Ілан Маск: Нейрасеткі пагражаюць чалавечаму грамадству
Ілан Маск заявіў, што рашэнні пра шлях цывілізацыі і штучны інтэлект не павінны прымацца лідарамі тэхналагічнай галіны, якіх ніхто не выбіраў.
Самы заможны прадпрымальнік свету па версіі часопіса «Forbes» Ілан Маск разам з групай тэхналагічных экспертаў заклікаў прыпыніць навучанне новых сістэм штучнага інтэлекту з‑за магчымай пагрозы, якія гэтыя мадэлі могуць несці грамадству.
Ліст Ілана Маска апублікавала фундаваная ім амерыканская некамерцыйная арганізацыя «Future of Life Institute», яго падпісалі больш за тысячу чалавек.
У тэксце сцвярджаецца, што сістэмы штучнага інтэлекту могуць змяніць развіццё чалавецтва і таму павінны кіравацца з суразмернымі іх маштабу ўвагай і рэсурсамі.
«Магутныя сістэмы штучнага інтэлекту варта распрацоўваць толькі тады, калі мы ўпэўнены, што эфекты ад іх працы будуць станоўчымі, а рызыкі кіраванымі», — гаворыцца ў тэксце.
Аўтары адзначаюць, што сучасныя сістэмы штучнага інтэлекту здольны канкурыраваць з чалавекам у вырашэнні шырокага спектра задач, таму чалавецтва павінна вырашыць, ці мусяць быць цалкам аўтаматызаваны рабочыя працэсы, ці павінны людзі рызыкаваць «стратай кантролю над цывілізацыяй» і ці трэба распрацоўваць сістэмы, якія будуць разумнейшымі за саміх людзей і могуць зрабіць чалавека «безнадзейна састарэлым».
У звароце гаворыцца, што такія рашэнні не павінны давярацца лідарам тэхналагічнай галіны, якіх ніхто не выбіраў.
Падпісанты прапануюць на паўгода прыпыніць распрацоўку любых сістэм штучнага інтэлекту, больш магутных, чым мадэль GPT‑4, якая ўжо выйшла для карыстання ў публічнай прасторы і была распрацавана кампаніяй «OpenAI».
Сярод падпісантаў тэксту ліста ёсць вядомыя навукоўцы ў галіне штучнага інтэлекту, канадзец Ёшуа Бенжыа і брытанец Сцюарт Расэл. Акрамя таго, там ёсць распрацоўшчыкі сістэм штучнага інтэлекту, якія канкурыруюць з прадуктамі «OpenAI». Сам Маск быў сузаснавальнікам гэтай кампаніі, але пакінуў яе ў 2018 годзе, а пазней прадаў акцыі, якія належалі яму.
Паводле ВВС, www.ekhokavkaza.com
Чытайце яшчэ:
Праваабаронцу Насту Лойку, верагодна, пачнуць судзіць у траўні
«Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як на Акрэсьціна ад сілавікоў». Размова з блогерамі Лізай Ветравай і Мікітам Бялевічам
Появилось руководство по фандрейзингу от MediaDev