• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

    Карыстальнікі могуць даслаць памылковую інфармацыю, а прапаганда часам адкрыта хлусіць. Але і тое, і тое можна выявіць, аналізуючы відэа, спадарожнікавыя і анлайн-мапы. Пра гэта ды іншыя карысныя інструменты распавядалі эксперты падчас варкшопаў у межах прафесійнага фактчэк-марафону «Давярай, але правярай!».

    Пачнем з азоў: бяром больш за адну крыніцу і не верым хлусам

    Самыя даступныя крыніцы інфармацыі ў Беларусі — знаёмыя. Так лічыць супрацоўніца «Нашай Нівы» —  спікер аднаго з варкшопаў. Калі неабходных людзей вакол няма, то можна пайсці больш складаным спосабам: спачатку выйсці на чалавека ў эміграцыі, які калісьці працаваў на прадпрыемстве ці меў дачыненне да нейкага горада. «Тады мы шукаем праз яго знаёмых», — кажа яна.

    Чаты, каментары, абмеркаванні ў сацыяльных сетках таксама дапамагаюць медыйшчыкам пачуць новыя гісторыі, пацвердзіць свае здагадкі і выбраць тэмы для распрацоўкі. Пры гэтым інфармацыю не заўсёды проста праверыць. І найскладаней гэта, калі крыніцай з’яўляецца ананімны чытач. Калі рэдакцыя атрымала інфармацыю ад ананімнага чытача, то «Наша Ніва» раіць звярнуць увагу:

    • На эмацыйнасць чалавека. Ці можна сказаць, што ён пераследуе не толькі тыя мэты, пра якія паведамляе.

    • Калі ёсць магчымасць, то вывучыць сацсеткі асобы, у самых важных выпадках — запытаць інфармацыю з баз дадзеных (у гэтым дапамагаюць Байпол і «Кіберпартызаны»).

    • Абмеркаваць з калегамі: начытанасць і кругагляд даюць лепшае разуменне сітуацыі і асобы яе ўдзельніка.

    • І апошняя парада — не давяраць тым, хто раней хлусіў.

    Таксама важна крытычна ставіцца да перадруку чужых гісторый, бо памылку можа зрабіць іншая рэдакцыя, падрэслівае супрацоўніца «Нашай Нівы»: так было з гісторыяй «былога спецназаўца», які хлусіў наконт сваёй біяграфіі.

    Здараецца, што рэдакцыю дэзінфармуюць наўмысна. Адзін з вядомых сярод медыйшчыкаў персанажаў  Яўгені Какойта. Гэтая асоба закідвае фэйкі медыям, часам адгукаецца на абвесткі пошуку герояў. Яго гісторыі навучыліся выяўляць, але бывалі і праколы:

    «Мы шукалі на месцах інфармацыю пра палітычныя звальненні. Прыляцеў каментар ад нібыта супрацоўніка, які [для пацверджання сваёй гісторыі] выкарыстаў здымак [фатографа Васіля] Сямашкі, а не свой», — кажа супрацоўніца рэдакцыі. Здымак фатографа не пазналі ў час. Суразмоўца дадае: падчас інтэрв’ю былі нестыкоўкі, праз якія гісторыю таксама маглі б не апублікаваць — але іх не заўважылі ў час, бо яны не ўвайшлі ў фінальную версію інтэрв’ю.

    Улічыўшы гэты і папярэдні вопыт, журналісты «Нашай нівы»:

    • часцей шукаюць людзей самі, чым даюць абвестку праз сацсеткі рэдакцыі;

    • верыфікуць герояў праз відэа;

    • правяраць іх інфармацыю праз іншыя крыніцы;

    • сочаць за логікай аповеду, і калі ёсць сумневы з гэтай ці іншай нагоды — адмаўляюцца ад публікацыі.

    Апроч карыстальніцкага кантэнту, асцярожнасці патрабуюць некалькі іншых катэгорый інфармацыі, тлумачыць супрацоўніца «Нашай Нівы».

    - Вірусныя гісторыі. Яны звычайна суправаждаюцца эмацыйнай афарбоўкай, праз якую больш складана неперадузята ўбачыць факты.

    - Навіны пра чыноўнікаў высокага рангу. Да такой інфармацыі мае дасяг вельмі абмежаванае кола людзей, і таму складана знайсці пацведжанне ці абвяржэнне.

    - Заявы прапаганды.

    Крок наступны: як правяраць прапаганду?

    У прапагандзе можна знайсці не толькі маніпуляцыі лічбамі і фактамі, але і наўпроставы падман, тлумачыць рэдактарка з фактчэкінгавага праекта Week­ly Top Fake «Беларускага расследніцкага цэнтра»​ Алена.

    «Мы намагаемся выбіраць [для перадач] адкрытую хлусню. Перабольшанне ў два разы — мала, лепш у тры разы, як у Лукашэнкі, а яшчэ лепш у пять-дзесяць», — кажа яна. Напрыклад, у адным з апошніх выпускаў WTF прыводзяцца заніжаныя ў пяць разоў лічбы па колькасці людзей з ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі.

    Як пазнаць фэйк і абвергнуць яго?

    - Брацца за дзіўныя факты. Пасля правяраць іх праз пошук у сеціве, калі гаворка пра іншую краіну — шукаць на яе мове.

    - Звяртаць увагу на спікера. «Ёсць прапагандысты, асцярожныя ў сваіх выказваннях, напрыклад, да Мукавозчыка складана падкапацца. А вось Эйсмант, Азаронак не сочаць за фактамі», — дзеліцца вопытам рэдактарка.

    - Улічваць факты, а не эмоцыі ці меркаванні. А таксама шукаць некалькі крыніц інфармацыі і ўлічваць, што каментар-абвяржэнне ад зацікаўленага боку не можа лічыцца доказам.

    «Беларускія ўлады кажуць, што літоўскім дзяржслужбоўцам пагражае звальненне за паездку ў Беларусь ці [за іх] палітычныя погляды. Калі мы напішам у Літву, то словы літоўскіх уладаў у адказ [на словы беларускіх] не будзе доказам», — кажа Алена.

    Дарэчы, як абвергла гэты фэйк літоўская рускамоўная рэдакцыя Delfi? У публікацыі яна піша, што журналісты праверылі СМІ і сайт інспекцыі працы і не знайшлі пацверджання звальненняў.

    - Выбіраць надзейныя крыніцы для праверкі.

    Алена нагадала, што Вікіпедыю нельга лічыць за крыніцу інфармацыі. Лічбы трэба правяраць у статыстычных зборніках ці ў першакрыніцах, напрыклад, на афіцыйных сайтах устаноў і арганізацый. Цытаты з дакумента адшукаць у арыгінале, нават калі ён займае сотню старонак і напісаны на англійскай мове. Для фота і відэа трэба знайсці першакрыніцы, у іх правярыць дату, ці быў адрэдагаваны матэрыял і да якіх падзей насамрэч адносіцца.

    Бонус. Як выкарыстоўваць мапы і пашыраны пошук у Twitter

    Шукаць фота можна праз Google Lens ці Яндэкс (ён значна лепш шукае па расійскіх сацыяльных сетках). Але калі вы не знаходзіце першакрыніцу таго, што лічыце фотафэйкам? У такім разе фота можа быць паказана люстэркава, як гэта здарылася з зыходнікам выявы, дзе нібыта ўкраінскі вайсковец цалуе сцяг ЗША. Насамрэч здымак зроблены ў 2010 годзе ў Таджыкістане.

    Такі прыём часта выкарыстоўваюць прапагандысты, тлумачыць Вольга Юркова з украінскага фактчэкінгавага праекта StopFake.org. Хутка павярнуць выяву ў патрэбны бок можна праз сэрвіс Resize Pix­el.

    Вольга Юркова дадае: папулярны спосаб стварыць непраўдзівае відэа — перакрыць гук музыкай і пагоршыць якасць малюнка. Аналіз відэа можна зрабіць з дапамогай плагіна InVid для Fire­fox (тут інструкцыя ад Stop­Fake). Часам папярэдне відэа трэба спампаваць, што можна зрабіць праз сэрвіс savefrom.net.

    Далей у InVid можна выкарыстаць функцыі:

    • Mag­ni­fi­er, каб павялічыць і разглядзець асобныя фрагменты выявы, напрыклад, назвы вуліц ці іншыя подпісы, адметныя аб’екты, назвы крам.

    • Foren­sic, якая дазваляе паглядзець метададзеныя відэа.

    • Search — раздзел, дзе сярод функцый ёсць пашыраны пошук па Twit­ter, а таксама па базах англамоўных фактчэкінгавых сайтаў.

    Дарэчы, пашыраны пошук у Twit­ter таксама дапамагае знайсці пасты з фота ці відэа па розных крытэрах, а разам убачыць, хто з якімі подпісамі іх публікаваў. 

    Што тычыцца аналізу доўгатэрміновых працэсаў, то яго можна рабіць з дапамогай спадарожнікавых фота з Google Earth (ёсць анлайн версія з абмежаваным функцыяналам і дэкстопная з больш поўным). Сэрвіс дазваляе паглядзець здымкі аднаго і таго ж месца за розныя гады.

    Падобным чынам можна выкарыстоўваць Google Street View, толькі для аналізу выгляду канкрэтных вуліц і месцаў. Так, напрыклад, зрабілі ў Stop­Fake, каб абвергнуць інфармацыю пра тое, што аўтобусны прыпынак ва Украіне абстралялі свае ж вайскоўцы.

    «Гэта была не вельмі простая праца, бо трэба шмат мець на ўвазе. Аналіз драбнічак інфармацыі і аб’яднанне іх у адну карціну можа заняць некалькі гадзін ці нават дзень», — кажа Вольга Юркова.

    Яна падагульняе: для выкрыцця многіх фэйкаў дастаткова лагічнага мыслення плюс патрэбных інструментаў, і толькі для часткі — адмысловыя веды ці доступ да адмысловай інфармацыі.

    Чытайце яшчэ: 

    Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі

    Соцсети «на максималках»: советы по распространению материалов и вовлечению аудитории

    Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці