• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?

    Вольга Класкоўская падзялілася з БАЖам планамі вярнуцца ў прафесію журналіста, прапановамі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, расказала пра мадэрнізаваны ГУЛАГ і што палітзняволеныя просяць зрабіць тых, хто выходзіць на свабоду.

    «Давайце, калі з вамі звяжуцца прадстаўнікі «экстрэмісцкіх рэсурсаў», вы нам паведаміце»

    — Вы зʼехалі толькі праз некаторы час пасля вызвалення? Разам з тым шмат хто з экс-палітвязняў падобныя рашэнні прымае больш аператыўна, што адбывалася пасля выхаду на свабоду?

    — Я вызвалілася з Гомельскай калоніі 14 снежня мінулага года, а з’ехала на пачатку лютага гэтага года. З’язджаць не хацела і да апошняга імкнулася працягнуць ілюзію, што атрымаецца застацца ў Беларусі. Хаця, канешне, яшчэ ў калоніі мы неаднойчы з іншымі палітвязнямі абмяркоўвалі тэму бяспекі, пытанне ад’езду. Большасць палітзняволеных выказваліся за тое, што з малой турмы мы выйдзем у вялікую турму, і ўвесь час будзе пагроза арышту. Таму варта сур’ёзна думаць наконт таго, ці заставацца, ці лепш змяніць краіну на больш бяспечную.

    Для мяне ад’езд быў цяжкім і вымушаным рашэннем. 15 снежня, калі не прайшло і сутак пасля вызвалення, да мяне прыехаў ГУБАЗіК. Гэта была крыху камічная сітуацыя. Жанчыны-палітвязні ўвесь час мараць пра ванну з пенай, шмат жартаў і фантазій на гэтую тэму. Памятаю, я сама жартавала, ці атрымаецца пасля выхаду з калоніі прыняць ванну, ці адразу кайданкі надзенуць.

    І вось я ў ванне, у пене, а да мяне ломяцца ў дзверы. Гэта былі двое мужчын з ГУБАЗіКа, сказалі, што яны «з сяброўскім візітам»: «Мы тут, каб вас папярэдзіць і прэвентыўна перадухіліць злачынствы, якія вы можаце здзейсніць. Учора да вас была прыцягнутая завышаная ўвага з боку экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў, мы ведаем, што яны выходзілі з вамі на сувязь».

    Я кажу, што на сувязь ніхто не выходзіў, бо яшчэ нават тэлефона няма. І яны спыталі, ці ў курсе я, што калі захачу нешта пракаментаваць, даць інтэрв’ю «экстрэмісцкім рэсурсам», гэта будзе новая крымінальная справа. А потым гавораць: «Давайце вы пойдзеце насустрач нам, і калі з вамі звяжуцца прадстаўнікі «экстрэмісцкіх рэсурсаў», «экстрэмісцкіх фармаванняў» і будуць вам нешта прапаноўваць ці будуць нешта планаваць у Беларусі, вы нам паведаміце». Я адмовілася, сказала, што гэта супярэчыць маім маральным каштоўнасцям. Яны дасталі на мяне вялікае дасье і пачалі жартаваць: «Мы думалі, звяруга нейкая, хацелі з САХРам прыходзіць, а тут нармальны чалавек, хі-хі-ха-ха».

    Пасля спыталі, куды я збіраюся працаўладкоўвацца. Тут я дазволіла сабе смелы жарт: «У Полк Каліноўскага». Павісла паўза, яны: «Смешна». Папярэдзілі, што гэта не апошняя сустрэча.

    Потым быў перыяд зацішша: наведваўся ўчастковы, я стала на ўлік. Увогуле пасля вызвалення прыходзіла ў сябе, маральны стан складаны быў, я нават такога не чакала. Падчас зняволення я была ў больш небяспечных сітуацыях, напрыклад, калі затрымлівалі, збівалі ў бусе ўзброеныя людзі, я кантралявала сябе, была вельмі мабілізаванай. А калі выйшла, то ўсе эмоцыі гэтых 26 месяцаў вылезлі вонкі.

    Я не адчула радасці, свабоды. Мама так старалася для мяне, а я ем і не адчуваю смаку. Не было радасці ні ад чаго. Стан суцэльнай параноі, не спіш. Потым пачала перапісвацца з іншымі былымі палітвязнямі — яны пра тое ж казалі. Параноя такая, што было цяжка ў краму выйсці, стук каля дзвярэй, машына праязджае — увесь час думаеш, што за табой.

    Я змагла паехаць у санаторый, але не справілася з адчуваннямі страху — там былі мужчыны з кароткімі стрыжкамі ў спартыўных касцюмах… У выніку не дабыла свае аплочаныя дні і з’ехала дадому раней.

    Прыкладна напрыканцы студзеня актывізаваліся людзі ў пагонах: выклікалі мяне ў РУУС часцей. 30 студзеня, акурат мой дзень народзінаў, пазванілі з крымінальнага вышуку, запрасілі прыйсці 1 лютага ў РУУС.

    Мяне доўга пратрымалі ў дзяжурцы, потым за мной выйшла жанчына-маёр. Спытала, ці з сабой тэлефон, і гаворыць: «Не бойцеся, мы вас толькі на камеру здымем. Не трэба нас баяцца, гэта вы нас «тварямі» і «мразямі» называеце, а мы нармальныя». Гэтая супрацоўніца міліцыі размаўляла са мной каля трох гадзін, увесь час прысутнічаў нейкі мужчына, які ні слова не сказаў. Яна ж высвятляла, ці змяніла я свае погляды, ці шкадую. Далі мне папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства, пасля далі паперу, што на 15 гадоў ставяць на прафілактычны ўлік. Ніхто не разумее, як такое магчыма — увесь час хадзіць адзначацца ці як гэта?

    І адправілі ў цэнтр экспертыз. У мяне было ўжо кепскае прадчуванне, думала, не выйду. Мы абмяркоўвалі падобныя выклікі з іншымі палітвязнямі: гэта білет у адзін канец, ніколі не ведаеш, ці вернешся дадому.

    Мяне завялі да нейкага супрацоўніка, сказалі аддаць яму тэлефон. Ён спытаў пра двухфактарную аўтэнтыфікацыю да Тэлеграма. Face­book, іншыя сацсеткі яго не цікавілі. Я кажу, што не памятаю. І тады яны сказалі, што ўзламаюць, даслалі запыт на скідванне пароля. Але Тэлеграм адказаў, што скінуць пароль можна толькі праз сем дзён. Я працягвала сваю лінію, што нічога не маю, што пасля турмы і так дэзарыентаваная. Іх гэта моцна раззлавала, а жанчына-маёр кінула фразу: «І гэта таксама не спадабаецца людзям, якія табой цікавяцца». Яны ў выніку сказалі, каб праз тыдзень я зноў прыйшла ў РУУС з тэлефонам.

    Пасля гэтага я думала, вагалася, шмат з кім раілася. І прыйшла да высновы, што рызыкаваць не варта, увага з іх боку становіцца ўсё больш заўважнай, у спакоі не пакінуць.

    «Маральна-псіхалагічны стан — разгубленасць, бяссонніца амаль ва ўсіх»

    — Так было прынятае рашэнне пра тэрміновы ад’езд. Гэта цяжка: збіраеш рэчы, ходзіш па пакоі і разумееш, што можа, не вернешся ў свой дом, а чаму ты мусіш бегчы? Я дастала сімку, выключыла тэлефон… Хачу выказаць падзяку службе эвакуацыі BySol. Яны зрабілі вялікую працу. Можа быць, гэтая інфармацыя дапаможа іншым.

    Я апынулася ў Швейцарыі. Амаль праз месяц атрымала тут міжнародную абарону. Аднаўляю здароўе, аднаўляю сябе ў журналістцы — гэта напаўняе сэнсам жыццё, дае пачуццё маральнага задавальнення. Таксама камунікую з праваабаронцамі наконт беларускіх пытанняў, камунікую са сваімі сябрамі-палітзняволенымі, іх сваякамі, гэта і наша тэрапія. Важна быць у кантакце. Параноя і ўсе гэтыя рэчы зніклі, як толькі я перайшла мяжу. Трывожнасць, панічныя атакі — гэтага амаль няма. Ідзе нармальнае жыццё, якое і мусіць быць. Чакаю аперацыю, якую не паспела зрабіць пасля калоніі дома. Я вельмі ўдзячная Швейцарыі за ўсё. Швейцарцы нават вельмі падобныя на беларусаў — міміка, манеры. Шчырыя, добразычлівыя — «швейцарскія коцікі».

    — Як мяркуеце, чаму супрацоўнікі сілавых структур так баяцца розгаласу, інфармацыі? Яны ж вераць, што ўсё робяць правільна, на іх баку бязмежная сіла.

    — Яны не такія і моцныя. Людзі, якія перакананыя, што робяць добрыя ўчынкі, не баяцца. Гэта не моцная сістэма, не моцная ідэалогія. Магчыма, шмат хто з людзей у пагонах гэта і разумее. Прагучала ад іх неяк фраза: вось вы ўсіх нас карнікамі называеце, а вы задумваліся калі-небудзь, можа, мы жыццё камусьці ўратавалі? Не трэба ўсіх пад адзін грэбень. Мы ж і добрае робім, а нам потым пагражаюць, дадзеныя нашыя публікуюць. Гэта балючая тэма для іх — асабістыя звесткі ў інтэрнэце.

    Тое ж было і ў калоніі. Супрацоўнікі адсочваюць усё — артыкулы, паведамленні. Намеснік начальніка калоніі аднойчы пра мяне і Наташу Хершэ кінуў: «Як вы дасталі, пра вас пішуць больш, чым пра Калеснікаву!» Для іх гэта балючая тэма, гэта іх тэрыторыя, і яны разумеюць, што «не ўсё спакойна ў каралеўстве дацкім». Таму зацікаўленыя ў тым, каб інфармацыя нікуды не выходзіла.

    — Што важна зрабіць чалавеку з сабой, сваім жыццём і сваім целам пасля вызвалення?

    — Чалавек выходзіць у даволі разабраным стане, я мяркую па сабе і па сваіх высновах з камунікацый з іншымі палітвязнямі. Маральна-псіхалагічны стан — разгубленасць, бяссонніца амаль ва ўсіх, параноя, пачуццё трывогі. Агулам здароўе: вельмі «ляцяць» зубы, з’яўляюцца новыя захворванні, старыя абвастраюцца. І трэцяе — момант бяспекі. Як тут не параноіць, калі ты аголены ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца? Псіхіка ў пастаянным напружанні, а ты і так знясілены. Таму вельмі важна атрымліваць прафесійную дапамогу.

    Таксама праблема — куды на працу ўладкавацца, калі ў цябе воўчы білет, ты ў «спісе экстрэмістаў», ніхто не хоча браць, а міліцыя насядае, каб абавязкова працаваў.

    «Цябе прапускаюць проста праз мясарубку, калі адчуваюць, што ты цвёрды, прынцыповы чалавек»

    — Вы прайшлі праз розныя этапы пенітэнцыярнай сістэмы краіны, які з іх найбольш складаны?

    — (Без паўзы. — Рэд.) Гомельская калонія, адназначна. Там выбудаваная такая сістэма падаўлення і кантролю, такі скоцкі быт, што проста задыхаешся ва ўсіх сэнсах. Элементарна няма часу выпіць спакойна гарбату. Калі з’яўляліся вольныя хвіліны, то ад стомы немагчыма было сканцэнтравацца. Моцная цэнзура лістоў. Вельмі жорсткае стаўленне. Цябе прапускаюць проста праз мясарубку, калі адчуваюць, што ты цвёрды, прынцыповы, маеш смеласць заставацца пры сваіх перакананнях. Значыць, ты небяспечны для сістэмы, паказваеш кепскі прыклад як бунтар, і раптам іншых павядзеш за сабою. І пачынаюць ламаць усімі магчымымі метадамі — праз пакаранне, бясконцыя ШІЗА, ПКТ, праз зэкаў, падкідваюць забароненыя рэчы (таблеткі, іголкі), пасля пішуць рапарт і караюць.

    Для мяне гомельская калонія — гэта ГУЛАГ, проста больш мадэрнізаваны. Знешне гэта вельмі прыстойна выглядае — чыстыя дарожкі, дрэвы, кветкі, але насамрэч гэта паказушная карціна, за якой стаяць здзекі, зламаныя лёсы. Заязджаеш у калонію, і адразу пачынаюць ламаць хрыбет.

    Калі мяне асудзілі па другой справе ў Брэсце (У судзе Маскоўскага раёна Брэста ў студзені 2022 года Вольгу судзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса — «абраза прадстаўніка ўлады» — за каментар на адрас брэсцкага міліцыянта. Суддзя Марыя Аліферук прысудзіла Вользе 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. — Рэд.), я некалькі разоў пісала хадайніцтва ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб перавялі ў крытую турму ў Магілёў, хаця гэта і больш жорсткі рэжым. Але мяне зноў скіравалі ў гомельскую.

    — Вольга, вы згадваеце пра тое, што і праз зняволеных адміністрацыя калоніі пераследуе палітвязняў. ЦІ знайшлі вы адказ на пытанне, чаму людзі пагаджаюцца на такое супрацоўніцтва?

    — Шмат людзей асуджаныя за сапраўдныя злачынствы, яны маюць вялікую перадгісторыю іх злачынства, зламаную псіхіку. Я сядзела, да слова, у «наркаманскім» атрадзе. Шмат хто быў ВІЧ-інфікаваны, шмат хто залежны ад алкаголю. Гэта канцэнтрацыя грахоў у адным месцы, усіх заганаў чалавека — забойствы, дзетазабойствы, махлярствы. Гэта цяжкія людзі, я ні ў якім разе не хачу нікога асуджаць, але іх лад жыцця быў абсалютна адрозны.

    У гэтым атрадзе людзі сядзяць і па 15–17 гадоў. Гэта іх логіка, іх каштоўнасці: прасцей, калі ты сядзіш лёгка, добра ставіцца адміністрацыя, таму лепш з ёй супрацоўнічаць. Некаторым, магчыма, пагражаюць, пазбавіць перадач, напрыклад. І ў выніку большая частка звычайных зняволеных так ці інакш інфармуюць аператыўны аддзел. Атрымліваюць наўзамен рознае — нехта цыгарэты, кагосьці проста не чапаюць і гэтак далей. Ёсць тыя, хто афіцыйна супрацоўнічае, «заўхозы» так званыя і актыў (у іх чырвоныя павязкі, «крыло» на жаргоне зонаўскім). Кожны твой крок, дыялогі — усё вядома аператыўнаму аддзелу. Пішацца шмат даносаў, рапарты за тое, што бярэш ці даеш свае рэчы, гэта забаронена. Напрыклад, я дала цыгарэту, а праз 15 хвілін была ўжо ў аператыўнай частцы, тое ж, калі пазычыла падводку для вачэй ці гадзіннік. На ўсіх збіраецца кампрамат. Калі ёсць каманда «фас», тады кампрамат дастаецца і гэта фармальная падстава закідаць рапартамі і пакараць.

    Мне налівалі каву ў абутак, супраць мяне настроілі ўвесь атрад, правакавалі на канфлікты, падкідалі чужыя рэчы. Ставілі дзяжурствы ў адзін час у розных месцах, не паспела адначасова выканаць працу — рапарт. Ёсць такое паняцце, як калектыўная адказнасць — праз тое, што я не пайшла на дзяжурства, я падвяла ўвесь атрад, начальніца атраду сказала: «З‑за Класкоўскай мы цяпер тыдзень будзем чытаць правілы ўнутранага распарадку». Могуць прымусіць адну-дзве-тры гадзіны на вуліцы чытаць гэтыя правілы. Людзі яшчэ больш пачынаюць шыпець, гэта ўсё спланаваныя гульні сістэмы. Адзінае, што можна параіць, не весціся на правакацыі. Маё галоўнае правіла было — не ўступаць у канфлікты ні з кім.

    «Нават калі ілюзорныя надзеі, трэба казаць: «Усё будзе добра, усё гэта скончыцца»

    — Што можаце расказаць пра настрой, маральны стан на кожным з этапаў зняволення?

    — Спачатку, калі я трапіла на Акрэсціна ў кастрычніку 2020 года, то была на такім адрэналіне пратэснай хвалі, што не было ніякага страху. Падавалася, што гэта хутка скончыцца, нягледзячы на тое, што была крымінальная справа.

    Увогуле настрой хвалямі — уздым, апатыя, часам замыкаешся ў сабе. Ёсць перыяды роспачы, адчаю, болю за сябе, за іншых людзей, што цемра наступае, ёсць вялікі сум па блізкіх. Уся гама эмоцый. Напэўна, гэта перажываюць усе палітвязні. Галоўнае не дазваляць, каб апатыя, пачуццё бездапаможнасці надоўга накрывала. Калі ўпадзеш духам, нічога добрага не будзе. Нават калі сядзіш 30 сутак у ШЫЗА і напалову прытомны прачынаешся — які сон у холадзе на дошцы — думаеш: я не вытрымаю, колькі яшчэ?

    Але я прывучыла сябе, што нельга ісці за гэтымі пачуццямі. Нават калі ілюзорныя надзеі, трэба казаць: «Усё будзе добра, усё гэта скончыцца». Яшчэ казала: «Збярыся, анучка». Дзяўчатам нашым даводзіла, што ні ў якім разе нельга падаць духам. Мы мусім трымацца і для сябе, і для родных. Шмат давала падтрымка адзін аднаго.

    — Першы час шмат хто казаў: «Яны не будуць сядзець свае тэрміны». А што думалі самі зняволеныя на гэты конт? І што цяпер думаеце вы?

    — Гэта мянялася. Першая хваля палітвязняў, большасць з нас былі перакананыя, што не будзем сядзець гэтыя тэрміны. Я маме на першым прысудзе крыкнула: «Мама, я вярнуся значна раней!». І я ў гэта верыла. Асэнсаванне да мяне прыйшло, калі сядзела па другой крымінальнай справе. Сядзела ў пяці СІЗА і ўбачыла маштабы: усе камеры СІЗА, цягнікі забітыя палітвязнямі. Свежыя палітвязні расказвалі апошнія навіны, і я асэнсавала, што ўсё вельмі змрочна, будзе яшчэ большае закручванне гаек, суцэльнае ўдушэнне нелаяльных.

    Мне шмат разоў прапаноўвалі ў калоніі пісаць прашэнне аб памілаванні, я адмаўлялася, як і віну не прызнала. Гомельская калонія выбівае, каб ты там прызнаў віну, можа быць, каб паказаць выпраўленне асуджанага. Я не асуджаю тых, хто гэта падпісвае. Гэта вялікая, глыбокая чалавечая драма, важна трымацца этыкі, таму і абмяркоўваць асабліва гэта не хочацца. 

    Апошні раз у верасні 2022-га прапаноўвалі напісаць прашэнне, абяцалі свабоду, але з дзвюма ўмовамі, быў прадстаўнік Генпракуратуры: прашэнне на імя кіраўніка дзяржавы і пакідаеце краіну.

    Пасля мяне выклікалі Калеснікаву, яшчэ адну жанчыну. Трэцяя жанчына пагадзілася, яна сталага ўзросту. Прадстаўнік Генпракуратуры забраў паперы, і гэтую жанчыну сапраўды выпусцілі літаральна праз тыдзень.

    «Калі ты вызваляешся, то рвешся да інфармацыі, не менш чым да ваннай»

    — Раскажыце, што з доступам да інфармацыі на розных этапах? Калі чалавек у зняволенні найбольш інфармаваны, праз якія крыніцы?

    — На пачатку зняволення яшчэ былі друкаваныя выданні — «Новы Час», «Белорусы и рынок», «Аргументы и факты». Хаця нам здавалася, што мы ў інфармацыйным вакууме. Праз адвакатаў перадавалі інфармацыю, яны — сувязныя паміж намі і сем’ямі. У гомельскай калоніі ўжо шмат што і не аддавалі, а хутка і газеты перасталі выходзіць, адміністрацыя забараніла падпісваць праз родных. Адвакаты ўжо не так часта прыязджалі, бо гэта складана, цяжка з фінансавага боку, не заўсёды іх і пускалі.

    Тэлебачанне — толькі прапаганда расійская і беларуская. На працягу дня атрад мусіць сядзець і глядзець ці дзяржаўнае ТБ, ці канал з ролікамі пра тое, якія мы кепскія, што бел-чырвона-белы сцяг быцццам бы фашысцкая сімволіка. Прапагандысцкія праграмы круцілі, часам унутранае відэа ставілі, які-небудзь афіцэр зачытваў пра парушэнні нашы. Падчас званкоў, відэазванкоў таксама інфармацыі асабліва не атрымаеш, бо мы званілі ў прысутнасці аператыўніка. Проста можаш патэлефанаваць і сказаць, што жывы-здаровы.

    Дазнаваліся якім чынам пра падзеі: у кагосьці спатканне, да некага адвакаты прыязджалі. Штосьці завуалявана нехта са сваякоў мог сказаць. Важна было скептычна ставіцца да ўсяго, што прыходзіла з неправераных крыніц, распазнаваць «качак», інспіраваных аператыўным аддзелам. Дарэчы, страшэнны брак інфармацыі — гэта таксама катаванне.

    Калі ты вызваляешся, то рвешся да інфармацыі, не менш чым да ваннай. За два гады столькі інфармацыі, трагедый, рэпрэсій. І адмовіцца ад гэтага не можаш, бо два з паловай гады я нічога не ведала. З’яўляецца вялікае пачуццё віны перад тымі, хто застаўся. Іншыя зняволеныя перажываюць тое ж самае, яны расказвалі.

    Я не ведала, што да такой ступені ўсё вынішчылі ўлады — што многія журналісты ці ў турме, ці ў вымушанай эміграцыі, выданні знішчаныя. Адгалоскі да нас даходзілі, але ўсёй карціны не было. Мяне гэта ўсё шакавала.

    — Ці перасякалася са зняволенымі журналісткамі?

    — 9 жніўня я выйшла ў Мінску да Стэлы і сустрэлася з Алегам Груздзіловічам. Мы з ім павіталіся, абняліся. Я шмат узгадвала гэты момант у турме, калі мама мне паведаміла, што Алег арыштаваны.

    З Дашай Чульцовай сядзелі ў адной камеры, пасля былі ў Гомельскай калоніі, як і з Кацяй Бахвалавай. Ёй аператыўнікі забаранялі камунікаваць са мной і Наталляй Хершэ. З Луцкіной на Валадарцы я перасякалася ў санчастцы, бо пакутавала на моцныя крывацёкі і хадзіла ў санчастку на кропельніцы, мы там пазнаёміліся. Яна сказала, што вельмі хварэе, і па ёй было бачна, што кепска са здароўем. У мяне засталося ўражанне пра яе, як пра моцнага чалавека. Моцны характар, які пераважае над фізічнымі цяжкасцямі.

    — Да вас было асаблівае стаўленне як да экс-журналісткі, як да дачкі журналіста?

    — Так, у калоніі. Ёсць газета «Трудовой путь», якую выдае Дэпартамент выканання пакаранняў. На яе прымушаюць падпісвацца зняволеных. І адзін час кіраўніцтва калоніі мне сказала: «Пішы для «Трудового пути». Я ім кажу: «Вы што, здзек нейкі». Усю біяграфію, гісторыю сям’і яны ведалі. Адміністрацыя мяне папракала, што я не прызнаю віну, і дадавалі: «Уся сям’я такая». Бацьку (Аляксандра Класкоўскага. — Рэд.) згадвалі, але ні разу ў абразлівым ключы ці ў хамскіх выразах. Яго артыкулы адсочваюць.

    — Вы на свае вочы ўбачылі, як шмат людзей прайшло і праходзяць праз турму. Ці адабʼецца гэта на грамадстве ў цэлым, на светапоглядзе людзей? На іх каштоўнасцях?

    — На першы свой мітынг я прыйшла ў 1990-ыя. Я шмат у якіх падзеях удзельнічала, але такой хвалі салідарнасці, еднасці, асэнсавання нацыі нацыяй я не бачыла. Арышты, рэпрэсіі — гэта страшна, але нас, свядомых беларусаў, яны зрабілі бліжэй адзін да аднаго. Можа зараз падаецца, што мы мала чаго дасягнулі, але гэта не так.

    На доўгатэрміновую перспектыву зроблена шмат, і галоўнае — беларусы адчулі сябе нацыяй з пачуццём годнасці і з вялікай салідарнасцю. Гэта здабытак і для наступных пакаленняў. Усё было недарэмна, абсалютна.

    — Што б вы хацелі дадаць наконт тэмы палітвязняў?

    — Мяркую, гэтая тэма вельмі ўразлівая, усім баліць, і ці не ўсіх гэта закранула — ці сваякі, ці калегі, ці сябры прайшлі праз пераслед. Гэта страшная трагедыя і для тых людзей, якія апынаюцца ў засценках. Гэта страшная драма, яны там гніюць, з іх увесь час здзекуюцца, людзі кажуць пра суіцыды, пачынаюць мачыцца пад сябе. І я б хацела папрасіць, каб усе былі вельмі асцярожныя ў выказваннях — не параўноўвалі палітвязняў, ступень пакутаў, пераследу, не казалі, што хтосьці сапраўдны палітвязень, а хтосьці збіты лётчык. Абясцэньваць пакуты нельга ні ў якім разе, нельга абясцэньваць чалавека.

    Прагнозы рабіць цяпер немагчыма, застаецца толькі надзея, якую нельга губляць ні ў якім разе.

    — Вольга, раскажыце пра свае планы на жыццё. Што можна зрабіць для зняволеных тым, хто на свабодзе, што могуць зрабіць журналісты?

    — Хачу ўсім калегам-журналістам выказаць падзяку, што ўвесь час падрабязна асвятлялі тэму палітвязняў. Да зняволеных гэта так ці інакш даходзіць. І гэта не гучныя словы,  кожнае прывітанне дадае сіл. Нас жа ўвесь час пераконваюць, што мы нікому не патрэбныя, што пра нас забыліся. І калі адвакаты гаварылі, што тэма палітвязняў не забытая, часам ком стаяў у горле проста ад удзячнасці (у гэтым моманце Вольга ўпершыню за час доўгай размовы заплакала. — Рэд.).

    Я пачала весці свой Тэлеграм-канал. Планую напісаць дзённікі. За кратамі пісала шмат, але начальнік калоніі сказаў: «Нічога адсюль не вынесеш, таму не марнуй час». Палітвязні прасілі распавесці пра ўсё, што адбываецца. І цяжка маральна, калі ты сядзіш і не можаш нічога сказаць, бо ГУБАЗіК на хвасце. Трэба працягваць нашу справу. Кожны маленькі ўнёсак складаецца ў вялікія рэчы. Усё, што ад мяне залежыць, я буду рабіць.

    Чытайце яшчэ:

    «Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?

    Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар

    Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці