• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Другі запар Дзень незалежнасці Украіна адзначае ва ўмовах вайны, што наўпрост адбіваецца на працы медыя. У гэты цяжкі час для прафесіі загінулі больш за 70 журналістаў. Да таго ж некаторыя рэпарцёры ў лепшым выпадку перажылі рэлакацыю, у горшым — зазналі палон і катаванні.

    Аднак украінскія СМІ з годнасцю трываюць выпрабаванні. Нават падчас цяжкіх баёў у Бахмут дастаўляліся газеты, расказвае ў гутарцы з БАЖ кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны (НСЖУ) Сяргей Таміленка.

    Расстраляная свабода слова: 70 загінулых, некаторыя ў палоне

    Відавочна, што ўкраінскую незалежную журналістыку ўспрымаюць як пагрозу для расейскага наступу. Рэпарцёры і прадстаўнікі медыя часта становяцца мішэнню для агрэсараў.

    Па звестках НСЖУ, падчас вайны загінулі больш за 70 супрацоўнікаў медыя. Частка — у выніку выканання прафесійных абавязкаў, частка — у шэрагах ЗСУ, частка — як грамадзянскія ахвяры.

    Апошняя на дадзены момант трагедыя здарылася ў чэрвені 2023 года ў Краматорску, калі ад расійскай ракеты загінула вядомая праваабаронца, пісьменніца Вікторыя Амеліна, якая дакументавала ваенныя злачынствы.

    Лёс некаторых журналістаў, якія засталіся на часова акупаванай тэрыторыі, дагэтуль невядомы. Гучная гісторыя адбылася ўвесну ў Мелітопалі, дзе расейцы затрымалі вядомую журналістку Ірыну Леўчанка (раней яна працавала для выдання «Тэлеграф») і кінулі «на падвал».

    У саюзе журналістаў лічаць, што злачынствы супраць журналістаў павінны разглядацца асобным чынам падчас трыбунала. Праект, у межах якога акумулююцца доказы, носіць сімвалічную назву «Расстраляная свабода слова».

    — Мы дакументуем сведчанні журналістаў, якія пацярпелі ў выніку расійскага ўварвання, і іх блізкіх, — кажа Сяргей Таміленка. — На сёння зафіксаваныя больш за сто сведчанняў, якія перададзеныя праваабарончай ініцыятыве «Трыбунал для Пуціна».

    «Людзі нават абдымалі і цалавалі газету»

    Нягледзячы на рэгулярныя ракетныя абстрэлы і рызыку для жыцця, большасць журналістаў па-ранейшаму застаюцца ва Украіне. Прычым частка — на фронце ці ў прыфрантавой зоне.

    — Сітуацыя на дэакупаваных тэрыторыях складаная, — не хавае Сяргей Таміленка. — Там зруйнаваная інфраструктура, распаўсюд інфармацыі вельмі абмежаваны. Гэта вялікі выклік для нас усіх.

    Аднак для краіны, дзе захаваліся моцныя традыцыі свабоды слова, нават такія ўмовы — не перашкода. Кіраўнік НСЖУ расказвае пра ініцыятыву па аднаўленні выпуску і распаўсюду перыёдыкі на вызваленых тэрыторыях:

    — Шукаем матэрыяльныя рэсурсы, каб прафінансаваць першыя выпускі газет. Такім чынам атрымалася адрадзіць 28 выданняў у Данецкай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай абласцях. Для чытачоў гэта важная крыніца інфармацыі, якая натхняе людзей на будучыню.

    Так, пасля васьмі месяцаў акупацыі выйшла газета «Вісті Снігурівщини» ў Мікалаеўскай вобласці. Яе выпуск аднавіўся ўжо на дзясяты дзень пасля вызвалення Снігяроўкі.

    — Людзі нават абдымалі і цалавалі газету. Для іх такое блізкае і роднае выданне — сімвал Украіны і перамогі, — распавядае Сяргей Таміленка.

    Яшчэ адзін яскравы прыклад — бахмуцкая газета «Вперед», друк якой аднавіўся з кастрычніка 2022 года. Галоўная рэдактарка Святлана Аўчарэнка цяпер працуе з Адэсы.

    Падчас баёў за Бахмут газету спачатку дастаўлялі валанцёры, а пасля — салдаты. Яе распаўсюджвалі сярод людзей, якія хаваліся ў падвалах.

    Як кажа Святлана Аўчарэнка, гэта дазволіла выратаваць жыццё тысячам людзей. У артыкулах журналісты абвяргалі словы расійскай прапаганды, якая прапаноўвала заставацца ў горадзе. Але газета заклікала эвакуявацца: «Украіна вас чакае».

    У выніку жорсткага супрацьстаяння горад зруйнаваны. Аднак «Вперед» па-ранейшаму выходзіць і газета трапляе ў рукі бахмутаўцаў, якія вымушаныя былі пераехаць у Харкаў, Днепр і іншыя рэгіёны.

    Гэта сведчанне таго, навошта на базісным узроўні патрэбна журналістыка і колькі каштуе інфармацыя ў крызісных умовах. Цяжка пераацэньваць яе значэнне.

    «Адзіны прыярытэт улады — падтрымка тэлерадыёмарафону»

    Найбольшым выпрабаваннем, мяркуе Сяргей Таміленка, стала пагаршэнне эканамічнага становішча, што наўпрост адбілася на медыясферы. Канешне, яшчэ ёсць бізнесы і сэрвісы, якія зацікаўленыя ў рэкламе, але цяперашнія аб’ёмы манетызацыі немагчыма параўнаць з мірным часам.

    Сітуацыя нечым нагадвае становішча беларускіх незалежных медыя, якія сутыкнуліся з немагчымасцю зарабляць грошы на рэкламе, а могуць разлічваць толькі на грантавую падтрымку і данаты чытачоў.

    — Вайна руйнуе эканамічныя асновы. Адпаведна, частка медыя зачыняюцца, журналісты звальняюцца, — канстатуе кіраўнік НСЖУ.

    Ён заўважае, што ўрадавай падтрымкі няма. З аднаго боку, зразумела, што асноўныя сілы накіраваныя на абарону краіны і падтрымку арміі. З іншага — востра паўстае пытанне аб выжыванні незалежнай журналістыкі.

    Зразумела, украінскім медыя дапамагае міжнародная супольнасць. У прыватнасці, для журналістак-уцякачак рэалізуецца праграма ў Косава, якая стала магчымай дзякуючы падтрымцы ўрада Германіі.

    Аднак гаворка, хутчэй, пра кароткатэрміновыя праграмы, а не пра ўстойлівую мадэль існавання. Што ж будзе, калі прыярытэты ў донараў раптоўна зменяцца?

    Пэўныя негатыўныя наступствы ўжо назіраюцца — скарачаецца асартымент СМІ, асаблівае хваляванне выклікае доступ чытачоў у рэгіёнах да мясцовай інфармацыі, звяртае ўвагу Сяргей Таміленка.

    — Адзіны прыярытэт улады — падтрымка тэлерадыёмарафону, — заўважае ён. — У тэлевізійнай прасторы пануе тэлемарафон. Умоўна з 20 каналаў на 10–12 будзе ісці яго трансляцыя. Нельга казаць, што гэта незалежная журналістыка.

    З распаўсюдам друкаванай прэсы таксама існуюць праблемы. На сёння «Уркпошта» праводзіць, як кажуць у НСЖУ, канфліктнае рэфармаванне: зачыняюцца паштовыя аддзяленні, звальняюцца паштальёны. Складаецца крытычная сітуацыя, што пагражае мясцовым друкаваным выданням.

    — Тры тыдні таму мы адкрылі «гарачую лінію» і атрымалі больш за 500 скаргаў на тое, што прэсу не дастаўляюць. Гэта можа пагражаць зніжэннем колькасці накладаў, — папярэджвае Сяргей Таміленка.

    Чаканні? Аптымістычныя!

    І ўсё ж такі свабодалюбівая краіна не дазволіла сабе вярнуцца ў часы цэнзуры і ганебнага ціску на журналістыку. Многія рэпарцёры працуюць без выходных на фронце, у прэсе рэгулярна выходзяць расследаванні, чыноўнікі і палітыкі аператыўна каментуюць ваенную абстаноўку.

    — Нас, як і ўсіх украінцаў, падтрымлівае барацьба за свабоду і незалежнасць, — кажа Сяргей Таміленка. — Была альтэрнатыва: або вітаць акупантаў, або змагацца з імі. То бок альтэрнатывы не было. Украінскі народ зрабіў выбар. Медыя не скаціліся ў прымітыўную прапаганду, не сталі адлюстраваннем расійскай інфрапрасторы. Адначасова захавалася сувязь з народам.

    Якой будзе журналістыка пасля вайны ва Украіне? Гэта залежыць ад многіх фактараў. Аднак у НСЖУ спадзяюцца, што дэмакратычныя ўмовы будуць захаваныя, застанецца доступ да незалежнай прэсы і павага да каштоўнасцяў свабоды.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў шчыра віншуе ўсіх украінскіх калег, партнёраў і ўсіх украінцаў і украінак з Днём незалежнасці!

    Слава Украіне!

    Чытайце яшчэ:

    «Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

    «Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве

    Кіраўнік НСЖ Украіны Таміленка: Беларускім журналістам патрэбныя саюзнікі на ўзроўні ўрадаў дзяржаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці