• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

    Што можна зрабіць, каб Еўропа атрымлівала больш адэкватную карціну беларускіх праблем і лепей разумела перспектывы, шляхі і інструменты вырашэння беларускага пытання? На гэтую тэму разважаюць журналістка буйнога швейцарскага выдання WOZ Ганна Жыхарава, галандскі журналіст і славіст Дан дэ Урыс і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман

    У асноўным Беларусь згадваецца ў кантэксце вайны ва Украіне

    «Пасля пратэстаў 2020 года беларуская тэматыка, на жаль, не вельмі часта ўздымаецца на старонках швейцарскай прэсы, — гаворыць журналістка буйнога швейцарскага выдання WOZ Ганна Жыхарава. — Усплёск цікаўнасці да Беларусі назіраецца ў звязку з падзеямі ў Расіі ці вайной ва Украіне, пытаннем ядзернай зброі. Але асвятлення менавіта ўнутрыбеларускай праблематыкі вельмі мала. Прыкра, але небагата артыкулаў і згадак і пра палітвязняў».

    Галандскі журналіст і славіст Дан дэ Урыс пагаджаецца, што беларуская тэматыка ў галандскіх медыя падаецца не вельмі шырока і толькі ў сувязі з тымі ці іншымі адметнымі падзеямі:

     «Наша прэса шмат пісала пра беларускія пратэсты 2020 года, пасадку самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс, прысуды Бабарыку і Пратасевічу. Але зараз інфармацыі пра Беларусь у галандскіх медыя не так шмат». 

    Суразмоўца зазначае, што «тэма вайны ва Украіне, вядома, выціснула беларускае пытанне з першых старонак», і выказвае шкадаванне, што галандскія калегі, на яго думку, даволі мала ўвагі надзяляюць тэме палітычных вязняў і ўзмацнення рэпрэсій унутры Беларусі.

    «А гэта вельмі важныя тэмы, — працягвае суразмоўца. — Беларусь — блізкая для нас, еўрапейская краіна, і было б вельмі карысным паглыбіць разуменне таго, што ў вас адбываецца. Тым больш што запыт з боку галандскага грамадства ёсць».

    «Цікавасць да беларускіх праблем фрагментарная»

    Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман згодны з тэзісам пра тое, што за апошнія тры гады інтарэс да Беларусі ў заходніх медыя знізіўся.

    «Цікавасць была вельмі высокай у часы пратэстаў 2020 года, у пэўны момант гэта была нават галоўная еўрапейская тэма — яна прысутнічала і ў папяровых СМІ, і ў інтэрнэце, на тэлебачанні і радыё, — працягвае эксперт. — Гэта быў такі перыяд, калі заходняя грамадскасць упершыню сутыкнулася з феноменам Беларусі — зразумеўшы, што гэта не частка Расіі, а незалежная краіна са сваёй гісторыяй, палітыкай, драмай».

    На думку Фрыдмана, у значнай ступені заходняя прэса адкрыла для сябе Беларусь менавіта падчас падзей 2020 года. Аднак пасля таго, як пратэсты былі задушаныя і вулічная актыўнасць знікла, цікавасць паступова зменшылася.

    «Але тут на арэну выйшаў Лукашэнка і прыцягнуў увагу да Беларусі праз справу Пратасевіча, міграцыйны крызіс, — падкрэслівае суразмоўца. — Таму 2021 год — гэта погляд на Беларусь у іншым ракурсе: не пратэсты, не рух супраць Лукашэнкі, а яго дзеянні і Лукашэнка як пагроза».

    У 2022–2023 гадах, паводле аналітыка, беларуская тэма ў заходнееўрапейскіх і амерыканскіх СМІ гучыць ужо ў іншым кантэксце і значна радзей: «Фрагментарна: ці ўступіць Лукашэнка ў вайну, ці будуць беларускія войскі ўдзельнічаць у ваенным канфлікце, ці будуць разгортвацца ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. Ну і да гэтага далучылася ў апошнія месяцы ядзернае пытанне — ці будзе ў нас размешчаная ядзерная зброя. Калі Лукашэнка робіць заявы на ядзерныя тэмы, гэта адразу трапляе на старонкі заходніх медыя. Раз-пораз усплываюць артыкулы пра полк Каліноўскага».

    Бракуе меркавання беларускіх аналітыкаў, няма карэспандэнцкай сеткі

    Дан дэ Урыс зазначае, што слабасць асвятлення беларускай тэмы звязаная і з тым, што ў краіне цяпер няма ніводнага галандскага карэспандэнта. Адсюль і цяжкасці з атрыманнем інфармацыі.

    У сваю чаргу Жыхарава мяркуе, што праблема тут больш у светапоглядзе заходніх калег і заходняга грамадства ў цэлым: «Заходнееўрапейскаму грамадству цяжка ўвесь час чытаць «складаныя навіны». У рэдакцыі гучыць і такая думка: маўляў, трэба пісаць больш пазітыўнага, а то нас перастануць чытаць. Аргументы «за» — свет і так страшны, шалёны, і нельга ўвесь час пісаць пра цяжкія рэчы, людзі ад гэтага стамляюцца».

    Аляксандр Фрыдман мяркуе, што з гледзішча медыйнага піяру тыя ж Святлана Ціханоўская і Павел Латушка працуюць вельмі ўдала.

    «У іх добрая камунікацыя з заходнімі медыя. Калі сур’ёзныя брытанскія і нямецкія СМІ пішуць артыкулы пра Ціханоўскую альбо згадваецца яе меркаванне, гэта пра многае сведчыць, — звяртае ўвагу аналітык. — Беларускі погляд на Захадзе — гэта заўсёды цытаты Святланы Ціханоўскай. Хаця ён, погляд, вядома, даволі ідэалістычны, але гэта і зразумела, бо яна палітык. Яна імкнецца сябе прадставіць як уплывовую сілу, прасунуць найбольш прывабны вобраз Беларусі, што Беларусь — гэта не Лукашэнка і не краіна, якая падтрымлівае вайну».

    «Часта цытуе заходняя прэса і Паўла Латушку, — працягвае эксперт. — Раз-пораз у вялікіх артыкулах прысутнічаюць меркаванні палітычных аналітыкаў Арцёма Шрайбмана і Валеры Карбалевіча. Найбольш цытаваны на Захадзе — гэта Шрайбман».

    На думку Аляксандра Фрыдмана, адна з прычын адсутнасці глыбокіх аналітычных артыкулаў пра Беларусь у заходняй прэсе — гэта «так званы масквацэнтрычны погляд».

    «І гэта сапраўдная праблема, — дадае аналітык. — Матэрыялы на беларускую тэму часцей за ўсё пішуць заходнія карэспандэнты, якія знаходзяцца ў Маскве і працуюць перш за ўсё з расійскімі крыніцамі. Так было і ў гісторыі са знікненнем Лукашэнкі, мінулым знікненнем (маецца на ўвазе перыяд хваробы Лукашэнкі на пачатку траўня. — В.К.). Заходнія журналісты буйных выданняў, асвятляючы гэтую тэму, карысталіся інфармацыяй расійскіх рэсурсаў і расійскамоўным тэлеграмам».

    Паводле эксперта, гэта прыводзіць да таго, што заходнія калегі часта падаюць не зусім правераную інфармацыю.

    Фрыдман згадвае свежы прыклад, калі адзін з апазіцыйных палітыкаў распаўсюдзіў версію, што Лукашэнка трапіў у шпіталь у Маскве:

    «І вось тут мы вяртаемся да заходняй оптыкі. Версію пра тое, што Лукашэнка быў нібыта атручаны на загад Пуціна, бульварная брытанская прэса адразу ж падхапіла і распаўсюдзіла. Такія інтэрпрэтацыі цалкам адпавядаюць уяўленню некаторых заходніх СМІ пра падзеі ў Беларусі».

    «Для брытанскай прэсы гісторыі з атручваннем, за якімі цягнецца маскоўскі шлейф, гэта асаблівая тэма, — працягвае суразмоўца. — І нават калі Лукашэнка ўжо з’явіўся, у заходняй прэсе па-ранейшаму выходзілі артыкулы, што ён у крытычным стане. Журналісты падхапілі гэтую сенсацыю і не паспрабавалі інфармацыю нейкім чынам праверыць, не звярнуліся да сваіх беларускіх калег».

    Занадта экзатычная тэма?

    «Патлумачыць беларускую тэму заходняй публіцы ў сённяшнім кантэксце даволі цяжка, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — І гэта яшчэ адна з прычын, чаму цікавасць да беларускага пытання знізілася. У выпадку Украіны ўсё проста — на Украіну напалі, з Расіяй таксама ўсё зразумела — гэта агрэсар.

    У выпадку Беларусі гэта ўсё складана. З аднаго боку, ёсць Лукашэнка, які дэкларуе сябе саюзнікам Масквы, але не дасылае войскі. З другога боку, ёсць дэмакратычны рух, які падтрымлівае Украіну. З трэцяга — ёсць беларускія добраахвотнікі, якія змагаюцца за Украіну».

    На думку эксперта, для заходняй аўдыторыі гэта вельмі складаны кейс: «І калі пачаць апісваць усю гэтую беларускую гісторыю, то ў пэўным моманце заходні чытач, мабыць, спыніцца і скажа, што гэта ўсё для нас цяжка, незразумела, заблытана».

    З меркаваннем беларускага аналітыка пагаджаецца і Ганна Жыхарава: «Нашае грамадства ведае пра Лукашэнку, нашыя медыя называюць яго «апошнім дыктатарам Еўропы», але пра саму Беларусь і беларусаў інфармацыі мала. Ва ўяўленні швейцарскага грамадства — гэта тое месца, дзе зараз месцяцца расійскія войскі і адкуль яны напалі на Украіну».

    Што рабіць з парушанай оптыкай?

    Мы бачым, што ўвага да беларускай тэмы ў заходніх медыя пакрысе змяншаецца. Гэтая тэматыка ў асноўным падаецца ў цені вайны ва Украіне. Між тым, заначае Ганна Жыхарава, вельмі важна болей пісаць пра Беларусь.

    «Гэта вельмі  блізкая нам краіна. І пра тэрор, які зараз там адбываецца, мусіць ведаць увесь свет», — падсумоўвае журналістка.

    «Беларусь і яе праблемы нам цікавыя, — дадае Дан дэ Урыс. — Запыт у галандскім грамадстве на гэта даволі вялікі, а інфармацыі мала, на жаль. Нам цікава, як жыве Беларусь унутры, а глыбокага ўяўлення пра гэта няма. Нам цікава, як жывуць беларусы ў такіх варунках, як выжываюць пад прэсінгам, як супрацьстаяць рэпрэсіям і што можна зрабіць, каб гэты тэрор нарэшце скончыўся».

    Магчыма, праблема не толькі ў адсутнасці карэспандэнтаў, але і ў тым, што ў інфармацыйнай прасторы дамінуюць адныя і тыя ж апазіцыйныя спікеры, якія цягнуць коўдру на сябе і навязваюць Еўропе сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі.

    Мы бачым, што ў матэрыялах заходняй прэсы пра Беларусь дамінуе шэраг стэрэатыпаў, сюжэты падаюцца спрошчана, часта пад уплывам трактовак расійскіх СМІ. Магчыма, праблема яшчэ ў тым, што самі беларускія рэдакцыі працуюць з‑за мяжы, і таму фокус іх увагі да тых ці іншых пытанняў ссоўваецца ў «эмігранцкі» бок. І гэта таксама падстава задумацца беларускім журналістам.

    Як выйсці з гэтай сітуацыі?

    «Прыцягваць да супрацы з тымі ж галандскімі медыя беларускіх журналістаў, перакладаць беларускую літаратуру на галандскую мову — кажа Дан дэ Урыс. — Не так даўно ў Галандыі адбылася прэзентацыя кнігі Філіпенкі — і гэта прыцягнула шмат дадатковай увагі да сітуацыі ў Беларусі».

    «Што можна параіць беларускім журналістам? Найперш больш імкнуцца артыкуляваць сваю пазіцыю, — падсумоўвае Аляксандр Фрыдман. — У тым ліку на замежных мовах, каб якасная аналітыка прасоўвалася на Захад».

    Ганна Жыхарава з такім падыходам згодная і спадзяецца, што і «швейцарскія журналісты задумаюцца і зразумеюць, што не трэба заўсёды імкнуцца выстаўляць свет лепшым, чым ён ёсць, і што сітуацыі ўнутры Беларусі, тэме палітвязняў, у заходняй прэсе будзе надавацца нашмат больш увагі».

    Чытайце яшчэ:

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    «Размаўляць на роднай мове, каб будаваць «лінгвістычныя межы»». Эксперты абмеркавалі, як расійская агрэсія змяняе постсавецкую прастору

    Команда The Village Беларусь покидает проект из-за отсутствия финансирования

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці