Кацярына Пытлева: “Павіншавалі адзін аднаго з экстрэмісцкім статусам”
Улада працягвае маркіраваць незалежныя медыя экстрэмісцкім штампам, хаця, здаецца, гэта ўжо ні на што не ўплывае. Чарговай мішэнню стала Malanka Media, і Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла, што гэта добрая нагода спытацца ў праграмнага дырэктара Кацярыны Пытлевай, як адчувае сябе медыя ў выгнанні.
“Не было зразумела калі…”
— Улады прызналі Malanka Media экстрэмісцкім фармаваннем. Што гэта змяняе?
— Насамрэч мы ведалі, што так адбудзецца, проста не было зразумела калі. Улічваючы, што такі статус даюць цяпер многім, гэта было толькі пытанне часу.
Але што цікава, нашы матэрыялы вельмі доўгі час не прызнавалі экстрэмісцкімі. Дзесьці год ці нават больш нас не было наогул у падобных спісах, хоць мы на той момант ужо былі ў топе палітычных каналаў на YouTube.
Мы нават здзіўляліся, усіх вакол, нават дробныя Telegram-каналы, лакальныя чаты прызнавалі экстрэмісцкімі, а нас — не. Аднак пасля дабраліся і да нас, а новы статус, было зразумела, таксама не за гарамі. Так і здарылася.
Мы адзін аднаго павіншавалі. Усё ж такі гэта свайго роду прызнанне з боку нелегітымнай улады. Значыць, мы ўсё робім правільна і гаворым праўду.
Для нас гэта мала што змяняе па сутнасці, мы працягнем працаваць, як і працавалі.
— На YouTube-канале Malanka Media 124 тысячы падпісчыкаў. Што стаіць за гэтай лічбай?
— Беларусы, якія нас глядзяць і падтрымліваюць, хоць гэта небяспечна. І мы вельмі за гэта ўдзячныя і вельмі цэнім нашых гледачоў. Без іх нічога б не было.
А калі казаць пра нашу невялікую каманду, то гэта вельмі шмат працы без выходных і адпачынкаў. Гэта і радасць, і слёзы, і пастаянны пошук, і самаўдасканаленне. Немагчыма ў пару радкоў укласці, колькі мы ўсе працавалі дзеля таго, каб за два гады дарасці да паўнавартаснага медыя.
Але варта адзначыць, што цяпер “Маланка” — гэта не адзін, а ўжо чатыры каналы. У нас акрамя Live-канала ёсць таксама жаночы і дзіцячы, дзе мы нядаўна запусцілі новыя праекты непалітычнага характару. І для нас яны — свайго роду прадуха, як і для нашых гледачоў. Каб была магчымасць пераключацца з навін.
— Але ж Malanka гэта таксама сайт і сацсеткі. Відавочна, што відэа стала асноўным складнікам у экасістэме. Што з тэкставымі версіямі атрымалася, а што — не?
— Так, цяпер у нас ёсць і сайт, і ўласнае прыкладанне. Тэкставая рэдакцыя «Маланкі» — гэта вялікі рывок для нас. Мы пакуль на самым пачатку шляху, але планаў і ідэй шмат.
Мы ўжо тэстуем новыя тэхналогіі і, напрыклад, маем вопыт выкарыстання штучнага інтэлекту, які сочыць за спартыўнымі матчамі і на працягу дзевяці секунд выдае на сайт вынікі. Наперадзе яшчэ некалькі падобных эксперыментаў. Хочацца ісці ў нагу з часам.
Асаблівы гонар — наша прыкладанне (AppStore, Google Play), у якім можна і чытаць нас без VPN, і глядзець ролікі “Маланкі” без пераходу на YouTube. Гэта важна ва ўмовах, калі абмежаванні могуць пашырыцца ў любы момант.
Сацсеткі — асобны кірунак працы. Мы засталіся ў “ВКонтакте” і “Одноклассниках” і цяпер вывучаем спосабы прасоўвання там, тэстуем для сябе і пляцоўку Яндэкс.Дзэн.
Астатнія папулярныя сеткі, вядома, таксама развіваем. У TikTok у нас хутка адкрыецца трэці канал для кантэнту з нашага жаночага канала.
Мы не хочам абмяжоўваць сябе і гатовыя быць там, дзе нас зручна чытаць і глядзець розным беларусам.
“Незалежныя медыя вытрымалі ўдары 2020 і 2021 гадоў”
— Свой акаўнт у Facebook вы вядзеце па-беларуску, але ж сайт і YouTube “Маланкі” — рускамоўныя. Чаму?
— Таму што мае асабістыя старонкі — гэта мае асабістыя старонкі. І там я хачу пісаць на беларускай мове. Што тычыцца “Маланкі”, то ад самага пачатку існавання праекта было прынята рашэнне, што медыя будзе на рускай мове для таго, каб быць зразумелымі для розных беларусаў і жыхароў пастсавецкай прасторы, гэтага мы і прытрымліваемся. У нас ёсць беларускамоўны кантэнт, але асноўная доля — на рускай мове.
— У 2020 годзе вы казалі, што Беларусі бракуе незалежных медыя. Два гады для сектара былі жахлівымі. Як ацэньваеце сітуацыю цяпер? Чаго не хапае?
— Мне здаецца, што незалежныя медыя вытрымалі ўдары 2020 і 2021 гадоў, хоць рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль. Я вельмі радуюся за калег, якія былі вымушаныя рэлакавацца, але працягваюць працаваць, пашырацца і ахопліваць новую аўдыторыю. І радасна, што беларусы нават у цяперашніх умовах знаходзяць магчымасць падтрымліваць, чытаць і глядзець незалежныя СМІ.
Асобна варта адзначыць новы напрамак — цяпер з’яўляецца больш забаўляльнага, непалітычнага і неінфармацыйнага кантэнту. З’яўляюцца новыя каналы і блогеры, і гэта вельмі выдатна.
— Якую будучыню ў прафесіі бачыце для сябе? Чым бы хацелі займацца?
— Тое, чым я займаюся цяпер — ужо спраўджаная мара. Але я не ўмею стаяць на месцы, мне хочацца расці, спрабаваць новае і вучыцца. Мне б хацелася больш розных праектаў — інфармацыйных і не толькі, хацелася б яшчэ папрацаваць на радыё, я вельмі сумую па ім.
Чытайце яшчэ:
Экстрэмізм: Sojka разбіраецца ў гатунках
«Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку
«Калі чалавека захочуць прыцягнуць да адказнасці, улады гэта зробяць». Юрысты пра карыстанне «экстрэміцкімі» інтэрнет-рэсурсамі