• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Беларуская мова жывая!” Запыталіся ў штучнага інтэлекту, якая яе сучасная роля і што будзе далей

    Выявілася, ChatGPT добра валодае беларускай мовай. Але нас больш цікавіла, што ён думае пра яе стан на сёння, перспектывы і асаблівасці. Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла адрасаваць найбольш хвалюючыя пытанні штучнаму інтэлекту. Якія адказы атрымалі, чытайце ніжэй.

    Жывая ці мёртвая?

    Пачнем з добрых навін. Штучны інтэлект лічыць, што беларуская мова жыве, і называць яе мёртвай нельга, паколькі “яна выкарыстоўваецца ў шматлікіх сферах жыцця ў Беларусі, у тым ліку ў культуры, адукацыі, грамадскай дзейнасці, палітыцы і іншых сферах”.

    У той жа час штучны інтэлект заўважыў, што беларуская мова цяпер знаходзіцца ў складанай сітуацыі, праз абмежаванні, якія накладаюцца ў дзяржаўным і грамадскім жыцці.

    — Гэтыя абмежаванні могуць прывесці да зніжэння моўнай кампетэнцыі і пашырэння пазіцыі іншых моў, — перасцерагае Сhat­G­PT. — Аднак на сёння беларуская мова не можа лічыцца мёртвай, бо з’яўляецца афіцыйнай мовай краіны і знаходзіцца ў выкарыстанні ў шматлікіх сферах жыцця ў Беларусі і за мяжой.

    Дакладна адказаць, колькі чалавек валодаюць беларускай мовай штучны інтэлект не змог. Затое ўзгадаў, што, згодна з дадзенымі перапісу ў 2009 годзе, гэта лічба складала 83,7% насельніцтва.

    — Але гэты паказчык не азначае ўзровень моўнай кампетэнцыі, і могуць быць адрозненні паміж пазнаваннем і разуменнем, — падкрэсліў наш віртуальны суразмоўца.

    БАЖ запускае апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае.  Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!

    З прычыны нізкай пазіцыі беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, паводле яго, у некаторых рэгіёнах адбываецца паступовае зніжэнне моўнай кампетэнцыі ў навучальных установах і сярод насельніцтва.

    Аднак па-ранейшаму існуюць ініцыятывы і арганізацыі, якія працуюць над пашырэннем ведаў і падтрымкай беларускай мовы, у тым ліку ў сацсетках.

    Што лічыцца адметнымі рысамі?

    Паводле меркавання Сhat­G­PT, у беларускай мовы пяць найбольш важных адметных рыс.

    Па-першае, фанетычная мяккасць, што дадае мілагучнасці беларускай мове і істотна адрознівае яе ад іншых суседніх моў.

    Па-другое, багатая лексіка — у нашай мове шмат арыгінальных слоў. Гэта дазваляе выказваць нюансы значэнняў, якіх няма ў іншых моўных сістэмах.

    Па-трэцяе, гістарычныя сувязі з іншымі моўнымі сістэмамі. Такімі як польская, літоўская, руская, украінская і інш. З аднаго боку гэта ўзбагачае мову, з іншага — зберагае моўную спадчыну.

    Па-чацвёртае, граматычная складанасць, што дадае спецыфічнасці і дазваляе дакладней передаваць нюансы.

    Па-пятае, гукавая сістэма. Беларуская мова выкарыстоўвае кіраваную гукавую сістэму з дыякрытыкай. Гэта дапамагае больш дакладна вымаўляць словы.

    Які сучасны стан?

    Сцісла мы апісалі ўмовы, якія склаліся ў дачыненні да беларускай мовы ў апошнія гады, і спыталіся, як чат-бот ацэньвае яе цяперашні стан.

    — Згаданыя акалічнасці могуць павялічыць выклікі на шляху забеспячэння і падтрымкі моўнай і культурнай ідэнтычнасці Беларусі, — адзначыў штучны інтэлект. — Аднак перспектывы для беларускай мовы таксама могуць быць пазітыўнымі ў гэтакіх варунках.

    Віртуальны суразмоўца нагадаў, што на працягу гісторыі наша краіна сутыкалася з забаронай выкарыстання роднай мовы і зніжэння яе якасці ў адукацыі і культуры. Але гэта не прывяло да знішчэння мовы, яна захавала сваё існаванне і развіццё, у тым ліку з дапамогай дыяспары.

    — У сучасных абставінах беларуская мова захоўваецца як неад’емны элемент беларускай ідэнтычнасці і культуры, — інфармуе Chat­G­PT. — Актывісты і арганізацыі, што падтрымліваюць беларускую мову і культуру, працягваюць сваю дзейнасць і пашыраюць сферы, у якіх можна выкарыстоўваць беларускую мову, напрыклад, у блогах, відэа- і аўдыяпадкастах, сацыяльных сетках.

    Штучны інтэлект не прывёў дакладных лічбаў публікацый на беларускай мове, але сцвярджае, што іх колькасць апошнім часам істотна вырасла.

    — За апошнія гады ў Беларусі з’явілася шмат новых інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваіх матэрыялах і афармленні, — цалкам чат-бот пазітыўна ацэньвае перспектывы. — Напрыклад, у сацыяльных сетках Face­book і «ВКонтакте» беларуская мова з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных моў, якую выкарыстоўваюць наведнікі з Беларусі.

    Да таго ж, па інфармацыі Chat­G­PT, апошнім часам у Беларусі павялічылася колькасць навінавых сайтаў і блогераў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваіх артыкулах і відэа.

    Як уплывае прыгнёт мовы?

    У наступным пытанні мы падкрэслілі, што штучнае абмежаванне ўжывання мовы і іншых нацыянальных сімвалаў прадказальна прывяло да адваротнага: многія сталі цікавіцца нацыянальнай гісторыяй, літаратурай, культурай.

    Нават у звычайным жыцці людзі, якія раней не размаўлялі па-беларуску, сталі карыстацца роднай мовай. Нехта цяпер вядзе сацсеткі выключна па-беларуску, нехта ладзіць беларускамоўныя тыдні.

    — Гэта можа прывесці да пераасэнсавання значнасці мовы для нацыянальнай ідэнтычнасці і павышэння яе статусу ў супольнасці, — лічыць штучны інтэлект. — Напрыклад, выкарыстанне лекарамі беларускай мовы можа выклікаць больш даверу з боку пацыентаў. А ўжыванне мовы падчас публічных мерапрыемстваў узмоцніць пачуццё нацыянальнага гонару і повязі з культурай.

    Супрацьдзейнічаць забароне можна праз асвету і ўсведамленне людзьмі значнасці беларускай мовы, а таксама праз паляпшэнне моўнага заканадаўства і стварэнне ўмоў для свабоднага ўжытку мовы ва ўсіх сферах жыцця, падкрэслівае Сhat­G­PT.

    А калі дзяржава адмаўляецца размаўляць па-беларуску?

    Цікава, што Сhat­G­PT сам нагадаў пра абавязак чыноўнікаў і іншых афіцыйных асоб ведаць беларускую мову і пры звароце грамадзяніна адказваць адпаведна па-беларуску.

    — Але што рабіць, калі чыноўнік адмаўляецца адказваць па-беларуску? — запыталіся мы.

    Штучны інтэлект параіў падаць скаргу ў адпаведную інстанцыю. У прыватнасці, у Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства замежных спраў альбо ва ўпраўленні ўнутраных спраў.

    Таксама ён рэкамендуе паспрабаваць дамовіцца з чыноўнікам, нагадваючы пра важнасць захавання беларускай мовы і культуры. А калі такія спробы не дадуць плёну, то паспрабаваць звярнуцца ў прадзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Здаецца, штучны інтэлект не мае досыць інфармацыі пра ўзровень рэпрэсій і прыцясненне нацыянальных сімвалаў і мовы ў Беларусі.

    Тут варта ўзгадаць апошняе слова ў судзе лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

    — Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове.

    Ён нагадаў, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і дзяржаўныя чыноўнікі павінны ведаць яе, а “не пыкаць і бэкаць”.

    — Мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі. — Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне.

    На нашу заўвагу, што ўсе скаргі ў дзяржорганы бессэнсоўныя, Сhat­G­PT вырашыў усё ж паспрачацца: “Я, як штучны інтэлект, не маю магчымасці мець палітычных поглядаў, але магу сказаць, што кожны грамадзянін мае права карыстацца сваёй мовай, у тым ліку ў судзе. У заканадаўстве Беларусі закладзена, што беларуская мова з’яўляецца раўнапраўнай з рускай, і грамадзяне маюць права на ўжытак яе ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку ў органах улады і на судах”.

    Што будзе далей?

    Як мы не пыталіся ў штучнага інтэлекту пра будучыню беларускай мовы, ён адмаўляўся даваць які-небудзь прагноз.

    — Але магу сказаць, што ў сучасным свеце беларуская мова захоўвае сваю важнасць для беларускага народа і культуры, — адзначыў суразмоўца. — Яна ўжываецца ў афіцыйных дакументах, сродках масавай інфармацыі, адукацыі і навуцы, літаратуры і мастацтве, а таксама ў штодзённай жыцці.

    Сярод небяспечных фактараў ён назваў глабалізацыю, змену моўных продкаў у маладым пакаленні, а таксама палітычныя і культурныя працэсы ў краіне.

    — Вельмі важна падтрымліваць беларускую мову і дасканаласць яе развіцця і забяспечыць ёй месца ў сучасным свеце, — рэкамендуе Сhat­G­PT. — Гэта можна зрабіць праз адукацыю, нацыянальныя і культурныя мерапрыемствы, фінансавую і палітычную падтрымку ды іншыя меры, якія дапамогуць зберагчы і павялічыць моўныя рэсурсы.

    На думку штучнага інтэлекту, адлюстраванне гэтых змен у будучыні залежыць ад мноства фактараў. У краіне можа змяніцца палітычнае кіраванне, што можа паўплываць на статус беларускай мовы. У такім выпадку, напэўна, павялічыцца ўвага да моўнай рознасці па ўсёй краіне, што падтрымаецца грамадскімі акцыямі і мерапрыемствамі. А гэта дасць штуршок да вывучэння і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ запускае апытанне аўдыторыі

    Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі: беларуская мова — гарант гуманітарнай бяспекі дзяржавы

    Беларуская мова ў маркетынгу і рэкламе: сімвалічная каштоўнасць ці крыніца прыбытку?

    Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці