«Ездзіў па Беларусі і шалёна ўсё здымаў: разумеў — гэта апошняе лета». Гутарым з журналістам Алесем Залеўскім
Алесь Залеўскі — некалі вядоўца і журналіст «Белсата», потым — праграмы БелаПАН «Пока свободны», прадзюсар, дакументаліст, з восені 2021 года жыве ў Грузіі. Сёлета разам з калегамі ён адкрыў у Батумі прастору для медыйшчыкаў і крэатыўшчыкаў «Медыяхаб», а таксама разам з камандай запускае YouTube-канал.
БАЖ пагаварыў з Алесем пра пераезд, адаптацыю і працу ў Грузіі, беларускую журналістыку ў эміграцыі.
«Захацелася паглядзець, што ж будзе ў выніку»
— Алесь, калі ты прыехаў у Грузію?
— У кастрычніку 2021 года. Я доўга пратрымаўся ў Беларусі. Прычым працаваў увесь час. Я ведаў, што пакуль мы ў Беларусі, трэба здымаць штодня. Мы выязджалі з Мінска на тыдзень і ехалі ў Полацк, Магілёў, на Палессе, Наваградак і шалёна ўсё здымалі для розных праектаў. Я разумеў, што гэта апошняе лета ў Беларусі, і ўсё, што мы тут возьмем, застанецца на ўсё жыццё.
Мы з жонкай не хацелі з’язджаць, да апошняга спадзяваліся, што на хутары, дзе мы жылі, атрымаецца перачакаць. Хоць насамрэч усё, што адбывалася, можна было прадбачыць. Я некалі яшчэ ва ўніверсітэце на экзамене казаў, што і вайна ў тым ліку будзе. (Алесь скончыў універсітэт сацыяльных навук Collegium civitas у Варшаве і атрымаў ступень магістра палітычных навук — рэд.)
Мы жылі на хутары паміж Мінскам і Вільняй. Калі толькі пераехалі туды, у 2018–19 гадах, я разумеў, што такога шчаслівага жыцця, як тады, у нас, магчыма, ужо не будзе. Бо гэта была поўная ідылія. З аднаго боку я займаўся любімай справай — дакументалістыкай. З іншага — быў дома, з сям’ёй, на радзіме. Мы былі вельмі шчаслівыя.
Улетку 2020 года абвастрылася адчуванне рызыкі вайны, што ў выпадку адхілення ад улады ці пагрозы для Лукашэнкі Расія ўвядзе войскі ў Беларусь. На ўсялякі выпадак мы зрабілі візы. Я ведаў усе дарогі ад майго дома да Літвы, і што мы можам там быць цягам 40 хвілін.
Але ўрэшце атрымалася так, што ты нібыта сядзіш у акопе, а снарады ўсё міма пралятаюць. І захацелася паглядзець да канца, што ж будзе.
«Я перайшоў чырвоную рысу — зрабіў інтэрв’ю з Ціханоўскай»
— Але ўсё ж такі даглядзець да канца не атрымалася. У які момант ты зразумеў, што трэба з’ехаць?
— Апошнія тры гады я займаўся дакументалістыкай. У жніўні-верасні 2021 года двух чалавек з маёй каманды пасадзілі. Я працягваў чакаць. Тады ж пачалася атака іншага кшталту — на мяне і іншых асоб, якія яшчэ заставаліся і працавалі ў Беларусі. Праз эміграцыйныя суполкі пачалі распаўсюджвацца чуткі, маўляў, мы — агенты КДБ.
Канкрэтна ж падзеяй, пасля якой стала зразумела, што лепш на некаторы час з’ехаць, быў фільм пра Беларусь, які я здымаў для YouTube-канала расійскага блогера Іллі Варламава. За тры дні да рэлізу мы размаўлялі з жонкай, што рабіць: сядзець у хаце з дзецьмі і чакаць, калі прыйдуць? Хоць фільм бяскрыўдны, але я перайшоў чырвоную рысу — зрабіў інтэрв’ю з Ціханоўскай. Мы пачалі думаць, куды. Хутчэй і прасцей было ў Грузію. Акрамя таго, у Батумі ўжо былі знаёмыя і нейкі сфармаваны асяродак для нашых дзяцей.
Мы прыляцелі, а праз тыдзень арыштавалі Ірыну Слаўнікаву і Паўла Белавуса — апошніх людзей, з якімі я быў на сувязі ў Беларусі. Потым «Белсат» і БелаПАН прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Я зразумеў, што вяртацца мне нельга.
«Першыя чатыры месяцы ў Грузіі мяне хістала і раскідвала ў розныя бакі»
— Як ты адчуваў сябе ў першы час у Батумі?
— Я быў на адрэналіне, не зусім адэкватным. Сустракаў людзей і ўсё ім расказваў, бо ў Беларусі прызвычаіўся, што трэба маўчаць, не давяраць. Чатыры месяцы мяне тут хістала і раскідвала ў розныя бакі. Толькі праз чатыры месяцы я пачаў думаць, што рабіць далей.
Першы час у мяне не было працы, мы жылі на ашчаджэнні. Маімі асноўнымі кліентамі былі заходнія канторы, якія прадаюць відэа для канала Discovery. Пару прадуктаў на год мне хапала, каб спакойна жыць. Да таго ж, гэта была проста казачная самарэалізацыя — мы здымалі тое, пра што можа толькі марыць журналіст, кінадакументаліст. Але яшчэ ўлетку 2021 года пачаліся санкцыі, і са мной больш не маглі падпісваць дамовы.
Я працягваў рабіць медыйную дакументалістыку. Але калі медыі адно за другім пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі, працягваць працу стала немагчыма.
Праз чатыры месяцы ў Батумі я пачаў пітчыць ідэю «Медыяхаба». У той жа час ад знаёмай арт-менеджаркі пачуў, што пасля 2020 года яна не бярэ ў каманду чалавека, пакуль ён не пройдзе курс псіхатэрапіі. Вось так я і пачаў «падымацца з кален» — пайшоў у псіхатэрапію, якая ўвяла мяне ў баланс. Я зразумеў, што мне трэба было дапамагчы сабе, стварыць камфорт і толькі потым думаць пра нейкія праекты.
— А як сям’я? Дзеці? Ці лёгка ім было пачаць новае жыццё на новым месцы?
— Для дзяцей страта дому стала каласальнай траўмай. Дачка першыя месяцы баялася, што забудзе дом, перастане верыць, што ён у нас быў, што мы там насамрэч жылі. У нас заняло шмат сіл пераканаць яе, што так, гэта быў файны час у жыцці, і мы абавязкова туды вернемся, бо гэта ўсё наша, яно нікуды не дзенецца, гэта наш падмурак. Мы казалі: і цяпер у нас таксама файны час будзе, давай будзем узгадваць пра той час і файна жыць у гэтым, каб пасля, калі штосьці іншае будзе, мы маглі б і пра гэты час добра згадваць, дзе б мы ні былі.
Сын надоечы сказаў: «Я сатру з твару зямлі таго, хто знішчыць наш хутар». Каб з гэтым справіцца, мы вадзілі дзяцей да псіхолага на арт-тэрапію. Там яны малявалі дом.
— Вы не прадалі свой дом у Беларусі?
— Не, і не збіраемся. Для мяне вельмі важна, што ў нас ёсць дом, што дзеці ведаюць, што такое — Радзіма. І я спадзяюся туды вярнуцца. Хоць не выключаю, што на мяжы з Беларуссю вырасце сцяна ва ўсіх сэнсах, і тады давядзецца думаць, дзе будаваць новы дом, прынамсі на нейкі час. Тут шмат што будзе залежыць ад Захаду, Еўропы — ці захочуць яны раз і назаўсёды разабрацца з усходнеславянскім вузлом, ці прасцей будзе пабудаваць сцяну. Пакуль што я бачу, на жаль, усё ідзе ў бок сцяны.
«Мы стварылі «Медыяхаб», каб беларускія медыйшчыкі ў Батумі маглі працягваць працу»
— Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра «Медыяхаб». Ты прыступіў да рэалізацыі гэтай ідэі пасля курса псіхатэрапіі?
— Я правёў 3–4 пічынгі, перш чым знайсці партнёраў. Гэта і было своеасаблівай тэрапіяй — я сустракаўся з іншымі людзьмі і ідэямі, меў фідбэк на свае. Дарэчы, тады я якраз і пераканаўся ў слушнасці падыходу сяброўкі адносна тэрапіі. У выніку знайшлі падтрымку на першыя патрэбы. Я хацеў найперш зрабіць месца для працы, інфраструктуру, дзе можна было б ствараць медыяпрадукты. У Батумі цяпер жыве таксама журналіст Антон Сурапін, які марыў пра каворкінг, месца для івэнтаў. Мы аб’ядналіся, зарэгістравалі арганізацыю і ўзяліся за працу. Але раптам усё завісла — узніклі праблемы з дастаўкай сюды мэблі, тэхнікі. Калі зусім апускаліся рукі, мяне заахвочваў Андрэй Аляксандраў, калі ад яго яшчэ даходзілі лісты. Неяк ён напісаў:
«Тут я зразумеў, што ў любых умовах можна быць эфектыўным». Калі ён такое піша з турмы, чаго мне ныць?
І вось мы сваімі рукамі зрабілі тут рамонт, з вялікімі цяжкасцямі, але вырашылі пытанне з тэхнікай, і цяпер «Медыяхаб» — крэатыўная вытворчая прастора — гатовы прымаць гасцей.
— Для каго вы працуеце?
— Пасля таго, як большасць медыяў з’ехалі з Беларусі, паўстала праблема — як дастаўляць туды інфармацыю? Эфектыўнымі каналамі застаюцца YouTube і мультымедыйныя платформы. Каб беларускія медыйшчыкі маглі працягваць працу і не губляць сувязь з аўдыторыяй, мы стварылі гэтае месца.
У нас можна цалкам бясплатна зрабіць пілотны відэа- ці аўдыяпрадукт, з якім можна ісці далей да донараў, інвестараў, кліентаў. Найчасцей гэта асноўная праблема для медыйшчыкаў / крэатыўшчыкаў у выгнанні — адсутнасць інфраструктуры і каманды, якая б цябе магла падтрымаць.
У нас ёсць і камерцыйная прапанова для блогераў, піяршчыкаў, кіношнікаў. У сярэднім вытворчасць у нас абыдзецца ім на 30% ніжэй за рынак.
Але асноўны праект студыі — чым я займаюся і дзеля чаго ўсё гэта раблю — YouTube-канал «Вольны». Ці «Фрывольны» — мы дагэтуль спрачаемся ў камандзе, таму пакуль карыстаемся рознымі версіямі назвы.
«Трэба выходзіць з посттраўматычнай апатыі ў ідэі»
— Навошта беларусам, на тваю думку, патрэбны яшчэ адзін YouTube-канал, які робіцца за мяжой? Ці не станеце вы чарговым эмігранцкім медыя з усё меншым разуменнем таго, што адбываецца ў Беларусі?
— Так, мы не разумеем, што адбываецца ў Беларусі. Нават унутры краіны мала хто разумее. І мы, хутчэй за ўсё, станем эмігранцкім медыя. Але гэта на праблема на цяперашнім этапе. Сёння нам трэба чуць галасы хаця б тых, хто можа казаць — хто не баіцца, знаходзіцца на волі, у бяспецы ці не надта… Толькі ў сугуччы нашая сіла.
80 ці нават 90% нашых медыяў цяпер знаходзяцца ў Вільні ці Варшаве. Ёсць рызыка, стаць часткай знешняй палітыкі дзяржаў, якія нас і маіх калег прытулілі. Уплыў на ментальнасць, на фокус непазбежны. Я спадзяюся, што нам адсюль з Грузіі атрымаецца крыху інакш глядзець на падзеі, і нашая перспектыва будзе адрознай ад варшаўскай ці віленскай, а таксама што яна будзе дапаўняць тыя перспектывы, што ўжо ёсць. Я спадзяюся, што мы ўсе разам будзем фармаваць наш новы супольны беларускі дыскурс, які разбурылі падзеі апошніх гадоў. У нас шмат ідэй на дыстанцыйную медыявытворчасць з калегамі і сябрамі ва ўсіх цэнтрах беларускай эміграцыі.
— Якія тэмы будуць абмяркоўвацца на тваім YouTube-канале?
— Асновай будзе рэфлексія. Я хачу дзякуючы гэтаму праекту для сябе лепш зразумець, што рабіць маёй сям’і, як планаваць жыццё. І я ўпэўнены, што такіх шмат, каму патрэбная не прапаганда ці чарговая пераможная стратэгія апазіцыі, а разуменне рызык, планаванне будучыні, інфармацыя, каб хоць па фрагментах сабраць рэальны расклад у рэгіёне.
Беларусы сёння больш ведаюць пра падзеі ва Украіне і Расіі. Так, важна зразумець расейцаў, логіку Крамля, сітуацыю ва Украіне, таму што Украіна магла б быць нашым будучым асноўным саюзнікам. Але без разумення нас саміх, без агульнага інфармацыйнага дыскурсу, мы не зможам аб’яднаць нашыя сілы і магчымасці.
Аналітык Вадзім Мажэйка будзе ў нас распавядаць пра ўнутраную палітыку, аналітык і даследчык Павел Мацукевіч у сваёй праграме «Мидосмотр» — пра знешнюю. Таксама будзе ток-шоу пра сённяшнія выклікі беларусам — культурныя, цывілізацыйныя. Пакуль што мы стварылі тэставы прадукт, а 26 сакавіка стартуем у жывым эфіры. Я ўвогуле хачу ўсё рабіць ужывую, а таксама ёсць ідэі культурных прадуктаў.
Агулам я б хацеў, каб да нас прыходзілі з ідэямі, каб «Медыяхаб» стаў пунктам збору ідэй. Бо нам трэба нарэшце выходзіць з постдэпрэсіўнай, посттраўматычнай апатыі ў ідэі. У Беларусі немагчыма было думаць ідэямі, крэатывіць. Памятаю, як механічна штосьці рабіў, здымаў, крэатыўнасць не працавала — яе забіваў страх.
«Мы паставілі дырэктарам грузіна, але рахунак усё роўна не адкрылі»
— Як працуецца беларускаму журналісту ў Грузіі?
— Мы тут у Батумі пакуль, як у аэрапорце. Чакаем, калі на табло з’явіцца надпіс — ці можам мы вяртацца ў сваю краіну, ці трэба шукаць нейкае іншае месца. Але пакуль мы чакаем, мы працуем, гуляем уздоўж мора ў добрае надвор’е, ці пад батумскім дажджом, як цяпер.
Грузія неідэальная, як і любая краіна, у якой я быў. Усё можа змяніцца ў раскладах на заўтра, але я б вельмі хацеў вярнуцца дадому з Грузіі.
— Што ты адчуваў, калі ў Грузіі адбываліся падзеі вакол закона пра замежных агентаў? Ці не было трывогі, што гэта можа ўдарыць па беларускіх медыйшчыках?
— Нам і без таго тут акрэслілі межы — напрыклад, банкаўскі рахунак не адкрылі. Мы ўсе банкі абышлі і ўсяляк спрабавалі, але паколькі бенефіцыяры — беларусы, нам адмовілі. Мы знайшлі выйсце і працуем, але афіцыйнага грузінскага рахунка на арганізацыю так і не атрымалі. Мы нават запусцілі трэк з калегамі-праваабаронцамі з Тбілісі, каб праз нацбанк дамагчыся адкрыцця рахунка, але пакуль не стартуем, бо не хочам падкідваць дровы ў вогнішча на фоне таго, што адбываецца.
Калі казаць пра закон пра замежных агентаў, то я разумею неабходнасць у рэгуляцыях у сітуацыі, калі ў тваю краіну раптам прыехалі сотні тысяч людзей, якія раптам пачалі адкрываць бізнесы, арганізацыі, рахункі і г. д. Магчыма, нам не рэгіструюць банкаўскі рахунак менавіта праз тое, што няма разумення, сістэмы ці падыходу. Фармальна я магу зразумець, навошта такі закон спатрэбіўся, але зроблена ўсё было досыць правакатыўна — і па форме, і па змесце. Будзем назіраць далей.
— Алесь, як ты думаеш, якой беларуская журналістыка выйдзе з усяго гэтага, што вынесе з раскіданасці па розных краінах, немагчымасці працаваць унутры Беларусі?
— Беларуская журналістыка ўжо столькі цяжкіх часоў перажыла, і гэта таксама перажыве. Бо ў нас ужо былі напрацаваныя механізмы працы з‑за мяжы — той жа «Белсат». Мы ўмеем працаваць на адлегласці з крыніцамі ў Беларусі.
Я з 2007 года ў журналістыцы, я працаваў у Беларусі, на беларускай мове. Я памятаю, як у 2008 годзе, калі «Белсат» толькі пачынаў працаваць, нам казалі: хто вас будзе разумець на беларускай мове? Я памятаю крытыку. А таксама памятаю ў 2020 годзе сотні тысяч людзей са сцягамі. Тады стала зразумела, дзеля чаго гэта ўсё было.
Цяпер нам зноў трэба пачынаць спачатку, але ўжо на новым вітку спіралі. І я ўпэўнены, што мы дадзім новую якасць. Я цяпер пачынаю ўжо чацвёрты медыяпраект — да гэтага быў «Белсат», «Людскія справы», «Пока свободны». І калі трэба будзе, пачну і пяты, і шосты. Трэба працягваць працаваць, пры гэтым прыняць, што перамога будзе пазней, магчыма, не так, як мы думалі, але яна дакладна будзе. Калі мы не апусцім рукі.
Чытайце яшчэ:
«Цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць». Пагаварылі з калегамі, якія сышлі з журналістыкі
Умоўныя мукавозчыкі супраць умоўных марзалюкоў. Пра што сведчыць спрэчка сярод прапагандыстаў?
Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг