Марафон салідарнасці працягваецца: палітзняволеных журналістаў падтрымалі ў Германіі
Былыя палітвязні кажуць, што кожнае слова падтрымкі, якое даносіцца з волі, надае сілаў і вельмі натхняе. Таму так важны марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі. На гэты раз ён прайшоў у Берліне.
У культурным берлінскім цэнтры сабраліся журналісты і дзеячы культуры з Германіі, Беларусі, Эрытрэі і Расеі.
У знак падтрымкі нашых калегаў, якія знаходзяцца за кратамі, удзельнікі акцыі ўзнялі іх партрэты. Нагадаем, цяпер у месцах несвабоды — больш за 30 прадстаўнікоў медыя.
Падчас мерапрыемства, якое было арганізавана літаратурнай платформай Weiter Schreiben і Інстытутам Гётэ ў выгнанні, прайшла сустрэча журналістак і паэтак Сабіны Брыло (Беларусь) і Йіргалем Фіссеха (Эрытрэя). Аўтарак аб’ядноўвае падобны лёс: дыктатура на радзіме і жыццё ў выгнанні.
У межах праекта Weiter Schreiben паэткі пісалі адна адной лісты, у якіх абменьваліся меркаваннямі аб катастрафічнай сітуацыі з правамі чалавека ў іх краінах. У перапісцы шмат болю, пакут і страху.
Нагадаем, марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі стартаваў у Вільні 3 траўня з сумеснай акцыі БАЖ і Саюза журналістаў Літвы.
Да прапановы ўжо далучыліся ў Швецыі, Фінляндыі, Даніі і іншых краінах.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist