На сайце МУС з’явілася трэцяя частка спісу «экстрэмістаў». Першым сярод журналістаў там Дзмітрый Семчанка
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі зрабіла традыцыйны пятнічны апгрэйд спісу грамадзян, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Адразу кідаецца ў вочы, што на сайце ведамства да двух папярэдніх тэчак з прозвішчамі дадалася трэцяя — колькасць «фігурантаў» упэўнена набліжаецца да трох тысяч.
Такім чынам, колькасць асоб, якіх улады абвінавачваюць у «экстрэмізме», павялічылася на 11 чалавек. Апошнім у спісе пад № 2901 значыцца экс-аглядальнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ і кіраўнік «прэзідэнцкага пула» журналістаў Дзмітрый Семчанка.
Нагадаем, Мінскі гарадскі суд пакараў Дзмітрыя Семчанку за «распальванне варажнечы» супраць прадстаўнікоў улады (арт. 130, ч. 1 КК). Прадстаўніца пракуратуры запатрабавала прызнаць былога прапагандыста, які ў 2020 годзе заняў бок пратэстоўцаў, вінаватым у «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці».
23 сакавіка 2023 года суддзя Яўген Пісарэвіч прадубляваў прапанаваны тэрмін у поўным аб’ёме — 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Аргументы абароны адносна таго, што Дзмітрый Семчанка можа «загладзіць віну» іншым спосабам, знаходзячыся на волі, суд праігнараваў. Як і тое, што сям’я гадуе малое дзіця.
Роўна праз два месяцы Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйную скаргу ад імя колішняга аглядальніка дзярканала АНТ. На працэс прызначылі суддзю Аляксея Рыбакова, які літаральна перад тым быў ўзнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Як і прагназавалася, прысуд застаўся ў сіле — 3 гады папраўчай установы.
Да моманту агалошвання выраку Дзмітрый Семчанка правёў за кратамі больш за 6 месяцаў у следчых ізалятарах Мінска і Жодзіна. Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.
Цяпер журналіст знаходзіцца ў СІЗА № 6 горада Баранавічы, куды ў чаканні вынікаў апеляцыі яго перавялі ў сярэдзіне красавіка. А неўзабаве чакаецца этап для адбыцця прызначанага тэрміна ў калонію.
Пераслед некалі аблашчанага ўвагай тэлевядоўцы, лаўрэата прэстыжных прэмій сярод дзяржаўных медыя Генеральная пракуратура тлумачыла тым, што цягам працяглага часу фігурант праз сацыяльныя сеткі «фармаваў у грамадскасці варожасць і нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады». Пры гэтым ранейшыя заслугі былі хутка забытыя і пад увагу не браліся.
Больш за дзесяцігоддзе ў якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Ён пераможца прафесійнага конкурсу «Тэлевяршыня», за сукупнасць заслуг атрымаў давер узначаліць «прэзідэнцкі пул» з найбліжэйшага медыйнага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак у жніўні 2020 года знайшоў сілы публічна асудзіць беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавых структур і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Агучваў сваю пазіцыю ў СМІ, уключна з незалежнымі, пісаў прынагодныя вершы.
Неўзабаве па яго прыйшла «група захопу», дома зладзілі ператрус. Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк пакарала былога тэлевядоўцу 15 суткамі арышту паводле «народнага» артыкула 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») ды яшчэ падчас працы ў дзяржаўнай установе.
У 2022 годзе было яшчэ некалькі адміністрацыйных арыштаў па прыкметах «экстрэмізму», пакуль супраць журналіста не завялі крымінальную справу нібыта за «распальванне варожасці».
Чытайце яшчэ:
«Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі
«Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу
Суд працягнуў знаходжанне пад вартай для журналіста Паўла Падабеда да 26 чэрвеня