• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве

    Што рабіць, калі знаходзіш свабодную нішу на медыйным рынку? І акурат у гэты час цябе звольнілі з працы за грамадска-палітычную дзейнасць? Сабраць ідэйных аднадумцаў і арганізаваць зін – у нашым выпадку зін PAMYŁKA, які папулярызуе навуку.

    Размаўляем са Святланай Воўчак, якая ўмее ствараць грамадскія праекты і менеджарыць супольнасці.

    — Зін — ад mag­a­zine, то бок часопіс, але некамерцыйны. Мне падабаецца сама ідэя, калі людзі супольнасці для сябе робяць часопіс. Зусім іншая справа, калі робяць выданне, каб яно было крутым і прыгожым, і ўсе яго куплялі. Наша мэта ў стварэнні супольнасці. На мой погляд, людзі, якія хочуць займацца навукай на беларускай мове, гэта вузкае кола, можна сказаць, што субкультура, пэўная меншасць. Таму я і прапанавала ідэю, якая б падкрэсліла гэта. І мы будзем выкарыстоўваць перавагі таго, што робяць меншасці.

    Звычайна зіны выдавалі анархісты, футбольныя фанаты. Субкультура — людзі, якія адмежаваныя ад большасці і маюць сваю мэту. І раз у нас няма навукі па-беларуску, то можам пачаць яе пазіцыянаванне як субкультуры. Пасля гэта можа пашырыцца, інстытуалізавацца, стаць часткай грамадства.

    — Чаму PAMYŁKA?

    — Асноўны наш прынцып — хто нешта робіць, той і прымае рашэнні. Мы збіралі варыянты назвы, была ідэя «Памылка вымярэння», што ў выніку і скарацілася да назвы PAMYŁKA. І яна знайшла сваю канцэптуальную думку. У тым сэнсе, што беларускае грамадства досыць закамплексаванае. Я зараз выказваю ўласныя меркаванні. У цэлым межы даволі закрытыя, не ўсе могуць ездзіць глядзець свет, у маім юнацтве, напрыклад, такой магчымасці не было.

    Гэтая закамплексаванасць мае асаблівасць: людзі ў Беларусі цікавыя, разумныя, таленавітыя. І гэта вядзе да перфекцыянізму, яны хочуць рабіць супер-пупер. І гэты перфекцыянізм часам перашкаджае ў сацыяльных зменах.

    Чалавек думае: спачатку трэба нешта зрабіць ідэальна, і толькі потым можна пра гэта распавесці. І гэтай назвай — «памылка» — мы хацелі б зняць напругу. Мы хочам сказаць, што памыляюцца ўсе, можна нешта рабіць і рабіць з памылкамі. Галоўнае пачынаць і крок за крокам рабіць. Калі нехта захоча напісаць артыкул ці намаляваць ілюстрацыю, ён мусіць не баяцца гэта прапанаваць.

    Мы закранаем гэтым яшчэ і праблему навукі ва ўсім свеце. Навуковае кола так забюракрытазавалася, што змясцілася мэта: ад пазнання свету на тое, каб знайсці грант і хадзіць на работу ў лабараторыю. Атрымліваецца, што мусіць паўстаць новае кола людзей, для якіх пазнаваць свет — большая мэта, чым быць навукоўцам дзеля статусу.

    Ёсць ідэя стварыць сталыя рубрыкі, калі выкрышталізуюцца аўтары. Пакуль у нас невялікае ядро валанцёраў. Нехта выбраў напісаць пра навукоўцаў, я падтрымліваю тэму фізікі, бо я выкладчыца фізікі, папулярызую фізіку, мне падабаюцца тэорыі ХХ стагоддзя. Гэта мой фокус увагі. Адзін з аўтараў зацікавіўся тэмаю гравітацыйных батарэй — гэта даволі новая плынь. Іншы аўтар напісаў пра архітэктуру і як будынкі ўзводзілі ў Старажытнай Грэцыі, гэта больш пра матэматыку, фізіку. Агулам негуманітарныя навукі, але мы адкрытыя, калі нехта прапануе тэмы на мяжы натуральных, тэхнічных, гуманітарных навук. Калі збярэцца дзесяць артыкулаў, зробім чарговы нумар.

    — Раскажыце пра саму задуму? Навукова-папулярны самвыдат па-беларуску — не самая відавочная ідэя.

    — Мы не рабілі даследаванняў аўдыторыі. За час маёй працы ва ўніверсітэце ў мяне накапілася інфармацыя пра тое, што ведаюць студэнты, што ведаюць выкладчыкі, як яны падаюць інфармацыю. І аднойчы калега Юрый Адамаў у размове звярнуў увагу, што няма часопіса па-беларуску пра фізіку, натуральныя навукі. І сапраўды няма нічога такога.

    Вось гэта разуменне, што няма, і падштурхнула зрабіць самім. Калі я пачала размаўляць са знаёмымі, шмат каму гэта адгукнулася — людзі выклікаліся рабіць дызайн, пісаць матэрыялы.

    У мяне шмат гадоў працы ў грамадскіх праектах, таму я ведаю, як бывае цяжка давесці, чаму тая ці іншая ідэя патрэбная, важная. У гэтым жа выпадку ўсё было наадварот: людзі падхоплівалі ідэю самі. Гэта ж тычыцца і размоў з патэнцыйнымі чытачамі — я пачула шмат зацікаўленых меркаванняў.

    Яшчэ такі момант: мяне звольнілі з універсітэту, стала зразумела, што працу я не знайду ў бліжэйшы час у Беларусі, то бок мушу сама сабе стварыць працоўнае месца — як барон Мюнхаўзен выцягнуць саму сябе за валасы з балота.

    Першы нумар мы рабілі прыкладна год. Гэта было няспешна: не было грошай, таму не было і дэдлайнаў. Гэта праект з нулявым бюджэтам. Але цяпер мы аб’явілі краўдфандынг, бо мяркуем, што файна, калі грамадства падтрымлівае праект, гэта гаворыць пра ўстойлівасць. Ужо назбіралі пэўную суму, таму будзе магчымасць узнагародзіць датычных да стварэння зіна людзей. Адзін з сябраў нашай каманды Юра Адамаў, пра яго расказвала раней, затрыманы. Мы пастанавілі падтрымаць Юру на суму 1000 еўраў з нашых данатаў.

    Так склалася, што каманда — гэта людзі з вялікім досведам у іншых сферах. Відаць, таму і атрымалася добрая якасць. Плюс, як і казала, беларусы таленавітыя і творчыя ды схільныя да перфекцыянізму. Мы — супольнасць, людзі, якія камунікуюць, а часопіс — кропка, якая аб’ядноўвае.

    Часопіс друкуе знаёмая ініцыятыва на A3-прынтары, у гэтым таксама яго ідэя — даступны прадукт, які перадае інфармацыю.

    — Ці шырокаму колу зразумела, пра што тэксты? Яны напісаныя для непадрыхтаванага чытача?

    — Такое жаданне было ў аўтараў. Таму нам важная зваротная сувязь, каб людзі каментавалі, што яны зразумелі, а што не. Гэта ўвогуле вялікая наша праблема — зваротная сувязь. Я працавала ва ўніверсітэце і магу сказаць, што дакладна так жа студэнты могуць хадзіць на лекцыі, але не ўмеюць даваць зваротную сувязь і выкладчык не ведае, ці зразумелі яго ўвогуле. Мы б хацелі стварыць поле, дзе людзі змогуць свабодна задаваць пытанні, не баяцца, калі яны нешта не зразумелі, хацелі б распачаць такі дыялог.

    У Беларусі мала было такіх праектаў, як публічныя лекцыі. Не было асяроддзя і культуры абмяркоўваць нешта, ва ўніверсітэце тое ж самае — ніхто ні ў каго нічога не пытаецца.

    — Аднаго з вашых аўтараў Юрыя Адамава затрымалі. Гісторыя цяпер хутчэй тыповая, чым рэдкая. Што вы ведаеце?

    — Юра заставаўся ў Беларусі, я ўжо на той момант з’ехала, бо адчувала небяспеку. З ім прапала сувязь, пазней мы выйшлі на яго сваякоў, даведаліся, што ён у СІЗА на Валадарскага, а значыць ёсць крымінальная справа, а з БТ даведаліся, што яго абвінавачваюць у ахвяраваннях на BySol.

    Юра вельмі сціплы і ў той жа час вельмі разумны чалавек. Ён вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыку (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Post­doc­tor­al-даследаванне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лікавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэмаў. І яшчэ адно Post­doc­tor­al-даследаванне ў тэорыі фізікі кандэнсаваных станаў у Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).

    Гэта вельмі разумны чалавек і дзіва тое, што ён жыў у Беларусі. А яшчэ і хацеў развіваць нешта, звязанае з навукаю. Гэта толькі падкрэслівае, які ён круты.

     

     

    — Вы былі выкладчыцаю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, удзельнічалі ў стварэнні страйкаму БДУ. У выніку развіцця падзей з’ехалі за мяжу.

    — Так, я збірала подпісы сярод выкладчыкаў БДУ пад петыцыяй з палітычнымі патрабаваннямі на імя рэктара. Аўтары петыцыі запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту, неадкладнага вызвалення палітвязняў, адстаўкі Цэнтарвыбаркаму і правядзення паўторных выбараў. У пераходзе побач з корпусам БДУ за дзве гадзіны мы сабралі 300 подпісаў рэальных людзей. Мы хацелі скарыстацца правам на забастоўку. Але перад 1 верасня 2020 года мяне і мужа затрымалі, пасадзілі на «суткі» і звольнілі. Пасля гэтага я зразумела, што адукацыі па-за дзяржаўнай фактычна няма, вакансіі для сябе я не знайшла. Мы пераехалі ў вёску, трымалі пчол, аднаўлялі старую дзедаву хату — усё па Горвату.

    Падавалася, што раз я не займаюся нейкай дзейнасцю, то не будуць чапаць. Але раз я і жыву і маю іншае меркаванне — гэта ўжо акт пратэсту.

    І таму нас затрымлівалі яшчэ два разу, без нейкай прычыны. Саджалі на суткі, бо раз прыйшлі з вобшукам, то трэба ж і за нешта пасадзіць. Восенню мінулага года мы з мужам у трэці раз адбывалі арышт. Мы адчувалі, што з вялікай верагоднасцю да нас зноў прыйдуць. Вельмі нязручна, што кожны раз забіраюць тэхніку, а грошай, каб пасля кожнага вобшуку набываць новы кампутар-тэлефон няма, прасіць у сяброў — таксама не выхад. Таму мы вырашылі, што лепш пакуль з’ехаць. Узялі ката і сабаку, вулеі з пчоламі аддалі сябрам і прыехалі ў Польшчу. Здымаць кватэру ў Варшаве дорага, таму жывём у вёсцы.

    — Ці плануеце шукаць сябе ў навуцы ў Польшчы?

    — Я не ведаю польскай мовы, у мяне ніколі не было мэты з’язджаць з Беларусі. Таму пакуль шукаю магчымасці. Да слова, праект з зінам атрымаўся і таму, што ў мяне няма працы, ёсць час, каб займацца часопісам.

    — Вы з’ехалі з Беларусі напрыканцы мінулага года. Якія змены заўважылі ў краіне, людзях за гэты час?

    — Я магу разважаць, як грамадская актывістка. З 2009 года я займалася рознымі грамадскімі, сацыяльнымі праектамі і магу сказаць, што даволі складана было тлумачыць, чаму гэта важна, чаму важна, каб працэсы кіравання былі празрыстымі, чаму важная незалежнасць дзяржавы і гэтак далей. Шмат людзей гэтага не разумелі і цяпер шмат хто не разумее., Было складна шукаць валанцёраў. Я стамілася моцна ад грамадскай працы. І тут пачаўся 2020-ты. Нарэшце я пабачыла, як людзі сталі іншымі: хлопцы і дзяўчаты, якія ніяк не звязаныя з палітычнай ці грамадскай дзейнасцю, яны і не разумеюць, што гэта, калі спытаць.

    І разумееш, што гэта аграмадная энергія, якая накапілася ў людзей, у людзей, якія хочуць жыць у іншых умовах, яны не прымаюць тое, што ёсць. Гэта, безумоўна, было і вынікам працы грамадскіх арганізацый, гэта вынік, які ты змог пабачыць праз нейкі час, не адразу. Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок.

    Заўважу, пасля 2020 года мне намнога лягчэй было тлумачыць, што такое грамадскі актывізм. Я была вельмі шчаслівая назіраць усіх гэтых людзей, не здарма я столькі валанцёрыла. Я разумею, што гэта крыху жартоўна і для гэтых людзей усё выглядала інакш. Многія з іх першы раз рабілі нешта такое, таму для іх гэта было вельмі важна. А ты ўжо шмат працы зрабіў і глядзеў з іншага ракурсу. Вялікі рух, вялікая салідарнасць. Шмат людзей нам дапамагалі, калі нас затрымлівалі. Вядома, ёсць людзі, якія гатовыя жыць так, як ёсць.

    З пункту фізікі — гэта энергія, якая вызвалілася. Каб падавіць гэтую энергію, людзей праводзяць праз рэпрэсіі, вымушаюць з’язджаць. Але ў выніку шмат хто сыходзіць у падполле. Адчуваецца, што энергія ёсць. Беларускія людзі — крутыя, вялікая салідарнасць. Проста пра гэта не гавораць публічна, усё падпольна.

    Шмат хто робіць стваральную працу, але яны разумеюць, што іх пазбавілі голасу, магчымасці выказвацца. Грамадскія змены не робяцца хутка. Напэўна, я і не лічу, што хуткія змены прывядуць да добрага выніку. Таму ўсё дзе сваёй чаргою.

    Як атрымаць зін? #pamylkazin

    1. Зрабіць данат на сайце. І з’явіцца лінк на спампоўку PDF-версіі.

    2. Зрабіць данат на друкаваную версію і атрымаць зін праз пошту.

    3. Калі ў вас няма магчымасці зрабіць данат, то напішыце на мейл, і рэдакцыя дашле вам яго бясплатна: pamylka.zin@gmail.com

    Зін і так свабодна распаўсюджваецца, але рэдакцыя збірае данат, бо, як сказаў Фрыдрых Ніцшэ, толькі «з ацэньвання нараджаецца каштоўнасць».

    Чытайце яшчэ:

    Слуцкае выданне «Інфа-Кур’ер» закрыла свой тэлеграм-канал

    Думать полезно: ограничения для беларусов Литвы, безопасность и права эмигрантов. ВИДЕО

    «Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці