• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Плакатнае правасуддзе». Прапагандысты і праваахоўнікі скатваюцца да бальшавіцкага антуражу

    Афіцыйная прапаганда вяртае з нябыту палітычную карыкатуру на ўзор «Кукрыніксаў», а сілавыя структуры піяраць сваю дзейнасць праз плакаты ў стылі ваяўнічага бальшавізму.  

    Следчы камітэт на сваім сайце пахваліўся, як адзначыў з расійскімі калегамі так званы саюзны «дзень яднання».

    Паведамляецца, што адначасова ў трох установах адукацыі — Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі СК у Мінску, а таксама ў акадэміях Следчага камітэта РФ у Маскве і Санкт-Пецярбургу — стартавала выстава плакатаў аб прафесіі следчага.  

    «Экспанаванне прымеркавана да дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэта заканамерна адлюстроўвае развіццё сяброўскіх адносін паміж калектывамі ведамстваў, падтрымку і супрацоўніцтва ў дасягненні агульных мэтаў. Сумесныя мерапрыемствы ў гэтай сферы служаць яшчэ адным інструментам умацавання адносін брацкіх народаў», — адзначаецца ў публікацыі. 

    Аўтарам выстаўленых плакатаў пазначана навучэнка гімназіі ў Пружанах, пераможца прававой алімпіяды на прызы старшыні Следчага камітэта Ганна Клімашэвіч. Як гаворыцца ў анатацыі, «унікальныя працы перадаюць рознабаковасць службовых абавязкаў следчых».

    Дзеля справядлівасці, сцвярджэнне наконт «унікальнасці» яўна перабольшанае.

    Нават павярхоўнага погляду дастаткова, каб у памяці ўсплылі карцінкі мастацкага агітпраму, які быў незаменнай часткай савецкай ідэалогіі.

    Хутчэй да месца параўнанне з небезвядомымі «Кукрыніксамі» — аблашчанай увагай суполкай графікаў ды жывапісцаў, якія тыражавалі з’едлівыя карыкатуры на тоўстых «буржуяў» з доларамі з вачах ды ўнутраных «ворагаў народа».

    Варта адзначыць, што плакатны фон у «лінчаванні» апазіцыі актыўна выкарыстоўвае і дзяржаўная прапаганда. І перадавіком, як ні дзіўна, раней нічым не заўважная абласная газета «Мінская праўда». У 2020 годзе рэдакцыя закінула статыстыку ўраджайнасці ды надояў, сканцэнтраваўшыся на шальмаванні альтэрнатыўных ўдзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, нацыянальнай сімволікі, беларускай мовы.

    Карыкатуры на мяжы фолу некага Антона Астроўскага былі цалкам скалькаваныя са згаданай ужо спадчыны камуністаў-«Кукрыніксаў»:  суайчыннікі, якія выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, фігуравалі ў выглядзе свіней, пацукоў, геяў ды прастытутак. Крыху астыць з імпэтам мастаку-«народніку» давялося толькі тады, калі давялося ўмешвацца кіраўніцтву Міністэрства замежных спраў: ксяндзы са свастыкамі на першай старонцы дзяржаўнага выдання сталі «перадозам» нават для ўладаў.  

    У падобным стылі «выстрэльвае напавал» і прэзідэнцкая «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия»), якая паводле статусу цэнтра медыяхолдынга мусіла б быць больш абачлівай з развешваннем візуальных ярлыкоў.

    Асабліва шчыруе дуэт у складзе штатнага «рупара» Андрэя Мукавозчыка і мастака Алега Карповіча — на іх рахунку не толькі ілюстраваныя «блогі» з абразамі ідэйных апанентаў уладнага рэжыму, а выдадзеныя шматтомнікі з дыскрэдытацыяй пратэстнага руху. Апошняя супольная праца, прэзентаваная падчас нядаўняга кніжнага кірмашу – «дапаможнік» для выкладчыкаў і бацькоў пад назвай «Чему учить детей».

    І калі рэпутацыя нараджэнца Расіі, экс-кіраўніка беларускага філіяла «Клуба вясёлых і знаходлівых» Мукавозчыка даўно пад пытаннем, то цывілізацыйнае пераўвасабленне ляхавічаніна Карповіча ўражвае.

    Будучы сябрам мастакоўскай суполкі «Пагоня», ад сярэдзіны 1990‑х на старонках незалежнага тыднёвіка «Свободные новости» мастак Алег Карповіч з гэткім жа энтузіязмам штампаваў дасціпныя графічныя пародыі на першага прэзідэнта і ягонае атачэнне.

    Аднак, свядома перайшоўшы на пачатку нулявых на бок дзяржпрапаганды, без асаблівай «ломкі» заняў палярную пазіцыю, без шкадавання пляжачы ранейшых аднадумцаў.               

    Чытайце яшчэ:

    Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси

    Дынастыя прапагандыстаў, супраца з «Русью молодой», партнёр-камуніст. Хто такая Дыяна Шыбкоўская з «Мінскай праўды»

    Билл Гейтс заявил, что призывы приостановить разработку искусственного интеллекта «не решат проблемы»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці