У Віцебску Барыса Хамайду аштрафавалі на 600 рублёў. І прызначылі новы суд
Віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП: супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што на ягонай старонцы Facebook знайшлі спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Барыс Хамайда трапіў пад хвалю затрыманняў 23 студзеня. Ранкам да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ і Першамайскага РАУС, і пасля ператрусу найстарэйшага віцебскага грамадскага актывіста забралі ў міліцыю. Ягоны тэлефон, як напісаў спадар Хамайда, пабываў у руках аднаго з тых сілавікоў, што рабілі ператрус. І акурат у тую самую раніцу 23 студзеня ў яго на старонцы з’явіліся «экстрэмісцкія» падпіскі.
Двое сутак Барыс Хамайда адбыў у ізалятары часовага ўтрымання, а на судовае слуханне, якое адбывалася праз Skype, яго прывялі ў кайданках. Гэта заўважыў суддзя Першамайскага райсуда Віцебска Міхаіл Юрчанка і загадаў ахове зняць іх. Суд у той дзень не скончыўся: суддзя не знайшоў падстаў, каб вынесці пакаранне, і судовы працэс быў працягнуты 2 лютага.
Паводле новага допісу спадара Хамайды ў Facebook, пасля суду яго зноў адвезлі ў Першамайскі РАУС, дзе склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол. 5 лютага вядомага віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы чакае новы суд.
Адміністрацыйныя справы — не навіна для 76-гадовага Барыса Ханонавіча. Мужчыну неаднаразова вінавацілі за арганізацыю «несанкцыянаваных пікетаў», маючы на ўвазе ягоныя выхады ў цэнтр Віцебска да так званага «сіняга дома» на вуліцы Леніна, дзе ён раней распаўсюджваў «Народную волю», часопіс ARCHE і іншыя выданні. У апошнія гады, калі друкаваныя незалежныя СМІ перасталі выходзіць з прычыны эканамічнага і юрыдычнага ціску, Барыс Хамайда пачаў распаўсюджваць кнігі беларускіх аўтараў — прычым абсалютна бясплатна, бо гэта былі выданні з прыватных бібліятэчных збораў.
Тры гады таму міліцыя забрала «абсталяванне» ягонага «працоўнага месца»: столік і бел-чырвона-белы парасон, па якім Барыса Хамайду здалёк пазнавалі віцебскія мінакі. Былі адабраныя і беларускія кнігі, з якімі ён выходзіў да землякоў. Цяпер на распаўсюдніка складаюць пратаколы па самым «народным» адміністрацыйным артыкуле — за знойдзеныя ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкія» спасылкі.
Чытайце яшчэ:
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў
СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе. Электронны бюлетэнь БАЖ
У Казахстане не акрэдытавалі больш за 30 супрацоўнікаў «Радыё Свабода». Выданне звярнулася ў суд