• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў

    Рэгіянальныя ўлады пачалі вярбоўку блогераў на карысць дзяржаўных СМІ. Брэсцкая чыноўніца ўзгадала, што ў абласной газеце «Заря» ужо працуе адзін такі супрацоўнік. А докшыцкая раёнка нават абвесціла аб стварэнні адпаведнай акадэміі. Гэта далёка не першая спроба прыцягнуць увагу аўдыторыі да дзяржгазет, але чаму цяпер зноў спрабуюць уліць новае віно ў старыя мяхі? БАЖ паспрабаваў разабрацца разам з палітычнымі аглядальнікамі Валерыем Карбалевічам і Аляксандрам Фрыдманам.

    Абвешчаны набор блогераў

    Заявы чыноўнікаў ад ідэалогіі ў рэгіёнах сведчаць аб тым, што напярэдадні выбараў у парламент (павінны адбыцца 25 лютага 2024 года) улады імкнуцца натуральным чынам павысіць увагу да прапагандысцкіх СМІ.

    — Праца ў інтэрнэт-прасторы — задача №1 для сучаснага СМІ, а таму мы пайшлі па шляху прыцягнення да працы ў рэдакцыях блогераў, — заявіла, у прыватнасці, начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава.

    Паводле яе словаў, з пачатку 2024 года ў абласной газеце «Заря» працуе папулярны брэсцкі блогер (імя яго на пасяджэнні аблвыканкама не назвалі), а яшчэ аднаго павіны былі прадставіць 1 лютага «Кобрынскаму весніку».

    А рэдакцыя докшыцкай раённай газеты «Родныя вытокі» пайшла яшчэ далей, абвесціўшы аб стварэнні «Акадэміі блогераў». Для навучэнцаў набыты тэхнічныя сродкі: стабілізатар для відэаздымкі смартфонам і пятлічныя бесправадныя мікрафоны.

    «Насуперак словам Лукашэнкі людзі усё менш чытаюць папяровыя газеты і глядзяць тэлебачанне»

    Гэта можна лічыць прызнаннем, што эфектыўнасць традыцыйных СМІ улады лічаць недастатковай. Ёсць намер павысіць рэйтынгі, прычым натуральным чынам, а не наўпрост на паперы, як гэта робіць са сваімі накладнікамі «СБ. Беларусь сегодня». Але чаму менавіта цяпер?

    Абодва спікеры, да якіх БАЖ звярнуўся па каментар, адзначаюць, што задача прыцягваць інтарэс аўдыторыі перад дзяржСМІ стаяла заўсёды, а бягучы імпульс магла надаць электаральная кампанія.

    — Прыцэл больш не на цяперашнія парламенцкія выбары, а на прэзідэнцкія, якія павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года, — падкрэслівае Аляксандр Фрыдман. — Можна сказаць, працуюць на перспектыву, бо бачаць рэальныя рэйтынгі. Улада разумее, што са звычайнай прэсай дасягнуць пэўнай аўдыторыі цяжка, таму вымушаны звяртацца па дапамогу дадатковых сілаў. Гэта спроба прасоўваць наратывы праз розныя каналы.

    Трэба таксама ўлічваць інэрцыю рэжыму, што заўсёды рабіў стаўку на кансерватыўныя спосабы распаўсюджвання інфармацыі — найперш праз традыцыйныя СМІ: тэлебачанне, газеты, радыё. Можна лічыць, што прыцягненне блогераў — своеасаблівы спосаб захаваць дзяржаўную перыёдыку, уплыў якой за апошнія гады значна знізіўся.

    — Відаць, чыноўнікі ўсё ж такі разумеюць, што насуперак словам Лукашэнкі людзі усё менш чытаюць папяровыя газеты і глядзяць тэлебачанне, — заўважае Аляксандр Фрыдман.

    У канцы 2023 года Беларуская аналітычная майстэрня апублікавала дадзеныя сацыялагічнага апытання, згодна з якім цалкам давяраюць дзяржСМІ і давяраюць часткова 68% апытаных. Гэты ж паказчык для незалежных медыя складае 57%. Аднак, мяркуючы з усяго, афіцыйныя СМІ па-ранейшаму істотна менш эфектыўныя, чым гэтага б хацелася дзейнай уладзе. Прычына такога правалу ляжыць, прынамсі збольшага, у якасці кантэнту і ўзроўні прафесіяналізму: у надзвычай спрыяльных умовах дзяржаўныя СМІ відавочна не спраўляюцца з заваяваннем даверу грамадства.

    — Ва ўмовах дэпалітызацыі грамадства зніжаецца ўвага да традыцыйных медыяў, — пацвярджае Валерый Карбалевіч. — Нават людзі немаладога ўзросту даўно карыстаюцца інтэрнэтам. Стаіць пытанне, якім чынам павысіць цікавасць. Трэба, каб аўдыторыя давярала медыям і каб там друкаваліся аўтарытэтныя персоны. А блогеры — людзі, якія цікавыя значнай частцы аўдыторыі. Таму нядзіўна, што чыноўнікі імкнуцца павысіць увагу з дапамогай людзей, якія маюць рэпутацыю. Прапанова цалкам лагічная.

    Яшчэ адзін матыў, лічыць Аляксандр Фрыдман, — занепакоенасць рэжыму ўплывам расійскіх СМІ. Менавіта пра гэту рызыку ў 2020–2021 гадах папярэджвалі многія эксперты, аднак вочы рэжыма, калі знішчаліся і выціскаліся незалежныя медыя, былі засланыя помстай. Цяпер жа вакуўм штучным чынам спрабуюць запоўніць з дапамогай блогераў, але пакуль выходзіць няёмка.

    «Азаронка і Мукавозчыка ў пэўным сэнсе таксама можна лічыць блогерамі»

    Насамрэч гэта далёка не першая спроба ўлады шчыльней працаваць з блогасферай. Яшчэ ў пачатку 2000‑х газета «СБ. Беларусь сегодня» пачала актыўна прыцягваць аўтараў з культурніцкай тусоўкі. У хуткім часе эксперымент быў прызнаны няўдалым, а пасля здарылася «Плошча-2010» і праект канчаткова згарнулі.

    А ў 2020 годзе з’явіўся цэлы россып такіх спойлераў. У прыватнасці, блогер з Брэста Аляксей Голікаў, які, па звестках «Нашай Нівы», зарабляе здачай нерухомасці ў арэнду і тым, што грымуе нябожчыкаў. Мужчына актыўна выказваўся ў падтрымку ўлады, рабіў інтэрв’ю з Юрыем Караевым, Юрыем Васкрасенскім, Андрэем Мукавозчыкам, меў аўтарскую рубрыку на тэлеканале СТБ. Аднак пачаў крытыкаваць дзеянні ўлады: негатыўна выказваўся пра БРСМ, заяўляў, што «бэчэбэшнікаў не перамаглі», пратэсныя настроі яшчэ тлеюць. Пасля такога дзяржаўныя беларускія СМІ проста перасталі яго выкарыстоўваць. Цяпер жа YouTube- і Telegram-каналы Голікава схаваныя.

    Іншы прыклад — гомельскі правакатар Яўген Катляроў (не аднойчы прадстаўляўся як Яўген Какойта). Ён неаднаразова звязваўся з рэдакцыямі незалежных медыяў, прадстаўляючы ілжывыя звесткі, каб дыскрэдытаваць журналістаў. Але цяпер, паводле яго словаў, яму самому пагражае крымінальная справа, нядаўна паведамляў «Флагшток».

    — У 2020–2021 гадах у праўладных колах разгарнулася шырокая дыскусія аб прыцягненні патрыятычных блогераў, якія павінны былі заваяваць аўдыторыю, — нагадвае Аляксандр Фрыдман. — Былі розныя спробы. Так з’явіліся Андрэй Сыч і Юрый Церах (ён жа Людажор).

    Часам, аднак, гэта нагадвае банальную ратацыю і тасаванне старой калоды. Узяць хаця б стары-новы твар Юрыя Уварава, які публікуецца ў адыёзным прапагандысцкім выданні «Мінская праўда» і мае свой YouTube-канал. У пачатку 2000‑х ён асвятляў крымінальную тэматыку ў дзяржаўным інфармагенцтве БЕЛТА, а цяпер разважае, хто стаіць за пратэстамі ў Башкартастане і чаму ЗША чакае распад.

    Аднак Валерый Карбалевіч лічыць неістотным, з чаго пачыналі т. зв. блогеры — значней, дзе яны цяпер.

    — Азаронка і Мукавозчыка ў пэўным сэнсе таксама можна лічыць блогерамі, — лічыць палітычны аглядальнік. — Яны маюць сваю аўдыторыю, прапануюць сваю візію на нейкую падзею і збіраюць пэўную колькасць праглядаў. Не так важна, адкуль прыйшоў блогер — мае значэнне сацыяльны капітал у выглядзе аўдыторыі.

    Аднымі блогерамі праблему даверу наўрад ці можна вырашыць

    Калі ж разважаць на тэму перспектываў адносінаў блогераў і ўлады, то, здаецца, сама ідэя супярэчлівая. Грамадзянская журналістыка зарабляе рэпутацыю на шчыльным узаемаедзеянні са сваёй аўдыторыяй, што часцяком звязана з крытыкай дзейнага парадку дня.

    — Пэўны кавалак аўдыторыі новая плыня праўладных блогераў можа ўцягнуць, — не выключае Аляксандр Фрыдман. — Але разлічваць яны могуць толькі на непалітызаваную частку грамадства. Так званых нейтралаў з аднаго боку спрабуюць супакоіць з дапамогай рэпрэсій, а з другога — імкнуцца заваяваць іх давер.

    Істотная праблема ў тым, лічыць палітычны аглядальнік, што блогеры не з’яўляюцца часткай сістэмы і іх цяжка кантраляваць поўнасцю. Калі яны набудуць вагу, то могуць выйсці з‑пад кантролю, а рэжым гэтага засцерагаецца.

    — Каб блогер стаў папулярны, ён павінен уздымаць вострыя тэмы, а значыць, напрыклад, крытыкаваць мясцовыя ўлады, — дадае Валерый Карбалевіч. — Але каму гэта цяпер цікава? У пэўны момант блогер уступіць у канфлікт з чыноўнікамі. Як яны будуць вырашаць праблему? Аднак асноўнае пытанне ў тым, наколькі ўвогуле вялікі давер у грамадства выкліча такі падыход. Аднымі блогерамі праблему наўрад ці можна вырашыць.

    Чытайце яшчэ:

    Блогер Сяргей Ціханоўскі: я магу стаць Хадаркоўскім і нават Каліноўскім

    Віктар Малішэўскі: «За кожным гыгыгыканнем стаіць сур’ёзная аналітыка»

    «Якая ў вас адукацыя? — Блогер!» Што не так з прапановай адкрыць новую спецыяльнасць ў беларускіх ВНУ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці