• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу

    Журналіст Алег Груздзіловіч, які правёў дзевяць месяцаў у турме, напісаў кнігу пра свой сумны досвед. Нягледзячы на ўсю драматычнасць тэмы, аўтар прытрымліваецца свайго фірмавага іранічнага стылю і спрабуе ўбачыць прыкметы чалавечнасці нават у вертухаях. Аўтар БАЖ паразмаўляў з калегам пра ідэю, малюнкі і самацэнзуру.

    «Груздзіловіч, хопіць займацца выведвальніцкай дзейнасцю!»

    Цяпер шмат кажуць і пішуць пра лёс палітзняволеных. На фоне маштабных рэпрэсій тэма стала надзвычай запатрабаванай. Але па першых апублікаваных на сайце «Радыё Свабода» частках кнігі «Мае турэмныя муры» Алега Груздзіловіча заўважна, што аповед істотна адрозніваецца ад іншых.

    — Гэта кніга не толькі пра быт, а хутчэй — уласныя ўспаміны пра перажытае ў турме. Кавалак жыцця, які немагчыма выкінуць, — распавёў аўтар у інтэрв’ю БАЖ. — Натуральна, што чалавек, пабываўшы ў такой «вандроўцы», хоча расказаць другім аб гэтым вопыце. Адначасова была спроба нешта пераасэнсаваць.

    Ідэя, па словах журналіста, выспела яшчэ ў зняволенні.

    Начальнік калоніі, заўважыўшы, што той па рэпарцёрскай звычцы цікавіўся і збіраў фактуру, падчас чарговай размовы папярэдзіў: «Груздзіловіч, хопіць займацца выведвальніцкай дзейнасцю!»

    Рабіць нататкі ў калоніі было бессэнсоўна — у любы момант паперы маглі забраць. Калі палітзняволенага пасадзілі ў ШІЗА, у яго камеры правялі вобшук, знайшлі апісанне памяшканняў і адабралі запісы. Таму прыходзілася мэтанакіравана запамінаць абставіны, падзеі, дэталі.

    — Калі пісаў кнігу, то сядзеў і ўзгадваў турэмнае жыццё, — адзначае субяседнік БАЖ. — Некаторыя моманты ўсплывалі ў галаве, як у кіно.

    Адной з мэтаў, па яго словах, было паказаць на ўласным прыкладзе, што цяпер адбываецца з 1500 палітзняволенымі, якія застаюцца за кратамі. З якімі цяжкасцямі і праблемамі сутыкаюцца і як іх пераадолець. Што дапамагала перажыць гэты занадта няпросты перыяд.

    Адзначым пры гэтым своеасаблівую іронію, з якой апісваюцца падзеі, памяшканні, супрацоўнікі калоніі. Сумны, але гумар, які, адзначае журналіст, дазволіў яму прайсці праз нялёгкія выпрабаванні.

    «Любога можна зрабіць ахвярай свавольства»

    Бадай, адным з самых запамінальных момантаў з першай часткі кнігі стала апісанне візіту да «хазяйкі», як называюць начальніка калоніі. Для чытача працэс разгляду парушэння нагадвае самадурства і фарс. Аднак Алег Груздзіловіч, па-першае, просіць не рабіць паспешныя вывады і дачакацца поўнага выхаду кнігі. А па-другое, папярэджвае, што ў пенітэнцыярнай сістэме ўсё намешана і не трэба размалёўваць карціну толькі бела-чорнымі колерамі.

    — Але там бывае па-ўсякаму, — працягвае аўтар кнігі. — Напрыклад, падчас той жа камісіі цябе даюць магчымасць абараніць сабе. Нават уключаюць нагрудны відэарэгістратар, калі адказваеш. 

    Іншая рэч, заўважае былы палітзняволены, што сістэма пабудавана так, каб любога можна было зрабіць ахвярай свавольства.

    — У ШІЗА кожны дзень прыходзяць дзве праверкі, падчас якіх нехта з кантралёраў можы тыкнуць у палічку і заўважыць пыл, якога насамрэч няма, — прыводзіць прыклад Алег Груздзіловіч. — А ты пасапрабуй даказаць, што прыбрана. Ну як гэта ацэньваць? Свавольства ці не?

    Вядома, палітычныя зняволеныя становяцца лёгкай ахвярай такога ціску, але ж гэта самае тычыцца і крымінальнікаў, якія па нейкай прычыне не падабаюцца прадстаўнікам адміністрацыі.

    Звычайным прабывальнікам калоніяў і СІЗА таксама прысвечаны асобныя фрагменты ў кніге.

    — А як гэта абыйсці? — задаецца рытарычным пытаннем журналіст. — Яны ж знаходзіліся побач, і такія ж людзі, як мы. Іншая рэч, што апынуліся за кратамі па другіх абставінах. У людзей бываюць розныя учынкі — і прыгожыя, і непрыгожыя. За іх можна патрапіць у турму.

    Палітычныя, як я лічу, — лепшыя людзі краіны. Праявілі актыўнасць, грамадзянскую пазіцыю. Пацярпелі праз тое, што не адварочваліся ад рэчаіснасці, спрабавалі на яе паўплываць.

    Аднак большасць, хто знаходзіцца за кратамі, сапраўды зрабілі нешта дрэннае, і забывацца пра гэта нельга. Ва ўспамінах Алег Груздзіловіч спрабуе прааналізаваць, прадстаўнікі якіх пластоў грамадства трапляюць за краты і аб якіх працэсах сведчыць іх знахожданне там.

    Многія героі кнігі, дарэчы, па-ранейшаму знаходзяцца ў калоніі. Гэта не магло не адлюстравацца на змесце. Наколькі прыйшлося ўключаць самацэнзуру?

    — Цалкам! — не хавае журналіст. — Па-першае, яны фігуруюць пад іншымі імёнамі, па-другое, прыйшлося апусціць некаторыя дэталі і апісанні. Я не ведаю, ці шукалі б іх супрацоўнікі калоніі, але выключаць гэтага цалкам немагчыма. Не хацелася нікога падстаўляць.

    «Час прыйдзе і, магчыма, яны будуць адказваць за свае дзеянні»

    Відавочна, што кніга зацікавіць не толькі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху і прыхільнікаў перамен. Чытачамі стануць таксама людзі з пенітэнцыярнай сістэмы. Якой іх будзе рэакцыя на такі погляд знутры? Аўтар, па яго прызнанні, не думаў аб нейкім спецыяльным месаджы ці звароце да вертухаяў. Ніякага жадання помсціць ім няма:

    — Многія такія ж самыя людзі, проста знаходзяцца па другі бок. Хацелася б, канешне, каб яны больш чалавеча ставіліся да тых, хто знаходзіцца за кратамі. Але нейкай вялікай крыўды не адчуваю.

    У сувязі з гэтым тыповай падаецца характарыстка, дадзеная ў кнізе начальніку калоніі: «…з ім можа адбыцца шчырая размова, але можа і абмацюкаць як апошняга забойцу ды адправіць на перавыхаванне ў кутузку». Як падкрэслівае былы палітзняволены, не было суцэльнага ўражання, што там цалкам бесчалавечныя супрацоўнікі. Хаця ёсць і апантаныя, якія асабліва старанна выконваюць загады.

    — Час прыйдзе і, магчыма, яны будуць адказваць за свае дзеянні, — філасофскі заўважае Алег Груздзіловіч. — Жыццё звычайна расстаўляе ўсё ад кропкі да кропкі.

    Не толькі словам, але і вобразам

    У якасці ілюстрацый у кнізе выкарыстоўваюцца малюнкі самога аўтара. Алег Груздзіловіч з цеплынёй узгадвае аб сваім хобі:

    — Яшчэ ў дзяцінстве я шмат маляваў. Нават займаўся ў Доме піянераў. Апошнія дзесяць гадоў рабіў пейзажы, натурныя замалёўкі. З кожнай вандроўкі па Беларусі, у якія мы ездзілі з жонкай, прывозіў некалькі малюнкаў касцёлаў, архітэктурных помнікаў, разбураных сядзіб.

    Знаходзячыся ў зняволенні, журналіст замовіў у турэмнай бібліятэцы падручнік па тэорыі малюнка. 

    Вобразы, як і тэкст, аўтар аднаўляў выключна па ўспамінах:

    — Кожны дзень я пісаў ліст жонцы і звычайна суправаджаў іх малюнкамі. Аднак некалькі, гэта было яшчэ ў СІЗА на Валадарскага, вярнуліся назад, а пасля цэнзар напісаў, што ўнутраныя памяшканні ізалятара маляваць нельга. Таму я мусіў дасылаць толькі нейкія свае фантазіі. Праўда, на волю ўсё ж такі прарваліся тры малюнкі, што абавязкова будуць размешчаны ў кнізе.

    Графікай аднаўляючы сцэнкі з турэмнага жыцця, аўтар ставіў мэту ўздзейнічаць не толькі словам, але і вобразам.

    — Гэта не ілюстрацыі, кшталту «нары-быт», а ў кожным з іх ёсць свой сюжэт, падзея, сітуацыя, — падкрэслівае Алег Груздзіловіч. — Я спрабаваў намаляваць так, каб яны сталі самастойнымі творамі. Тэму падказвае назва малюнка, але з большага мусіць быць зразумела і без слоў, пра што там. Такая была звышзадача, а як атрымалася, вырашыць чытач.

    «Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё, але і жыццёвыя ўспаміны »

    На сайце «Радыё Свабода» плануецца апублікаваць невялікую частку кнігі — 30 з 200 частак. Выданне не будзе прадавацца (яго стануць распаўсюджваць бясплатна на некаторых мерапрыемствах), аднак яго можна будзе знайсці ў свабодным доступе ў інтэрнэце.

    — Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё, — дадае Алег Груздзіловіч. — Я вырашыў уключыць таксама жыццёвыя ўспаміны пра сустрэчы з палітыкамі, журналісцкі досвед, расказы пра сваякоў. У няволі жывеш успамінамі. Шмат часу прысвячаеш таму, што ўзгадваеш і аналізуеш мінулае. Што было з табой, бацькамі, дзядамі…

    Першы чалавек, які прачытаў тэкст поўнасцю, не хаваў захаплення: «Гэта ўнікальная кніга!» Сам жа аўтар сціпла заўважае: «А ці так — паглядзім…»

    Чытайце яшчэ:

    «Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам

    Ігар Ільяш: Вызваленне палітвязняў адбудзецца з падзеннем рэжыму Лукашэнкі

    «Гэта не Джэймс Бонд, а смелыя дзяўчаты». Рэжысёрка — пра Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці