• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько будуць судзіць 5 верасня

    Справу відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава, якога вінавацяць за супрацу з тэлеканалам «Белсат», і ягонай жонкі Таццяны Пыцько будзе разбіраць Віцебскі абласны суд. Суддзём прызначаны Яўген Буруноў. Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

    Сужэнцаў вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Вячаслава Лазарава — паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ, Таццяну Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361–4 КК РБ.

    Абодва знаходзяцца ў віцебскім СІЗА № 2.

    Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года пасля ператрусу па месцы прапіскі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрус на кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы прапіскі ягонай жонкі, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны.

    Пазней стала вядома, што супраць відэааператара-фрылансера распачатая крымінальная справа паводле арт. 361–4 КК РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Зараз з матэрыяламі справы знаёміцца адвакат Лазарава.

    Праз некалькі месяцаў, 6 чэрвеня, сілавікі затрымалі Таццяну Пыцько, жонку Вячаслава. Паводле першапачатковых звестак, якія мелі праваабаронцы, жанчыне прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім). Але, як вынікае з абвесткі ў судовым раскладзе, судзіць Таццяну будуць па тым самым артыкуле, што і яе мужа. Таццяну Пыцько вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, Вячаслава Лазарава — таксама ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, але «здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове».

    На момант затрымання Таццяна Пыцько гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацслужбы спачатку змясцілі дзяўчынку ў дзіцячую абласную лякарню, прыкладна праз месяц яе змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Двое старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу знаходзяцца з родным бацькам.

    Раней Вячаслава Лазарава некалькі разоў судзілі за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі і двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Таццяну Пыцько ў 2020 годзе двойчы штрафавалі за ўдзел у мірных пратэстах.

    Праваабаронцы мяркуюць, што крымінальную справу наконт спрыяння экстрэмісцкай дзейнасці супраць жанчыны распачалі за дапамогу мужу падчас здымак, бо затрыманне Таццяны Пыцько адбылося тады, калі пасля ператрусаў да следчых трапіў відэаархіў Вячаслава Лазарава.

    Чытайце яшчэ:

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Мільёны праглядаў і тысячы каментароў: як беларускі журналіст папулярызуе родную мову праз Цік-Ток

    Іван Эйсмант у чарговы раз загаварыў пра з’яўленне новага інфармацыйнага тэлеканала

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці