• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Валошын: Беларусам таксама давядзецца зрабіць свой выбар, сказаць «пара»

    Вясной 2023 года аўтары ток-шоў «План Б» Яўген Валошын і Кацярына Ткачэнка сышлі з тэлеканала «Белсат», якому аддалі не адзін год. Сышлі з тэлеканала, але не з журналістыкі: пад іх аўтарствам з канца мая выходзіць ютуб-канал «Пара!». «Новы Час» пагутарыў з аўтарам праекта Яўгенам Валошыным.

    Апошні выпуск «Пара!» прысвечаны Святаславу Барановічу — чалавеку, які падчас пратэстаў дармаедаў бараніў людзей ад «ціхароў».

    — Яўген, дык чаму вы сышлі з тэлеканала «Белсат»?

    — Мы як наёмныя фрылансеры рабілі ў Беларусі ток-шоу, якое выходзіла на «Белсаце», але я сам ніколі не працаваў на «Белсаце» ні па працоўных дамовах, ні ў штаце. Перад «Планам Б» стаяла вельмі амбітная задача — зрабіць папулярным беларускае, нацыянальнае ток-шоў. Мы збіралі гасцей з Польшчы і Літвы, арганізоўвалі здымкі — і нам гэта ўдалося. Але я працаваў як фрылансер, быў аўтарам «Плана Б».

    Мы выйшлі на добрыя вынікі, нягледзячы на тое, што беларусаў ужо напаткала расчараванне і пачалі падаць лічбы праглядаў. У гэтым сезоне кожная перадача мела сярэдні арганічны вынік 86 тысяч праглядаў. Перад намі паўстала пытанне: альбо дэградаваць, альбо развівацца далей. Многім наш сыход падаваўся нелагічным, таму што рэйтынгі ток-шоу трымаліся на высокім узроўні. Але жыццё такая рэч: мы робім выбар, адны дзверы адчыняюцца, другія — зачыняюцца. «Белсату» мы ўдзячны за магчымасці праявіць сябе, за магчымасць у складаных умовах рабіць цікавы, я спадзяваюся, кантэнт, раз такія прагляды былі — наша ток-шоу цалкам беларускамоўнае дый яшчэ на «экстрэмісцкім» канале: не кожны адважваецца глядзець і каментаваць.

    — Вы мелі адладжаныя працоўныя адносіны, пастаянна пражывалі ў Польшчы. Пасля сыходу з «Белсата» вам давялося пачынаць усё з нуля, нават пераязджаць у іншую краіну. З пункту гледжання практычнага чалавека гэта вельмі рызыкоўны крок.

    — Тыя ток-шоу, у якіх я быў задзейнічаны як аўтар і рэдактар у Беларусі, даваліся вельмі вялікай цаной, хоць у выніку мы выйшлі на стабільныя трэнды ў YouTube (зараз я кажу пра 2020–2021 год). У нас была невялікая каманда, мы часта пераязджалі, увесь час рызыкавалі: ідзе нядзельны марш, а на вуліцы, дзе стаіць АМАП, міліцыя, затаіліся «ціхары», знаходзіцца наша студыя, дзе мы павінны запісваць перадачу. Беларускі перыяд выдаўся надзвычай стрэсавым, таму замежныя стрэсы праблемай для нас не сталі. Мы жылі і працавалі без выхадных, без прахадных — усё было вельмі няпроста, і тым больш непрактычна яшчэ тады, у Беларусі. Гэта для неафітаў змаганне пачалося ў 2020 годзе, калі акунуліся ў палітычную рэчаіснасць. А мы ўвесь час працавалі ў некамфортных умовах.

    Мы жывём у Беластоку, дакладней — не жывём, а бываем. А ток-шоу «План Б» увогуле здымалася ў Літве, у Вільні. Дарога на здымкі ў адзін бок складала 300 кіламетраў, а затым — у адваротным кірунку. А тут жа трэба манціравацца, тут жа — рабіць новыя праграмы. Гэта вельмі нялёгкі хлеб, ад нашага рашэння нашае жыццё не стала ні лягчэйшым, ні больш складаным.

    Трэба разумець, што мы — людзі без дома. Страціўшы Бацькаўшчыну — а гэта самая страшная рэч для мяне, па вялікім рахунку — гэта ўжо катастрофа; у гэтых умовах, як кажуць, для сабакі кіламетр не круг: 1200 кіламетраў да Кіева, дзе праводжу некалькі тыдняў. Мы ўсё адно не маем дома, таму дзе мы знаходзімся — не так і важна. А ўласнага жыцця (выхадныя, святы) я даўно не маю. Часы гістарычныя: ідзе вайна, напэўна, гэта не час для камфортнага жыцця. У Беластоку многа беларусаў, многія з іх айцішнікі, людзі з высокім дабрабытам, але я не магу жыць такім жыццём. Для мяне немагчымасць бываць дома — гэта катастрофа, якую не кампенсуе нішто: ні мільёны даляраў, нішто — самае страшнае ўжо здарылася.

    — А чаму вы выбралі менавіта Украіну?

    — Сёння менавіта ва Украіне вырашаецца лёс усяго рэгіёна і Еўропы. І нармальны прафесійны журналіст з амбіцыямі, з майго пункту гледжання, павінен, як мінімум, там бываць. Мы з украінцамі гістарычна павязаныя, гэта вельмі блізкі нам народ. А ў мяне яшчэ ёсць і ўкраінскія карані: там у мяне жывуць сваякі. Зразумела, на чыім баку праўда, відавочна, што мы павінны змагацца разам, што мы ў будучым станем стратэгічнымі саюзнікамі, што ўвесь рэгіён можа стварыць новы геапалітычны цэнтр — а без Беларусі гэта немагчыма. Мы ўзяліся за вельмі важную місію: мяняецца ўвесь свет, і мы хочам стаць удзельнікамі гэтых перамен.

    — Адкуль узялася інтрыгоўная назва — «Пара!»?

    — «Пара!» — гэта слоган, лозунг беларускага паўстання 1661 года. Маскалі захапілі Магілёў, жыхары горада ўпусцілі іх, здаліся акупантам — тая гісторыя вельмі карэлюецца з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі: упусцілі ў краіну акупантаў і дазволілі ім нападаць на Украіну. А потым, у адзін з дзён, магілёўцы сказалі: пара, нам не трэба акупацыя, і вынішчылі ўвесь маскоўскі гарнізон. Беларусам таксама давядзецца зрабіць свой выбар, сказаць пара — і ачысціць краіну ад расійскіх акупантаў. Так і здарыцца раней ці пазней, гэта прарочая назва. Мастацкая задума такая.

    І яшчэ адзначу вельмі важную дэталь. «Пара» — гэта не пра тое, што трэба браць косы ў рукі і касіць сваіх палітычных праціўнікаў, не. Пара — гэта вялікая праблема з вартасцямі беларусаў, з іх духоўным светам: нам, каб пайсці наперад, трэба духоўнае адраджэнне. Дык вось, пара — гэта заклік да духоўнага адраджэння, якое зробіць з Беларусі першую краіну свету.

    — Што сёння ўяўляе сабой ютуб-канал «Пара!»? Па відэа можна казаць, што ёсць вядоўца Яўген Валошын, ёсць павільён у закінутым, разбомбленым будынку, дзе вядуцца здымкі.

    — Пакуль што наш канал — пілотны праект: тое, што з’яўляецца на канале сёння — 5% ад нашых магчымасцяў. Калі ўсё ўвойдзе ў нармальны працоўны рытм, то зможам рабіць вельмі сур’ёзны праект.

    Мы маем людскі і тэхнічны рэсурс, каб рабіць не проста канал, а цэнтравое беларускае медыя. У нас ёсць бачанне развіцця канала і жаданне зрабіць беларускацэнтрычнае медыя, якое будзе дзейнічаць у нацыянальных інтарэсах Беларусі, якое будзе цікавым. Але на гэты момант у нас няма ніякай падтрымкі, якая звычайна прыходзіць з традыцыйных крыніц (фонды, гранты і гэтак далей). Беларускіх журналістаў ва Украіне амаль няма — з усімі нашымі праблемамі, з усімі нашымі дасягненнямі. Планы развіцця канала распрацаваныя, мы бачым вялікія перспектывы, але праблема палягае ў тым, што падтрымкі на нашую дзейнасць няма. Усё, што вы бачыце, робіцца намі дваімі: здымкі, мантажы, праца з гукам — мы ўдваіх робім працу дзесяці чалавек. Валанцёры, дзякуй Богу, дапамаглі нам і з дызайнам студыі, з і мэбляй, якую ўжо мы самі абшываем. Зараз мы знаходзімся ў стадыі эмбрыёна, але з яго можа вырасці нешта маштабнае.

    Але каб нейкія беларускія суб’екты кінуліся нам дапамагаць, то такога няма. Безумоўна, на першым этапе нам дапамаглі: і валанцёры, і нават Полк Кастуся Каліноўскага. Але мы не можам дазволіць сабе трапіць у залежнасць ад нейкага аднаго суб’екта: нашая платформа адкрытая для ўсіх дэмакратычных сілаў з Варшавы і Вільні, наш праект можа працаваць у фармаце дыялогавай пляцоўкі, і палітычныя суб’екты з самой Беларусі могуць з’явіцца, калі з’явіцца такая магчымасць. Калі дэмакраты не могуць дамовіцца паміж сабой у кулуарах, то мы можам дапамагчы набрацца мудрасці і прыйсці да згоды на нашай дыялогавай пляцоўцы. Безумоўна, мы адкрытыя і для прадстаўнікоў украінскіх палітычных эліт. Мы не прапаганда, якая абслугоўвае інтарэсы аднаго гульца — хто б ён ні быў, мы класічнае СМІ. Зараз мы працуем з нулявым бюджэтам.

    Але, думаю, самі беларусы зацікаўленыя ў тым, каб зрушыць з месца агульную справу: бізнесы, розныя суб’екты палітыкі. Аднак дапамагаць ніхто не спяшаецца, хаця медыйны рынак пусты бы барабан. 

    Чытайце яшчэ:

    Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник

    «Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці