль Хіневіч з вершам «Паглядзі ў люстэрка…»;
    Сяргей Ціханоўскі з вершамі;
    Max V. Det­ta з вершамі.

    Журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык быў затрыманы ў лістападзе 2021 года. У ліпені 2022 года яго асудзілі на 6 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе. Цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць са сьцежкі працы на карысьць беларушчыны. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі)», — пісаў у адным з лістоў на волю спадар Андрэй. 

    Каментуючы выбар журы, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай сказала: «Сёлета, абвяшчаючы пераможцаў і лаўрэатаў, мы адзначаем не толькі літаратурнае майстэрства, але і непахіснасць духу аўтараў, якія пішуць ва ўмовах няволі. Кожная старонка іх твораў — гэта не проста словы, а адлюстраванне іх барацьбы за свабоду думкі і выказвання. Уручаючы гэтую прэмію, мы не толькі адзначаем іх талент, але і падтрымліваем іх нязломнае памкненне да свабоды».

    Чытайце яшчэ: 

    «Мужная праца беларускіх журналістаў». БАЖ узнагародзілі прэміяй Усходняга Партнёрства

    У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў

    Вядоўца «Радыё Рацыя» прэзентаваў у Беластоку сваю кнігу вершаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці