• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Два гады таму журналісту і дакументалісту Міхаілу Аршынскаму за фільм пра палітычную кампанію-2020 на фестывалі дакументальнага кіно Hinzpeter Awards у Паўднёвай Карэі прызначылі прэмію. А цяпер яго ізноў запрасілі ў краіну, якая яшчэ зусім нядаўна была жорсткай аўтакратыяй і вельмі нагадвала сучасную Беларусь. Наш калега падзяліўся з БАЖ уражаннямі ад азіяцкай дэмакратыі, бачаннем сітуацыі ў нашым рэгіёне і ролі медыя.

    «Такога я ніколі ў Беларусі не бачыў»

    Міхаіл Аршынскі — журналіст з Магілёва. Амаль ад самага пачатку заснавання «Белсата» працаваў на тэлеканале. Як ён кажа, менавіта там навучыўся рэпарцёрскаму рамяству — рабіў навіны, інтэрв’ю. Два гады працаваў спецыяльным карэспандэнтам у Маскве.

    Першай яго вялікай дакументальнай працай стаў фільм пра 25-гадовага беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў падчас Еўрамайдана ва Украіне.

    — Калі пачыналася палітычная кампанія 2020 года, я адразу зразумеў, да чаго ўсё ідзе, — расказвае рэпарцёр. — Мяне зацікавіла асоба Сяргея Ціханоўскага, якога медыя спачатку не ўспрымалі сур’ёзна. Ну так, блогер, які размаўляе на мове простага народу і троліць чыноўнікаў. Аднак за знешнім вобразам я ўбачыў палітыка новага тыпу, які прыцягваў увагу і мог скласці канкурэнцыю Лукашэнку.

    Журналіст пачаў ездзіць за блогерам, здымаць яго сустрэчы з людзьмі, размовы з прадстаўнікамі ўлады. Гэта было вялікай інвестыцыяй у будучы праект.

    — Спачатку я думаў, што атрымаецца стужка пра дзвіж вакол Ціханоўскага, — адзначае суразмоўца БАЖ. — Тады пачала збірацца каманда, да якой далучаліся звычайныя людзі. Мне было важна паказаць унікальную з’яву, як неабыякавыя грамадзяне ўключаюцца ў палітычныя падзеі, каб змяніць рэчаіснасць. Для мяне найперш цікавай была гэтая сацыяльная з’ява. Такога я ніколі ў Беларусі не бачыў.

    Героямі фільма «Не бойся» сталі медык Вольга Паўлава, інжынер Алег Маісееў, хатняя гаспадыня Антаніна Канавалава, якія збіралі подпісы, удзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі і імкнуліся зрабіць лепшае для краіны.

    Унікальнасць стужкі ў тым, што кожны этап кампаніі Ціханоўскіх (спачатку Сяргея, а пасля Святланы) быў зафіксаваны Міхаілам Аршынскім, які ад самага пачатку здолеў убачыць патэнцыял для свайго праекта.

    — Бюджэт быў вельмі сціплы. Для здымак я выкарыстоўваў дзве просценькія камеры. Аднак вельмі шмат часу заняў працэс збору фактуры — каля дзесяці месяцаў, — кажа журналіст. — У выніку атрымалася зафіксаваць, як паўставала хваля народнага абурэння супраць дыктатуры.

    Ад самага пачатку перадвыбарчай кампаніі для журналіста існавала пагроза затрымання. Яму давялося нават адсядзець суткі адміністрацыйнага арышту.

    — Пасля выбараў я атрымаў сігнал, што мяне пачалі шукаць, — працягвае аўтар фільма. — У той час я быў у няпростым псіхалагічным стане пасля затрымання калегаў, сяброў і герояў фільма. Асабліва мяне шакаваў арышт вельмі блізкай сяброўкі Дар’і Чульцовай. Я зразумеў, што ў Беларусі больш не змагу працаваць над фільмам, і адразу з’ехаў.

    Што за фестываль і хто такі Юрген Хінцпетэр?

    Журналіст здолеў вывезці відэаархіў за мяжу і ўжо ў бяспецы зрабіў фільм. Ён выйшаў ў 2021‑м.

    — Мне хацелася, каб стужка атрымалася простай, зразумелай і дынамічнай, і звычайны чалавек мог зразумець нашу гісторыю, — падкрэслівае Міхаіл Аршынскі. — У першую чаргу я арыентаваўся на беларускага гледача, але фільм добра зайшоў і замежнікам.

    У нейкі момант яму прапанавалі даслаць заяўку на фестываль дакументальнага кіно Hinzpeter Awards, які праходзіць у Паўднёвай Карэі. 

    — Да таго часу я ніколі не падаваў заяўкі на такія прэміі, — расказвае суразмоўца БАЖ. — Гэта была першая спроба. Падумаў: чаму не? Запоўніў паперы і хутка забыўся. А праз некаторы час прыйшоў ліст з віншаваннямі.

    Трэба адзначыць, што фестываль мае важнае значэнне для сучаснай гісторыі Паўднёвай Карэі. Ён названы ў гонар нямецкага журналіста Юргена Хінцпетэра, які распавёў пра падзеі ў горадзе Кванджу ў 1980 годзе.

    Тады адбылося паўстанне супраць дыктатуры, што панавала апошнія дзесяцігоддзі. Яно было жорстка задушанае, ахвярамі сталі некалькі соцен чалавек. Аднак менавіта гэтыя падзеі лічацца зыходным пунктам да дэмакратыі. Хоць горад быў ачэплены вайскоўцамі, Юрген Хінцпетэр здолеў вывезці відэаматэрыялы, і такім чынам увесь свет даведаўся пра злачынствы палітычнага кіраўніцтва Паўднёвай Карэі тых часоў.

    Канешне, змены адбыліся не адразу, аднак першым крокам стала паўстанне ў Кванджу, і ролю нямецкага рэпарцёра ў данясенні праўды перабольшыць немагчыма.

    Аддаючы перамогу фільму Міхаіла Аршынскага, журы фестывалю ацаніла самаадданасць працы беларускага журналіста.

    Па гістарычных мерках зусім нядаўна гэта была аўтарытарная дзяржава

    Цяпер Паўднёвая Карэя вядомая як дэмакратычная і тэхналагічная краіна, у якой выпускаюць сучасныя аўтамабілі, вырабляюць смартфоны і робаты. Аднак па гістарычных мерках зусім нядаўна гэта была аўтарытарная дзяржава, у якой сістэмна парушаліся правы чалавека.

    Пасля паўстання ў Кванджу аўтарытарны рэжым пратрымаўся яшчэ восем гадоў. Як адбыліся змены? Хтосьці кажа пра немінучую інэрцыйнасць тых падзей, хтосьці — пра ўплыў міжнароднага ціску.

    — Падчас знаходжання ў гэтай азіяцкай краіне ясна адчувалася, што выключна сам народ можа і павінен вырашаць свой лёс, — падкрэслівае Міхаіл Аршынскі. — Перад тым, як я паехаў у Карэю, я думаў, што ЗША адыгралі значную ролю ў поспеху краіны. Але гэта не так — людзі самі дасягнулі дабрабыту. І ніхто апроч іх.

    Нягледзячы на войны, акупацыю і развал краіны, з чым сутыкнулася Паўднёвая Карэя за апошняе стагоддзе, гэта не знішчыла дзяржаву і не зламіла волю людзей.

    — Немагчыма не заўважыць шмат агульнага паміж нашымі краінамі, — праводзіць паралель журналіст. — І Беларусь, і Паўднёвая Карэя знаходзяцца паміж імперыямі, і таму рэгулярна сутыкаліся з экзістэнцыяльнымі пагрозамі. Гэта дало разуменне: што б ні здарылася ў бліжэйшы час у Беларусі, нам гэта дасць толькі магчымасць, каб зрабіць свой крок і забяспечыць сваю незалежнасць.

    «Уздым нацыяналістаў» і «не наша справа туды ўмешвацца»

    Здаецца, паўднёвакарэйцы, маючы такі досвед, павінны былі падтрымаць дэмакратычныя змены ў 2020 годзе ў Беларусі. Як мінімум — праявіць салідарнасць.

    — Але не ўсё так проста, — уздыхае Міхаіл Аршынскі. — Да гучных дэкларацый беларуская рэвалюцыя не прывяла. Пратэсты былі ўспрынятыя моўчкі. Больш за тое, Сеул працягвае супрацоўніцтва з рэжымам.

    Паводле слоў журналіста, справа ў своеасаблівым бачанні паўднёвакарэйцамі нашага рэгіёна. Склалася ўражанне, што многія палітыкі, інфлюэнсеры і інтэлігенцыя ўспрымаюць падзеі ва Украіне і Беларусі як канфлікт Расіі з яе краінамі-спадарожнікамі.

    — Нават сярод адукаваных людзей гучаць наратывы расійскай прапаганды, — здзіўляецца журналіст. — Падчас дэмакратычнага форуму, у якім я ўдзельнічаў, адзін з выступоўцаў прасоўваў тэзісы, што гэта «уздым нацыяналістаў», і «не наша справа туды ўмешвацца».

    Зразумела, беларус тлумачыў, што падзеі ў Беларусі і ва Украіне маюць адныя карані, і звязана гэта з неакаланіяльнай палітыкай Расіі ў дачыненні да сваіх суседзяў. Што гэта спроба захопу, падначалення, усталявання кантролю на «спрадвечных тэрыторыях».

    Ён таксама распавёў пра жудасную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і пра лёс зняволеных журналістаў, у тым ліку Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Дзякуючы  таму, што візіт быў арганізаваны на высокім узроўні, гэтую інфармацыю ўдалося данесці палітыкам, журналістам, deci­sion-мэйкерам.

    «Свабоду слова трэба адстойваць пастаянна»

    У Індэксе свабоды слова-2023 Паўднёвая Карэя займае 47‑е месца. Для параўнення: Беларусь на 157‑й пазіцыі.

    — Але нельга быць цалкам задаволеным становішчам журналістаў і медыя, — лічыць Міхаіл Аршынскі. — Свабоду слова трэба адстойваць пастаянна, і ў Паўднёвай Карэі так і атрымліваецца. Там высокі ўзровень карупцыі, моцная палітычная канкурэнцыя, што адбіваецца на журналістыцы.

    У прыватнасці, былі настойлівыя спробы з боку палітыкаў больш уплываць на СМІ, але гэта імгненна выклікала хвалю абурэння.

    Медыя ўмоўна падзеленыя на дзве групоўкі — ліберальную і кансерватыўную. Абедзве маюць уплыў, падтрымліваюць розныя палітычныя партыі і асвятляюць падзеі па-рознаму.

    — Нашмат важней, што дзяржаўныя інстытуты для прэсы не закрытыя, а палітыкі — дасягальныя для журналістаў. Гэта паказчык ролі СМІ ў грамадстве, — адзначае суразмоўца БАЖ.

    Падчас наведвання Сеула беларуса запрасілі на фотавыставу, якая праходзіла ў парламенце. Яна была прысвечана ахвярам вайны ва Украіне. Вельмі сімпатаматычна, што яе зладзілі прадстаўнікі медыя, якія лепш разумеюць працэсы ва Усходняй Еўропе.

    Фотаздымкі, як і іншая дакументалістыка, фіксуюць падзеі на доўгія гады, чаму лепшае сведчанне — праца Юргена Хінцпетэра.

    — Гэта дазваляе даследаваць сітуацыю больш глыбока, а не рабіць павярхоўны расповед, — лічыць Міхаіл Аршынскі. — Калі казаць пра дакументальныя фільмы, то з часам яны становяцца нават больш актуальнымі, бо распавядаюць пра гістарычныя змены ў грамадстве.

    Журналіст не выключае, што ён зробіць працяг стужкі, калі падзеі ў Беларусі набудуць новую дынаміку. У той жа час ёсць вялікае жаданне працягваць рэпарцёрскую дзейнасць у дакументалістыцы і па іншых тэмах.

    Чытайце яшчэ:

    «Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу

    «Якое права мы маем фатаграфаваць людзей, што адчуваюць такі боль?» Як распавядаць пра вайну

    «Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай». Алег Мяцеліца — пра байдаркі, Купалле і вяртанне дадому

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці