• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць». Пагаварылі з калегамі, якія сышлі з журналістыкі

    «Журналістыка — не прафесія, а светапогляд і лад жыцця», — не раз прыходзілася чуць ад калег. Відаць, таму сысці з журналістыкі няпроста. З цяжкасцю, але аўтар БАЖ знайшоў такіх асобаў і пагутарыў пра прычыны сыходу і жаданні або нежаданні вярнуцца ў прафесію. Мы называем суразмоўцаў так, як яны самі папрасілі.

    Алеся з Палесся: Журналісцкія навыкі з маёй галавы нікуды не падзеліся

    — Я працавала як журналіст-фрылансер, часцей сама абірала тэмы, якія мне цікавыя. Таму гэта была прыемная і любімая праца. Не магу сказаць, што быў нейкі дзень ці момант, калі я сышла з журналістыкі. Гэта адбывалася паволі: спачатку адзін сайт, на які я пісала, заблакавалі. Пасля другі стаў экстрэмісцкім, пазней перастала выходзіць папяровая газета яшчэ аднаго выдання. І так паступова журналістыка ў маім жыцці сышла на нуль. Я гэта ўспрымаю як часовую вымушаную паўзу. Мне цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць.

    Паколькі ў мяне паралельна заўсёды была другая праца — выкладанне замежных моў, — то я пераключылася на яе.

    Ахвотных вывучаць мовы цяпер столькі, што можна заняць урокамі сваё жыццё 24 на 7, калі ёсць жаданне. Таму з голаду пухнуць не пачну без журналістыкі.

    Некалькі разоў чула ад розных людзей, якія ведалі пра маю журналісцкую працу, пытанні ў стылі «Ты як, па-ранейшаму пішаш у такую-та газету?» А газета ўжо пару гадоў як не выходзіць. Кажаш ім пра гэта, а яны такія, з круглымі вачыма: «Не выходзіць ужо? Я і не заўважыла. А што сталася?». Не ведаю, плакаць ці смяяцца ў адказ на гэта.

    Мне цяжка быць адарванай ад журналісцкага асяроддзя і пастаяннага кантакту з калегамі. Журналісцкая супольнасць падарыла мне цудоўных сяброў, шмат прыгодаў і натхнення, шмат чаму навучыла і дапамагала развівацца. І калі я бачу, як калегі за мяжой аднаўляюць працу, мне адначасова і радасна за іх, і балюча, што яны робяць гэта не тут.

    Вядома, журналісцкія навыкі нікуды з маёй галавы не падзеліся. Таму цяпер я магу разгаварыць самага маўклівага студэнта. А яшчэ вельмі фільтрую навіны, якія пускаю ў сваю інфармацыйную прастору.

    Марына з Брэстчыны: Спрабавала працаваць у адукацыі, але вярнулся ў рэкламу ў медыя

    — У журналістыку я прыйшла не выпадкова. Са студэнцкіх гадоў пісала і публікавалася як пазаштатнік у розных газетах. Пачынала працаваць у адной недзяржаўнай газеце. Праз пару год працягнула ў іншай. У працы мне падабалася камунікаваць з людзьмі. Здавалася, што для журналіста няма межаў. А таксама вабіла праца ў камандзе аднадумцаў. Мы рабілі запатрабаваны на рынку інфармацыйны прадукт, нас чыталі, нам давяралі, да нас прыслухоўваліся.

    Заўсёды ў час працы ў газеце ў мяне само сабою атрымлівалася заўважаць рэкламныя магчымасці. Нярэдка я прыносіла ў рэдакцыю добрыя замовы. З развіццём выдання паўстала пытанне пра стварэнне ўласнага рэкламнага аддзела. Заняцца гэтым прапанавалі мне. Вось з той пары я амаль цалкам змяніла галіну дзейнасці і з карэспандэнтаў перайшла ў рэкламшчыкі. Пэўны час працягвала нешта пісаць па старой памяці.

    Журналісцкія веды і досвед дапамаглі прыдумляць тэксты, якія добра прадаваліся, загалоўкі для рэкламы.

    Пасля дзесяці гадоў працы з’явілася жаданне перамен, адчуванне, што тут ужо ўсё дасягнута. Захацелася рухацца ў іншых кірунках. Прыняла прапанову працаваць у рэкламным аддзеле на радыё. Цяпер я не пішу доўгіх артыкулаў. Толькі кароткія сцэнары для аўдыя- і відэарэкламы. Была спроба працаваць па сваёй спецыяльнасці па дыпломе ў адной з устаноў адукацыі, але нягледзячы на тое, што ўсё атрымлівалася нядрэнна, мне было нецікава. Праз паўгода я засумавала. І вярнулася ў рэкламу на радыё.

    Дзмітрый з Мінска: Вяртацца, нельга забыць

    — Журналістыка вабіла сваімі магчымасцямі быць адразу ва ўсіх працоўных іпастасях. Са школы падабалася рабіць ролікі, у тым ліку і школьныя навіны. Калі трапіў на дзяржаўнае тэлебачанне, доўга не мог гэтаму паверыць і прагна ўпіваўся ў любімую працу.

    Канечне, у любым калектыве важна, каб былі твае людзі — тыя, з кім можна абмеркаваць навіны або папрасіць дапамогі. На тэлебачанні — складана з гэтым, высокая канкурэнцыя. Нельга дакладна ведаць, хто насамрэч шчыры. Але гэта заўважаеш пасля. Тады заплюшчваў вочы і крочыў далей.

    У жніўні 2020 года пасля выбараў стала зразумела: не будзе а ні слова ў эфіры з таго, што насамрэч адбываецца на вуліцах сталіцы. Таму вырашыў не ўдзельнічаць у хлусні і сысці. Безумоўна, цяжка далося такое рашэнне, бо быў цалкам адданы прафесіі.

    На шчасце, далёка ад журналістыкі не адышоў. Працую ў маркетынгу, а некаторыя тонкасці прафесіі журналіста выкарыстоўваю і цяпер.

    Ці вяртацца ў прафесію? Вяртацца, нельга забыць. Для мяне навіны — той адрэналін, які іншыя шукаюць, гойсаючы з вышыні. Сёння рабіць у Беларусі годныя навіны практычна немагчыма. Будзем спадзявацца на вяртанне прафесіі ў краіну.

    Чытайце яшчэ:

    Умоўныя мукавозчыкі супраць умоўных марзалюкоў. Пра што сведчыць спрэчка сярод прапагандыстаў?

    Стало известно, когда огласят приговор по «делу TUT.BY»

    Улады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу Бахарэвіча, нумары часопіса «Наша Гісторыя» і таксама часопіс «Arche Пачатак»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці