Супраць Таццяны Пыцько распачатая крымінальная справа за дапамогу мужу — відэааператару Вячаславу Лазараву
Зараз сужэнцы Таццяна Пыцько і Вячаслаў Лазараў знаходзяцца ў віцебскім СІЗА-2, іх аднагадовая дачка неўзабаве будзе пераведзеная ў Дом дзіцяці з абласной дзіцячай лякарні, куды яе забралі пасля затрымання маці.
Таццяну Пыцько затрымалі 6 чэрвеня. Праз некалькі дзён ёй прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Сутнасць справы стала вядомая пасля таго, як у Следчы камітэт пачалі выклікаць людзей па справе Таццяны. Следчых цікавіла, каго здымаў Вячаслаў Лазараў, хто быў ініцыятарам здымак і замоўнікам відэаматэрыялаў. У СК трапіў архіў відэааператара, што захоўваўся на ягоных камп’ютарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.
Супраць яе мужа, Вячаслава Лазарава, распачатая крымінальная справа паводле арт. 361–4 КК РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем.
Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы сёлета 9 лютага. У яго кватэры сілавікі правялі ператрус, у выніку якога да следчых трапіла аргтэхніка. З тае пары яго ўтрымліваюць пад вартай.
Праваабаронцы выказваюць меркаванне, што пераслед ягонай жонкі з’яўляецца дадатковым фактарам ціску на зняволенага.
28 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнала віцебскага відэааператара-фрылансера палітычным вязнем. Сёння, 21 чэрвеня, такі самы статус быў нададзены і Таццяне Пыцько.
Чытайце яшчэ:
Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава
Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»
Журналіста Анджэя Пачобута этапавалі ў наваполацкую калонію