• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія медыйшчыкі Батумі выйшлі на цэнтральную плошчу з партрэтамі палітзняволеных калег

    Журналісты незалежных беларускіх медыя, якія, былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, каб уратавацца ад пераследу, і цяпер жывуць у грузінскім горадзе Батумі,  правялі акцыю салідарнасці з палітзняволенымі калегамі. Пасля адбылася сустрэча са старшынём Беларускай асацыяцыі журналістаў — абмеркавалі спецыфіку журналісцкай працы і жыцця ў Грузіі.

    На знак падтрымкі палітзняволеных калег беларускія медыйшчыкі выйшлі на плошчу Еўропы ў цэнтры Батумі і ўзнялі партрэты журналістаў, якія цяпер у Беларусі знаходзяцца за кратамі.

    Паводле інфармацыі БАЖ, па стане на 27 ліпеня, у зняволенні знаходзяцца 36 журналістаў і супрацоўнікаў медыя.

    Падчас сустрэчы, якая адбылася пасля акцыі салідарнасці ў створаным беларусамі «Медыя хабе», старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец зазначыў, што насамрэч лічба супрацоўнікаў медыя за кратамі ў Беларусі большая — пакуль што не ўсе хочуць апублічваць інфармацыю пра затрыманні.

    Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі таксама з лідарам БАЖ, як жывецца і працуецца беларускім журналістам, якія ў якасці часовага прытулку выбралі сабе Грузію. Быў агучаны шэраг выклікаў, з якімі даводзіцца сутыкацца. Самай галоўнай праблемай прысутныя назвалі фінансавую нестабільнасць у эміграцыі — паўсюль растуць кошты (у Грузіі цягам апошняга года, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, кошты на арэнду жылля і прадукты выраслі ў 2–3 разы), заробкі ў медыясферы тым часам не самыя высокія.

    Таксама журналісты зазначылі, што ў эміграцыі паўстала праблема пошуку працы — вакансій у беларускіх медыя не так шмат, уладкавацца ў грузінскія СМІ амаль немагчыма.

    Беларусаў у Грузіі вельмі хвалюе пытанне легалізацыі і няпэўнасці ў сваім прававым статусе ў дзяржаве.

    Пасля апошняга гучнага выпадку, калі Грузія без тлумачэння прычын не ўпусціла на тэрыторыю беларускага актывіста, заснавальніка Беларускай дыяспары Аджарыі Яўгена Гацака, пэўная колькасць беларускіх медыйшчыкаў прынялі рашэнне з’язджаць з Грузіі.

    Тыя ж, хто застаецца, скардзяцца на складанасці з атрыманнем дазволу на жыхарства, зазначаюць, што амаль немагчыма атрымаць грузінскае грамадзянства. Увогуле, беларускія журналісты адзначаюць незацікаўленасць уладаў Грузіі ў беларусах, дапамозе ім і інтэграцыі ў грузінскае грамадства.

    Сярод іншых праблем называліся складанасці з адукацыяй для дзяцей і з медычнымі страхоўкамі, а таксама з атрыманнем віз краін ЕС, калі ты знаходзішся ў Грузіі. Казалі таксама пра складанасці з заменай беларускіх пашпартоў за мяжой. Гучала пра недахоп адукацыйных курсаў і мерапрыемстваў, інтэграцыйных сустрэч.

    Андрэй Бастунец паабяцаў, што БАЖ прааналізуе ўсе агучаныя праблемы і падумае, у вырашэнні якіх можа дапамагчы, аднак, на жаль, вырашыць іх усе не атрымаецца, бо гэта — наступствы жыцця ў выгнанні і агульнай палітычнай сітуацыі. Паводле старшыні БАЖ, названыя праблемы — не ўнікальныя для Грузіі, з імі сутыкаюцца беларускія медыйшчыкі і ў іншых краінах.

    «Пакуль мы ў выгнанні, мы будзем сутыкацца з гэтымі праблемамі. <…> Нашую задачу я тут бачу ў тым, каб давесці міжнароднай супольнасці, донарскім арганізацыям, што Беларусь і беларускіх медыйшчыкаў, якіх выгналі за мяжу, нельга забываць, — зазначыў Андрэй Бастунец. — З падобнымі праблемамі сутыкаюцца журналісты і ў Літве, і ў Польшчы. Некаторыя прасцей вырашыць, некаторыя — больш складаныя. Цяжка паўплываць на ўрады. Але можна працаваць з праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку з грузінскімі».

    Нагадаем, Марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі стартаваў у Вільні 3 траўня з сумеснай акцыі БАЖ і Саюза журналістаў Літвы.

    Да прапановы ўжо далучыліся ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, ЗША і іншых краінах.

    БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .

    #СвабодуЖурналістам
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Чытайце яшчэ:

    Ігар Карней — у СІЗА, імаверна, супраць яго распачалі крымінальную справу

    Буйнейшае аб’яднанне журналістаў у Еўропе назвала суд над Шчыраковай непрымальным

    Журналістка Вольга Класкоўская: «Я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. І таму не маю права зламацца»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці