Рамана Пратасевіча выдалілі са «спісу экстрэмістаў»
Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуў увагу на тое, што ў апошняй рэдакцыі «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян альбо асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» больш няма прозвішча Рамана Пратасевіча.
У «экстрэмісцкі» спіс, які вядзе МУС РБ, Рамана Пратасевіча ўключылі 1 снежня 2023 года — разам са Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам, якіх судзілі завочна на адным працэсе. Прысуды чальцам рэдакцыі звышпапулярнага падчас пратэстаў 2020 года тэлеграм-канала Nexta былі вынесеныя 3 траўня 2023 года ў Мінскім абласным судзе.
Фігурантаў абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, у абразе прэзідэнта, распаўсюдзе заведама ілжывых звестак пра Рэспубліку Беларусь ды іншых злачынствах. Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зняволення, Рудзіку і Пуцілу — адпаведна 19 і 20 гадоў пазбаўлення волі.
22 траўня 2023 года стала вядома пра тое, што Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. У «спіс экстрэмістаў» ён трапіў пасля памілавання ўжо, аднак прабыў у ім усяго два месяцы. Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік у ім засталіся.
Нагадаем, летам 2020 года Раман Пратасевіч быў рэдактарам сеткі каналаў Nexta, потым пайшоў адтуль, каб працаваць з каналамі «Беларусь галаўнога мозгу». Калі Пратасевіч ужо быў за межамі Беларусі, улады абвясцілі яго «тэрарыстам» і нават накіравалі Польшчы запыт на экстрадыцыю.
23 траўня 2021 года Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя беларускімі сілавікамі пасля прымусовай дзеля гэтага пасадкі ў мінскім аэрапорце замежнага самалёта, які ляцеў з Грэцыі ў Літву.
Неўзабаве пасля затрымання Раман Пратасевіч пачаў з’яўляцца ў эфіры дзяржаўных медыяў, на «пакаянных» відэа і прапагандысцкіх прэс-канферэнцыях. У чэрвені 2021 года Пратасевіча перавялі пад хатні арышт, у эфіры БТ яго паказвалі як вольнага чалавека, ад ягонага імя нават спрабавалі запусціць новае выданне.
Чытайце яшчэ:
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў
У Віцебску Барыса Хамайду аштрафавалі на 600 рублёў. І прызначылі новы суд
СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе. Электронны бюлетэнь БАЖ