«Мне радасна, што я сыходжу на піку». Кацярына Пытлева развіталася з камандай «Маланкі»
Пра свой сыход з праекта былая праграмная дырэктарка незалежнага беларускага СМІ Malanka.media паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram.
Вядомая журналістка Кацярына Пытлева прыйшла на Malanka.media крыху больш за тры гады таму. На той момант гэта быў невялікі канал у YouTube:
«З аўдыторыяй крыху менш чым у 20К падпісчыкаў, якому было каля двух месяцаў і які мала хто ведаў. І мне радасна, што я сыходжу на піку — рэсурс у сваёй найлепшай форме за ўсе гады існавання, з топавымі праглядамі на двух каналах і ў Цік Току.
Цяпер гэта ўжо не блогерства, а паўнавартаснае медыя на некалькі каналаў і з уласным сайтам навін.
Я шчаслівая, што маю працу ацанілі ментары з BBC, якія сказалі, што некаторыя паказчыкі для іх цуд і хутчэй яны могуць вучыцца ў Malanka».
Спадарыня Кацярына падкрэслівае, што яна бясконца ўдзячная камандзе, з якой яны прыйшлі да такіх вынікаў за такі кароткі тэрмін.
«Так, мы працавалі без выходных і па начах, так, шмат што рабілася з паветра на голым энтузіязме, але менавіта таму Malanka і атрымалася, і выстаяла. Гэта бясцэнны досвед для мяне, я зразумела, што магу ўсё, у тым ліку і з нуля будаваць рэдакцыі, і наладзіць працу так, каб у маленькай каманды былі выходныя.
Цяпер варта было б напісаць «але» і растлумачыць прычыны звальнення, але я не хачу шкодзіць камандзе і праекту, у які я ўклала здароўе, душу і столькі сіл. У рэшце рэшт у гэтым офісе выраслі мае дзеці.
Таму напішу так: маёй галоўнай памылкай стала тое, што я блізка да сэрца прыняла гэты праект, забыўшыся, што я ўсяго толькі наёмны працаўнік.
Але, з іншага боку, інакш і не атрымалася б тое, што атрымалася. Шкада толькі, што мне нават не далі правесці развітальны эфір. Але ўжо як ёсць. Адпускаю і іду далей.
Дзякуй усім, хто глядзеў, лайкаў, шэрыў і даваў інтэрв’ю. Дзякуй тым, хто крытыкаваў і лаяў, без гэтага не было б і росту. Буду радая, калі вам спадабаюцца змены і вы падтрымаеце праект і цудоўных людзей, якія ў ім засталіся. Маё новае жыццё мне ўжо вельмі падабаецца, дыхаю на поўныя грудзі, нарэшце зноў усміхаюся і танчу, так што ўсё да лепшага. Доўгага жыцця, Malanka, яркага новага жыцця мне!»
Чытайце яшчэ:
Кацярына Пытлева: «Павіншавалі адзін аднаго з экстрэмісцкім статусам»
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў
Рамана Пратасевіча выдалілі са «спісу экстрэмістаў»