У Батумі распачаў працу «Медыя Хаб» — прастора для медыйшчыкаў, якую стварылі беларусы
Ідэя адкрыцця ў прыморскім Батумі адмысловай прасторы-каворкінга для медыйшчыкаў належыць двум беларускім журналістам — Алесю Залеўскаму і Антону Сурапіну. Рэалізацыя праекта заняла амаль год. І вось 3 красавіка 2023 года «Медыя Хаб» адчыніў дзверы для наведнікаў. Якія паслугі прапаноўвае прастора, чым яна можа быць карыснай менавіта беларускім медыйшчыкам, распавёў Антон Сурапін.
Пункт прыцягнення беларускіх медыйшчыкаў у Батумі
Стваральнікі «Медыя Хаба» бачаць яго асноўным пунктам прыцягнення беларускіх медыйшчыкаў і ўвогуле людзей, якія тым ці іншым чынам звязаныя з беларускім медыясектарам і знаходзяцца ў Батумі ці наогул у Грузіі.
Знаходзіцца «Медыя Хаб»па адрасе: г. Батумі, вуліца Парнаваз Мепе, 67 (уваходзіць у шкляныя дзверы справа ад крамы «Spar» і падымацца на другі паверх).
— Далося гэта ўсё вельмі цяжка, было нямала праблем, але, нарэшце, 3 красавіка мы выходзім на паўнавартасную стандартную працу, — кажа журналіст Антон Сурапін. — Я год літаральна жыў у гэтых сценах і чакаў гэтага моманту. Рэалізаваць праект і ператварыць ідэю ў шматфункцыянальную прастору атрымалася дзякуючы партнёрству шэрагу арганізацый.
Што ёсць у «Медыя Хабе»?
-
Прафесійная аўдыя-відэастудыя, у якой ужо адбываецца вытворчасць медыя. У прыватнасці, адсюль вядуцца эфіры ютуб-канала «Вольны», створанага Алесем Залеўскім і калегамі. Пра тое, як паўстаў гэты канал і на якіх умовах беларусы могуць скарыстацца студыяй, у тым ліку — бясплатна, Алесь Залеўскі распавядаў у інтэрв’ю БАЖу.
-
Уласна каворкінг — вялікая зала на 15 працоўных месцаў.
— Кожнае працоўнае месца абсталяванае зручным сталом, крэслам, 2–3 разеткамі, — распавядае Антон.
У непрацоўны час — па вечарах і выходных — каворкінг ператвараецца ў оўпэн спэйс, і тут могуць праводзіцца адукацыйныя курсы, сустрэчы, семінары, тэматычныя кінапрагляды і г. д.
-
Канферэнц-зала, разлічаная на 12 чалавек. Памяшканне абсталяванае вялікім тэлевізарам, таму тут таксама можна ладзіць прафесійныя сустрэчы, прэзентацыі і прагляды.
-
Два колбоксы з добрай гукаізаляцыяй, у якіх можна ў цішыні паразмаўляць па аўдыя-відэасувязі, нешта начытаць на мікрафон, калі чалавек працуе з аўдыяфарматам.
— Для беларусаў, звязаных з беларускім медыясектарам, «Медыя Хаб» прапаноўвае звышвыгодныя ўмовы карыстання. Напрыклад, пра каворкінг: для беларускіх медыйшчыкаў працоўнае месца будзе каштаваць ў 6 разоў танней, чым сярэдні кошт на такія паслугі ў Батумі. А канферэнц-залай можна будзе скарыстацца ў тым ліку і бясплатна. Напрыклад, калі да нас прыйдзе калектыў нейкай рэдакцыі і захоча правесці тут, скажам, унутраную сустрэчу з мэтай цімбілдзінгу, мы можам прапанаваць памяшканне бясплатна на ўвесь дзень некалькі разоў на месяц, — распавядае Антон Сурапін.
Не толькі працоўнае месца, але і свой асяродак
У «Медыя Хабе» ёсць магчымасць выпіць кавы/гарбаты, але гэта не бясплатна.
— І за каву, і за ваду, святло нам трэба плаціць, таму, на жаль, прынамсі пакуль мы вымушаныя браць на гэта грошы ў наведнікаў, — зазначае Антон Сурапін.
Каворкінг у «Медыя Хабе» адчынены з 10.00 да 19.00 па працоўных днях.
— Мы вызначылі гэты час з разліку, што шмат хто з беларускіх медыйшчыкаў працуе на Беларусь, жыве паводле беларускага часу, а 10‑й па Батумі — гэта а 9‑й па Беларусі, наўрад ці шмат хто пачынае працу раней ці гатовы ў такую рань выходзіць з дома, — усміхаючыся, кажа Антон. І дадае сур’ёзна: — Але на практыцы мы будзем глядзець, як людзям зручна, і тады будзем карэктаваць час працы.
Працоўнае месца і іншыя паслугі неўзабаве трэба будзе рэзерваваць праз адміністратара тэлеграм-канала «Медыя Хаба».
— Цяпер мы гэтага не просім, бо пакуль няма наплыву людзей і мы працуем у тэставым рэжыме, — зазначае сузаснавальнік прасторы. — Але калі людзей стане больш, мы выйдзем на паўнавартасную працу, рэзервацыя будзе неабходная. Вядома, можна будзе прыйсці і проста з вуліцы, праўда, тады не будзе гарантыі, што для вас хопіць месца. Мяркую, цягам двух тыдняў мы зразумеем, якая ў нас будзе загрузка і ўвядзем рэзервацыю.
Як атрымаць зніжку?
На працу ў каворкінгу для беларускіх медыйшчыкаў прадстаўляецца добрая зніжка.
— Калі прыйсці ў іншы каворкінг у Батумі, беларускаму журналісту давядзецца заплаціць за дзень працы ў сярэднім 30 лары — гэта прыкладна € 11, — кажа сузаснавальнік «Медыя Хаба». — У нас кошт — 5 лары — гэта менш за € 2. За гэтыя грошы чалавек атрымлівае хуткасны інтэрнэт, утульнае працоўнае месца, святло — гэта немалаважна, бо ў Батумі даволі часта адключаецца электрычнасць у кватэрах калег. І што вельмі важна — тут свой асяродак, тут беларускі журналіст будзе сярод калег з іншых медыяў.
Каб атрымаць зніжку, трэба прайсці верыфікацыю — неяк даказаць, што ты беларускі незалежны журналіст.
— З большага мы тут ведаем сваю мэтавую аўдыторыю асабіста, — зазначае Антон. — Але калі прыйдзе невядомы чалавек, ён можа паказаць ці свае публікацыі, ці пасведчанне нейкай арганізацыі, напрыклад, Міжнароднай федэрацыі журналістаў. Тое будзе сведчыць, што гэта наш чалавек, які мае права на зніжку.
Чытайце яшчэ:
Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе заведама ілжывых звестак»
Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве
Затрымалі прадпрымальніка і заснавальніка баранавіцкай газеты «Шаг»