Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава
Затрыманне адбылося ўвечары 6 чэрвеня, і жанчына дагэтуль знаходзіцца пад вартай. Дачку Таццяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў.
У праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць, што затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Але пакуль немагчыма сказаць, ці затрыманая Таццяна Пыцько паводле той самай справы, якая тычыцца яе мужа.
Відэаператара-фрылансера Вячаслава Лазарава вінавацяць паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Ужо 4 месяцы яго трымаюць ў віцебскім СІЗА‑2. Сябры адзначаюць, што ёсць праблемы з ліставаннем: доўгі час ад Вячаслава няма ніякіх звестак. Таму невядома, на якім этапе знаходзіцца расследаванне ягонай справы і ці хутка яна трапіць у суд. Маці мела адзінае спатканне з ім — у хуткім часе пасля затрымання. Больш спатканняў ёй не дазваляюць.
Вячаслаў Лазараў не мае адваката. Цяпер гэта звыклая сітуацыя для ўсёй Беларусі: абаронцы асцерагаюцца займацца справамі «палітычных», каб не страціць працу.
У распараджэнні следства знаходзіцца аргтэхніка Вячаслава Лазарава. У дзень затрымання сёлета 9 лютага па месцы яго рэгістрацыі міліцыянты правялі ператрус: забралі мабільныя тэлефоны, відэакамеру і іншую апаратуру. Таксама ператрус сілавікі правялі па месцы жыхарства ягонай жонкі Таццяны Пыцько, якая жыла асобна. З кватэры Таццяны забралі ноўтбук і два тэлефоны. Ёсць верагоднасць, што следчыя знайшлі там нешта такое, што палічылі падазроным.
У 2018 і ў 2019 годзе Вячаслава Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава затрымлівалі за фатаграфаванне «аўтазакаў», але тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без складання пратакола. Таццяну Пыцько таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: у 2020 годзе яе аштрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Чытайце яшчэ:
У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці
Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі
Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?