«Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай». Алег Мяцеліца — пра байдаркі, Купалле і вяртанне дадому
Алег Мяцеліца — прадпрымальнік, грамадскі дзеяч і проста шчыры беларус, які верыць у Перамогу і тое, што Беларусь будзе вольнай. Другі раз ён пакінуў Радзіму 17 жніўня 2020 года. Цяпер ён жыве ў Вільні і арганізуе сплавы на байдарках. Адмыслова для EX-PRESS.LIVE ён распавёў, як у родным краі 20 гадоў запар ладзіў свята Купалля, якое нават не трэба было анансаваць, і як моцна сумуе па жонцы Алесе Буневіч, якая зараз знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.
«Але лёс склаўся так… што хрусь — і папалам»
Беларус быў вымушаны з’ехаць з Беларусi, бо 17 жніўня 2020 на яго была заведзена крымiнальная справа за публічны паклёп на вялікім мітынгу 16 жніўня. Мужчына разумеў па свайму досведу, што з допыту ў СК ён не выйдзе:
— Да падзей 2020 года прымаў актыўны ўдзел у прэзiдэнцкіх і парламенцкіх выбарах. У 2006 быў арыштаваны. Былі крымінальныя справы. Калi 17 жніўня 2020 года выклiкалi ў СК, разумеў, што адтуль ужо не выйду. Як у песні Вольскага: «Але лёс склаўся так… што хрусь — і папалам». Я вымушана пакінуў Беларусь.
Пасля «Плошчы» ў 2010 годзе Алег выехаў у Вільню, але ў 2014 годзе вярнуўся назад. Па яго словах, тады адбываліся мірныя перамены, пачалася нават беларусізацыя, было больш свабоды.
— Пакуль я быў з 2010 па 2014 годзе ў эміграцыі, у 2011 людзі сабраліся ў Друці на Купалле, але прыехаў АМАП, і іх арыштавалі, разагналі. Складаны быў год. Мы вырашылі, што зробім Купалле ў 2012 годзе ў Вільні. Тады было лягчэй з перасоўваннем, візы зрабілі. Я знайшоў месца прыгожае. Мы сабраліся і рабілі тое ж самае, што дома: лес, рэчка дубы, прырода падобная на беларускую. Памятаю гэта адчуванне, што мы гуляемся ў беларусаў. Бярозкі не тыя, і вада, здаецца, не такая, таму пэўныя рэчы важна рабіць менавіта на Радзіме.
Пэўныя рэчы, якія робіць герой, маюць вялікі сэнс і напаўненне менавіта, калі гэта адбываецца на Радзіме.
— Напрыклад, займаюся аднаўленнем традыцый, побыта беларускага. Для мяне вельмі важна рабіць гэтыя рэчы, якія мне цікава і якія мяне натхняюць, менавіта на Радзіме. Я ладзіў Купалле кожны год, у 2020 годзе быў юбілейны 20-ты год. Пра свята ніколі нідзе не абвяшчалася і не анансавалася. Спрацавала сарафаннае радыё, сябры казалі сябрам. Прыязджалі людзі на Дзень Летняга сонцастаяння на Друць у Бялыніцкі раён з розных рэгіёнаў.
Мы жылі некалькі дзён такой супольнай вёскай: з чацвера да нядзелі, разам былі пад сонцам, разам купаліся. Галоўная сутнасць — мы гэтыя дні праводзілі разам. Безумоўна, былі і вогнішча, і спевы, і традыцыі.
«Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай»
Да эміграцыі ў 2020 годзе і першыя месяцы ў Літве беларус працаваў страхавым агентам у кампаніі «Стравіта». У Беларусі меў другую ўлюблёную працу ва ўласнай аграсядзiбе пад Бялынічамі, дзе ладзіў рэканструкцыю беларускага побыту і прымаў гасцей.
Пра гасцей Алег кажа наступнае:
— Госці былі цікавыя і ехалі менавіта, каб пажыць, як у бабулі. Таксама я ладзiў беларускія святы і займаўся сплавамi на байдарках у сваім рэгіёне. Рабiлi вандроўкi на выходныя дні. У Вiльні з лета 2022 года вырашыў заняцца байдаркамі. Тут шмат цікавых рэчак у горадзе і вакол. Гэты сезон працягваю справу.
Сітуацыя пасля 2020 года вымусіла беларусаў трымаюцца адзін аднаго. Мець шмат розных суполак:
— Я мару вярнуцца ў Беларусь. Я веру, што вярнуся дадому. Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай, і мы вернемся туды. Гэта мая Радзіма, і для мяне гэта вельмі важна.
Алег вельмі сумуе па жонцы і кажа, што летась у яго ўзнікла паразуменне, што трэба пачынаць займацца любімай справай — сплавамі на байдарках.
Мужчына прызнаецца, што большасць у кліенцкай базе — гэта беларусы, але звяртаюцца таксама ўкраінцы і рускія. Некаторыя адмыслова прыязджаюць да яго, каб патрымаць суайчынніка:
— Лета 2022 года адпрацаваў і скажу, што — 90% беларусы. Нават беларусы ёсць, якія раней наведвалі маю аграсядзібу. Хлопцы і дзяўчаты, і з дзецьмi, і з сабакамi. Адзначу, што нашы людзі любяць не толькі кароткія сплавы.
«Жыццё складанае для ўсіх, хто быў вымушаны з’ехаць, а не рыхтаваўся да пераезду і будаваў планы»
Алег часта думае пра сваіх сваякоў, асабліва калі яны старога ўзросту, бабулі і дзядулі, падкрэслівае, што кожны раз, калі выязджаў, дакладна ведаў, што хоча ехаць у Вільню:
— Для мяне было важна ехаць туды, дзе абставіны нагадваюць беларускія. Але заўсёды магу сказаць любому, што па-свойму я дома, асабліва, калі казаць пра Вільню і Віленскі край. Адчуваю гэтую блізкасць астранамічна, гістарычна і культурна. Плюс наяўнасць беларускіх арганізацый і саміх беларусаў, магчымасць кантактаваць.
Калі ў мінулы раз у Вільні беларусаў было дзясяткі, то цяпер — тысячы. Ёсць падтрымка, салідарнасць, абмен інфармацыяй, з’явіліся супольнасці:
— Атрымліваеш практычна поўны спектр, як культурны, так і на ўзроўні паслуг ад беларусаў. Гэта датычыцца і майго накірунку дзейнасці. Калі б была магчымасць, дазвалялі памяшканні, то Віленская гімназія імя Францыска Скарыны павялічылася б у пяць разоў, дарэчы, зараз яна павялічылася ўдвая.
Прадпрымальнік таксама падкрэслівае, што жыццё ў эміграцыі складанае:
— Думаю, яно складанае для ўсіх, хто быў вымушаны з’ехаць, а не рыхтаваўся да пераезду і будаваў планы. Для большасці гэта было раптоўна. Калі абставіны не дазвалялі заставацца ў Беларусі.
«Веру і ўпэўнены, што большасць вернецца, бо нас чакаюць вельмі класныя часы»
Алег намагаецца прынцыпова атрымліваць паслугі ад землякоў. Так, і ў яго два чалавекі замовілі сплаў праз інстаграм. Аказалася, што гэта сям’я з Нямеччыны, і ім дала кантакты гаспадыня-беларуска, якая жыве з 2000 года ў Берліне:
— Яна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, пабачыла інфармацыю на баймапцы (дарэчы, калі вы прыйшлі адтуль, то можаце атрымаць зніжку 10% на сплаў), і для яе было вельмі важна менавіта атрымаць паслугі ад беларусаў. Таксама звязалася адна група, казалі, што летась сплаўляліся з іншымі, але як даведаліся, напісалі, што хацелі бы гэта рабіць з беларусамі.
Нягледзячы на ўвесь жах, што адбываецца, гора, усе ахвяры і пакуты, беларус лічыць, што гэты перыяд вельмі важны для беларусаў:
— Гэта важны перыяд тым, што беларусы ў нейкім сэнсе адчулі сваю годнасць, вартасць і пазбавіліся пэўных комплексаў. Людзі, якія выехалі за мяжу, атрымаюць досвед. Веру і ўпэўнены, што большасць вернецца, бо нас чакаюць вельмі класныя часы. Гэта будзе вялікі пад’ём, росквіт, кожны і кожная захоча вярнуцца, каб будаваць і адбудоўваць нашу Радзіму. Гэта вельмі важны досвед. Я веру, што ў нас усё атрымаецца, мы вернемся, і зробім Беларусь неверагоднай, я веру ў нас.
Чытайце яшчэ:
«Дзякуючы такім людзям, як Павел, хочацца любіць Беларусь». Паўлу Мажэйку за кратамі споўнілася 45 гадоў
«Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам
«Няпраўда, быццам беларусы забыліся пра сваіх рэпрэсаваных продкаў». Працяг публікацыі фрагмэнтаў кнігі Алега Грузьдзіловіча