«Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?
Відавочная тэндэнцыя: улады сталі прызнаваць асабістыя старонкі ў сацсетках журналістаў экстрэмісцкімі. Напэўна рэжым бянтэжыць, што лідары меркаванняў, хай і па-за межамі Беларусі, па-ранейшаму карыстаюцца даверам і аўтарытэтам у аўдыторыі. БАЖ спыталася ў журналістаў, якія першымі трапілі пад «бан», як яны ставяцца да новых заходаў улады.
«Гэта спроба пазбавіць нас актыўнай аўдыторыі»
Першым з беларускіх журналістаў, чые старонкі ў сацсетках прызналі экстрэмісцкімі, стаў гарадзенскі рэпарцёр, заснавальнік медыя Most (Беласток) Руслан Кулевіч.
— Спачатку экстрэмісцкімі прызнавалі медыя, пасля — сацсеткі гэтых медыя, — нагадвае ён. — Убачылі, што гэта не працуе. Тады вырашылі «баніць» асобныя старонкі журналістаў. Гэта спроба пазбавіць нас актыўнай аўдыторыі.
Яшчэ адна неўзаемавыключная версія, што таго патрабуе інэрцыя рэпрэсій, якія пры існуючым рэжыме не могуць спыніцца. У цяперашніх умовах выканаўцы будуць шукаць новыя зачэпкі, каб даказаць сваю патрэбу для сістэмы.
— Шчыра кажучы, я чакаў, што хутчэй мяне асабіста прызнаюць датычным да экстрэмісцкай дзейнасці, бо пасля эміграцыі я быў адным з заснавальнікаў і працяглы час працаваў у Most, які даволі хутка прызналі экстрэмісцкім выданнем, — расказвае журналіст і музыкант Ігар Палынскі. — Але першы званочак быў, калі экстрэмісцкімі назвалі сацсеткі Руслана Кулевіча. Я стаў другім, каго закранулі новыя рэпрэсіі — цэтлік начапілі на маю старонку ў «ВКонтакте».
Як ён узгадвае, першай думкай было, што гэта адносіцца да музычнай, а не да журналісцкай дзейнасці.
— За некалькі дзён да таго экстрэмісцкім прызналі кліп майго гурта Sumarok на песню «Чэрці», які мы знялі і выпусцілі ў 2020 годзе, — працягвае Ігар Палынскі. — Спачатку мне падумалася, што «бан» звязаны з гэтым. Але пасля сталі прызнаваць экстрэмісцкімі старонкі ў сацсетках іншых журналістаў, таму гэта ўсё ж такі, напэўна, палягае з прафесійнай дзейнасці.
На яго думку, шукаць логіку ў дзеяннях рэжыму няма сэнсу, ягоная мэта толькі адна — утрымаць уладу:
— Гэта машына па генерацыі трэшовых ідэй. Ноч прастаяць ды дзень пратрымацца.
На днях улады назвалі экстрэмісцкай старонку ў «ВКонтакте» журналісткі з Маладзечна Зоі Хруцкай. Яна прызнаецца, што чакала нечага падобнага.
— Цяперашні рэжым — пачвара, якой пастаянна патрэбныя новыя ахвяры, — не хавае эмоцый журналістка. — Бо калі новых ахвяр не будзе, пачвары давядзецца зжыраць саму сябе. Калі яна перастане знаходзіць ворагаў сярод іншых, то давядзецца шукаць сярод сваіх. Гэта дзеянне на застрашванне, на стварэнне вакол мяне аўры нейкай небяспекі. Хаця насамрэч небяспека ідзе ад кожнага руху тых, хто прымае падобныя рашэнні.
Абсурднасць дзеянняў улады, заўважае Зоя Хруцкая, не тое што не спыняецца, а набірае абароты, і пакуль няма сігналаў, што варта губляць час на чаканне чагосьці адэкватнага.
«Падпісчыкі пісалі: прабач, мы не можам заставацца»
У гэтых дзеяннях рэжыму звяртаюць на сябе ўвагу дзве асаблівасці. Па-першае, новыя рэпрэсіі закранулі журналістаў, якія працавалі ў рэгіёнах — Маладзечна, Гродна. Па-другое, чамусьці пачалі са старонак у расійскай «ВКонтакте», якія выкарыстоўваліся пастолькі-паколькі.
— Апошнія гады я амаль зусім ніяк не выкарыстоўвала гэтую сацсетку, абнаўляла некалькі разоў на год, інфармацыі на маёй старонцы было вобмаль, — прызнаецца Зоя Хруцкая. — Хіба што ў 2021 годзе прымала там пагрозы пасля ператрусу ў маім доме.
Яе калега Ігар Палынскі прытрымліваецца аналагічнага меркавання:
— Ці вялікая для мяне страта старонцы ў «ВКонтакте»? Ды не. Пасля 2020 года я амаль не карыстаўся гэтай сацсеткай — размяшчаў хіба што музычныя рэлізы майго гурта Sumarok і часам спасылкі на артыкулы, якія падалося важным пашарыць менавіта для аўдыторыі ў «ВКонтакте».
Журналіст заўважае, што старонкі ў Twitter і Facebook вядзе больш актыўна і з меркавання уладаў, напэўна, там куды больш таго, да чаго можна прычапіцца.
Аднак вопыт Руслана Кулевіча кажа, што і іншыя сацсеткі, верагодна, не застануцца па-за ўвагай рэжыму. Яго старонкі ў Instagram і Facebook таксама прызналі экстрэмісцкімі.
— За два месяцы я згубіў каля двух тысяч падпісчыкаў у Instagram, іх колькасць знізілася да 14 тысяч. Хаця чакаў, што адток будзе большым, — расказвае рэпарцёр. — Падпісчыкі пісалі: прабач, мы не можам заставацца. Некаторыя тлумачылі, што знаходзяцца ў Беларусі, і для іх гэта небяспечна.
Ён не хавае роспачы з нагоды страты актыўнай часткі аўдыторыі. Кажа, што працаваў над развіццём сваіх сацсетак больш за дзесяць гадоў. З іх дапамогай шукаў навіны, герояў для артыкулаў.
— Прызнаваць канкрэтных журналістаў і іх старонкі ў сацсетках экстрэмісцкімі — няпростая для ўладаў задача, але ж, відаць, дайшлі рукі і да гэтага, — каментуе сітуацыю намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. — Відавочна, што пачалі з рэгіянальных журналістаў, якія ў гарадах і мястэчках былі лідэрамі меркаванняў. Мэта — зрабіць журналіста таксічным, адарваць яго ад чытачоў, каб знізіць уплыў.
Нягледзячы на чарговы ўзровень ціску на незалежную журналістыку, ён усё ж такі бачыць нагоду для аптымізму. Гэтыя крокі ўлады сведчаць, што журналісты па-ранейшаму ўплываюць на грамадства, нават у звышскладаных умовах.
«Не хачу, каб была рызыка для падпісчыкаў»
Рэакцыяй журналістаў на чарговыя рэпрэсіўныя захады была падкрэслена спакойнай і паслядоўнай.
— Мы з калегамі абмяркоўвалі, як змагацца з гэтым, — расказвае Руслан Кулевіч. — Нават думалі папярэджваць, як робяць расійскія іншаагенты. Аднак гэта значыла, што мы гуляем па правілах рэжыму. Урэшце рэшт, я вырашыў папярэдзіць падпісчыкаў, што і зрабіў.
Ігар Палынскі істотна абмежаваў доступ на старонцы ў «ВКонтакте».
— Таксама я напісаў пост, у якім прапанаваў выдаліць мяне з сяброў усім, для каго гэта можа быць пытаннем бяспекі, — дадаў журналіст.
Гэтак жа зрабіла Зоя Хруцкая, закрыўшы доступ да персанальных акаўнтаў ва ўсіх сацсетках:
— Я не хачу, каб была рызыка, што кагосьці прыцягнуць да адказнасці за рэпост ці камент на маёй старонцы. Гэта яшчэ спроба зрабіць з мяне вінаватую за такую небяспеку. Хаця ніхто ў здаровым розуме не вінаваты ў тым, што хтосьці іншы стварае беззаконне і бяспраўе.
Такую праяву салідарнасці журналістаў Барыс Гарэцкі называе разумным і этычным крокам.
— У беларускім заканадаўстве зараз працуе адваротнае права, — нагадвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Таму варта закрыць старыя публікацыі, каб людзі, якія рэпосцілі іх у мінулыя гады, не трапілі цяпер пад прераслед. А таксама папярэдзіць дысклэймерам пра гэтую сітуацыю. Магчыма гэта абмяжуе аўдыторыю, але дазволіць заставаццы шчырымі з чытачамі, падпісчыкамі, як гэта зрабіў БАЖ у сацсетках пасля прызнання асацыяцыі экстрэмісцкім фарміраваннем.
Чытайце яшчэ:
«Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве
Ідэалагічны міжсабойчык. Ува што ператвараецца факультэт журналістыкі
«Плакатнае правасуддзе». Прапагандысты і праваахоўнікі скатваюцца да бальшавіцкага антуражу