• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў

    Прыняты важнейшы дакумент, які тычыцца выкарыстання ў СМІ штучнага інтэлекту. Каардынавала працу аўтарытэтная журналісцкая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», а ў склад камітэта ўвайшлі больш за 30 спецыялістаў па нейрасетках, журналістаў і прадстаўнікоў арганізацый, якія падтрымліваюць медыі. Раду ўзначаліла нобелеўская лаўрэатка Марыя Рэса. Як падкрэсліваецца, Парыжская хартыя накіраваная на абарону права на інфармацыю. 

    Журналісцкая этыка вызначае спосаб выкарыстання тэхналогій СМІ і журналістамі

    Выкарыстанне і развіццё сістэм штучнага інтэлекту ў журналістыцы павінны падтрымліваць асноўныя каштоўнасці прафесійнай этыкі, што ўключае праўдзівасць і дакладнасць, справядлівасць, неперадузятасць, незалежнасць, непрычыненне шкоды, недыскрымінацыю, справаздачнасць, павагу недатыкальнасці прыватнага жыцця і канфідэнцыяльнасць крыніц.

    СМІ аддаюць прыярытэт чалавечай дзейнасці

    Выкарыстанне штучнага інтэлекту павінна быць усвядомленым і добра інфармаваным рашэннем, якое прымаецца людзьмі. Рэдакцыі павінны дакладна вызначыць мэты, вобласць прымянення і ўмовы выкарыстання кожнай такой сістэмы.

    Медыі павінны забяспечыць скразны і бесперапынны нагляд за ўздзеяннем штучнага інтэлекту, забяспечыць строгае выкананне правіл яго выкарыстання і захаваць магчымасць дэактываваць у любы момант.

    Сістэмы штучнага інтэлекту праходзяць папярэднюю незалежную ацэнку

    Патрэбна, каб гэтая ацэнка пераканаўча прадэманстравала прыхільнасць асноўным каштоўнасцям журналісцкай этыкі. Штучны інтэлект павінен выконваць законы аб прыватнасці, інтэлектуальнай уласнасці і абароне дадзеных. Неабходна выпрацаваць дакладную сістэму адказнасці за любое невыкананне гэтых патрабаванняў. Перавагу атрымаюць тыя сістэмы, якія працуюць прадказальна і могуць быць проста растлумачаныя.

    Медыі заўсёды нясуць адказнасць за змест

    Сродкі масавай інфармацыі бяруць на сябе рэдакцыйную адказнасць, у тым ліку за выкарыстанне штучнага інтэлекту для збору, апрацоўкі альбо распаўсюду інфармацыі. Яны нясуць адказнасць і справаздачныя за кожную частку кантэнту, якую выкарыстоўваюць.

    СМІ падтрымліваюць празрыстасць выкарыстання сістэм штучнага інтэлекту

    Любое выкарыстанне штучнага інтэлекту, якое аказвае істотны ўплыў на вытворчасць ці распаўсюд журналісцкага кантэнту, павінна быць выразна раскрыта і даведзена да ведама ўсіх, хто атрымлівае інфармацыю разам з адпаведнымі дадзенымі. Сродкі масавай інфармацыі павінны весці публічны ўлік сістэм штучнага інтэлекту, якія яны выкарыстоўваюць і выкарыстоўвалі, з падрабязным апісаннем іх мэтаў, маштабаў і ўмоў выкарыстання.

    Рэдакцыі забяспечваюць паходжанне кантэнту

    СМІ павінны, калі гэта магчыма, выкарыстоўваць самыя сучасныя інструменты, якія гарантуюць сапраўднасць і паходжанне кантэнту, што публікуюць, даваць дакладныя звесткі пра яго паходжанне і любыя наступныя змены, якім ён мог падвергнуцца.

    Журналістыка праводзіць выразную розніцу паміж аўтэнтычным і сінтэтычным кантэнтам

    Журналісты імкнуцца забяспечыць дакладнае і надзейнае адрозненне паміж кантэнтам, атрыманым у выніку фіксацыі праяў рэальнага свету (напрыклад, фотаздымкаў, аўдыя- і відэазапісаў) і таго, што створана альбо істотна зменена з дапамогай сістэм штучнага інтэлекту. СМІ варта аддаваць перавагу выкарыстанню сапраўдных відэаматэрыялаў і запісаў для адлюстравання рэальных падзей, а таксама ўстрымлівацца ад стварэння альбо выкарыстання кантэнту, створанага з дапамогай штучнага інтэлекту, які імітуе здымкі і запісы рэальнага свету ці выдае сябе за рэальных людзей.

    Персаналізацыя зместу падтрымлівае разнастайнасць і цэласнасць інфармацыі

    У медыя распрацоўка і выкарыстанне сістэм штучнага інтэлекту для аўтаматычнай персаналізацыі і рэкамендацый кантэнту павінны кіравацца журналісцкай этыкай. Такія сістэмы павінны паважаць цэласнасць інфармацыі і спрыяць агульнаму разуменню адпаведных фактаў і пунктаў гледжання. Яны павінны падкрэсліваць разнастайныя пункты гледжання на розныя тэмы, спрыяючы адкрытасці і дэмакратычнаму дыялогу. Выкарыстанне такіх сістэм павінна быць празрыстым, і карыстальнікам па магчымасці павінна быць прадастаўленая магчымасць адключыць іх, каб забяспечыць нефільтраваны доступ да рэдакцыйнага кантэнту.

    Журналісты, СМІ і групы падтрымкі журналістыкі займаюцца кіраваннем штучным інтэлектам

    Менавіта журналісты, якія з’яўляюцца абаронцамі свабоды інфармацыі, павінны адыгрываць актыўную ролю ў кіраванні сістэмамі штучнага інтэлекту. Іх варта ўключаць у любы глабальны альбо міжнародны інстытуцыянальны нагляд за кіраваннем і рэгуляваннем такімі інструментамі. Яны павінны забяспечыць, каб кіраванне штучным інтэлектам паважала дэмакратычныя каштоўнасці і каб разнастайнасць людзей і культур адбівалася ў развіцці нейрасетак.

    Журналістыка падтрымлівае этычныя і эканамічныя асновы пры ўзаемадзеянні з арганізацыямі штучнага інтэлекту

    Доступ да журналісцкага кантэнту, які быў створаны з дапамогай сістэм штучнага інтэлекту, павінен рэгулявацца афіцыйнымі пагадненнямі, якія забяспечваюць устойлівасць журналістыкі і падтрымліваюць доўгатэрміновыя агульныя інтарэсы СМІ і журналістаў. Уладальнікі нейрасетак павінны пазначаць крыніцы, паважаць правы інтэлектуальнай уласнасці і выдзяляць справядлівую кампенсацыю праваўладальнікам.

    Уладальнікі сістэм штучнага інтэлекту таксама абавязаныя весці празрысты і падрабязны ўлік журналісцкага кантэнту, які выкарыстоўваецца для навучання і падтрымкі іх сістэм. Праваўладальнікі павінны паставіць перапрафіляванне свайго кантэнту сістэмамі штучнага інтэлекту ў залежнасць ад захавання цэласнасці інфармацыі і фундаментальных прынцыпаў журналісцкай этыкі. 

    Чытайце яшчэ:

    Беларуская мова жывая! Запыталіся ў штучнага інтэлекту, якая яе сучасная роля і што будзе далей

    Ілан Маск: Нейрасеткі пагражаюць чалавечаму грамадству

    Высновы з 386-старонкавай справаздачы Стэнфардскага ўніверсітэта аб сённяшнім стане штучнага інтэлекту

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці