• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд вызначыў 3 гады калоніі для Дзмітрыя Семчанкі

    Мінскі гарадскі суд 23 сакавіка пакараў трыма гадамі калоніі былога супрацоўніка тэлеканала АНТ Дзмітрыя Семчанку за «распальванне варажнечы» супраць афіцыйных прадстаўнікоў улады. Да моманту агалошвання выраку за кратамі ён правёў больш за 6 месяцаў.   

    Напярэдадні прадстаўніца пракуратуры запатрабавала прызнаць былога тэлепрапагандыста, кіраўніка прэзідэнцкага пула журналістаў вінаватым у «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці»і на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу прызначыць яму пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

    «Кіруючыся прынцыпам індывідуалізацыі пакарання, беручы да ўвагі, што ўчыненае злачынства адносіцца да замаху супраць міру і бяспекі, а таксама характарыстыку асобы абвінавачанага, мэты крымінальнай адказнасці, а менавіта выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне ўчынення іншага злачынства, будуць дасягнуты пры назначэнні Дзмітрыю Семчанку меры асноўнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі», – аргументавала чыноўніца нагляднага ведамства. 

    23 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч не знайшоў аргументаў, каб запярэчыць боку абвінавачвання, і прадубляваў прапанаваны тэрмін у поўным аб’ёме. Такім чынам, працэс заняў усяго тры дні, увабраўшы ў сябе допыт фігуранта, спрэчкі бакоў і вынясенне прысуда. Аргументы юрыдычнай абароны адносна таго, што Дзмітрый Семчанка можа «загладзіць віну»іншым спосабам, знаходзячыся на волі, суд праігнараваў. Як і тое, што сям’я гадуе маленькага сына.   

    Ад канца 2022 года Дзмітрыя Семчанку ўтрымліваюць у следчай турме № 8 Жодзіна. Узяцце пад варту Генпракуратура тлумачыла тым, што цягам працяглага часу фігурант праз тэлеграм-каналы і чаты «фармавааў у  грамадскасці варожасць і нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады». Ранейшыя заслугі аблашчанага ўвагай палітычнага аглядальніка пад увагу не браліся.  

    Першапачаткова Дзмітрыя Семчанку і ягоную жонку Юлію, таксама дыпламаваную журналістку, затрымалі 15 верасня 2022 года за «рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў». Паколькі сям’я выхоўвае непаўнагадовага сына, маці абышлася адміністрацыйным штрафам, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 сутак — з новай фармулёўкай «за хуліганства». 

    У вызначаны тэрмін Дзмітрыя Семчанку на свабоду не выпусцілі, на яго склалі новы пратакол з наступным адміністрацыйным арыштам «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пазней стала вядома, што супраць журналіста пачалі крымінальную справу на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. 

    Праваабарончая супольнасць прызнала Дзямітрыя Семчанку палітычным вязнем. 

    Цягам 2009–2020 гадоў у якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Ён пераможца прафесійнага конкурсу «Тэлевяршыня», лаўрэат шматлікіх прэмій сярод прадстаўнікоў дзяржаўныя СМІ. За сукупнасць заслуг атрымаў давер узначаліць «прэзідэнцкі пул» з найбліжэйшага медыйнага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

    Аднак у жніўні 2020-га публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавых структур і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Неўзабаве па яго прыйшла «група захопу», дома зладзілі ператрус. Следам суддзя Фрунзенскага раёну Юлія Блізнюк пакарала былога тэлевядоўцу 15 суткамі арышту паводле «народнага» артыкула 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»ды яшчэ падчас працы ў дзяржаўнай установе). 

    У канцы 2020 года Дзмітрыя Семчанку запрасілі на пасаду піяр-менеджара ў кампанію «Белагра», якая займаецца продажам беларускай сельгастэхнікі і запчастак. А летась сілавікі практычна разграмілі фірму за тое, што там знайшоў прытулак «здраднік рэжыму». 

    Чытайце яшчэ:

    Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў

    «Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь

    Патрэбна дапамога сям’і Сяргея Сацука, палітвязня журналіста-расследавальніка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці