• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі чалавека захочуць прыцягнуць да адказнасці, улады гэта зробяць». Юрысты пра карыстанне «экстрэміцкімі» інтэрнет-рэсурсамі

    Штодня з'яўляюцца навіны пра тое, што новы тэлеграм-канал альбо інтэрнет-рэсурс прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім.  Апошняя тактыка ўладаў — наданне інтэрнет-выданням статусу "экстрэмісцкага фармавання".

    Чым небяспечная падобная практыка для звычайных чытачоў і карыстальнікаў сеціва, разважаюць юрысты Алег Агееў і Міхаіл Баднарчук.

    Юрыст БАЖ Алег Агееў: “У сілавікоў і судоў цяпер столькі інструментаў, што галовы ляцяць направа і налева”.

    Па-першае, вельмі складана прагназаваць, як будуць дзейнічаць улады, бо законам яны не карыстаюцца — ім «не да законаў». Таму правапрымяняльная практыка мае хібы ўжо даўно.

    Па-другое, трэба мець на ўвазе, што на практыцы “экстрэмізм” бывае розным. Самая лайтовая версія, калі чалавек распаўсюджвае кантэнт, які ўлады палічылі або могуць палічыць “экстрэмісцкім”. Да гэтага часу адказнасць была адміністрацыйная — арышт альбо штраф. Калі чалавек зрабіў рэпост інтэрнет-рэсурсу, які пазней унеслі ў нейкі экстрэмісцкі спіс, ці калі кантэнт у чытача не выдалены і даступны для абмежаванага ці неабмежаванага кола карыстальнікаў сацсетак, можа быць адміністрацыйная адказнасць.

    Тое, што адбываецца цягам апошніх тыдняў, калі рэдакцыі прызнаюць “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, — новы фармат. Па гэтым фармаце пакуль няма судовай практыкі, але ёсць затрыманыя людзі, крымінальныя справы, ёсць спісы гэтых фармаванняў. Панятак экстрэмізму зрабілі такім шырокім, што немагчыма прадказаць, як будзе працаваць правапрымяняльная практыка. Затрыманні пачаліся, і спіс пашыраецца. Што будуць інкрымінаваць фігурантам спраў за ўдзел у такім фармаванні? Напрыклад, улады прызналі экстрэмісцкім не Белсат, а групу людзей, якія звязаныя з Белсатам. А калі глядзець шырэй, экстрэмістам паводле такой практыкі можа аказацца любы грамадзянін, які чымсьці не падабаецца прадстаўніку ўлады.

    У сілавікоў і судоў цяпер столькі інструментаў, што галовы ляцяць направа і налева. Сыходзячы з новай практыкі, усе грамадзяне Беларусі, якія карыстаюцца інтэрнетам, могуць трапіць пад  крымінальны пераслед за “экстрэмізм”, а не адміністрацыйны. І такая практыка робіць механізмы прыцягнення да адказнасці настолькі неправавымі, што цяжка раіць нейкія канкрэтныя спосабы абароны ад пераследу.

    Па-трэцяе, у заканадаўстве ёсць яшчэ панятак экстрэмісцкай арганізацыі і крымінальная адказнасць за дачыненне да яе.

    Кожны чалавек мусіць разумець, што мы жывём пад юрысдыкцыяй дзяржавы, якая не карыстаецца прававым падыходам. Атрыманне інфармацыі — адно з асноўных правоў чалавека, і дзяржава павінна гэтае права забяспечваць. Яно важнае настолькі, наколькі важна дыхаць  паветрам. Калі дзяржава забараняе дыхаць, трэба абіраць, што рабіць — не дыхаць альбо карыстацца гэтым правам і разумець, што за гэта могуць пакараць.

    Варта разумець, што адпісвацца ад тэлеграм-каналаў, чысціць стужку не мае сэнсу. Калі чалавека захочуць прыцягнуць да адказнасці, гэта зробяць. Таму кожны мусіць сам вырашыць, што яму рабіць.

     

    Міхаіл Баднарчук, юрыст, у мінулым адвакат, удакладняе правапрымяняльную практыку на падставе дзейнага беларускага заканадаўства.

    “Сыходзячы з ужо распачатай практыкі ў частцы прызнання чаго-небудзь экстрэмісцкімі фармаваннямі, можна канстатаваць, што выкарыстоўваецца максімальна шырокая трактоўка дадзенага тэрміна. У арт. 1 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці» пазначана, што экстрэмісцкае фармаванне — гэта група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб прызнанні яе экстрэмісцкай. Першапачаткова выклікала вялікія пытанні сама магчымасць прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем» інтэрнэт-рэсурсаў (сайтаў, тэлеграм-каналаў)», — падкрэслівае Міхаіл Баднарчук.

    Фармаванне прадугледжвае нейкае ўзаемадзеянне паміж арганізатарамі і ўдзельнікамі, а таксама іх узаемныя актыўныя дзеянні.

    Міхаіл Баднарчук. Фота з уласнага Facebook

    “У выпадку з каналамі і сайтамі якое-небудзь прамое ўзаемадзеянне адсутнічае. Пры гэтым трэба разумець, што нават факт аднясення чалавека да групы грамадзян, прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем, не азначае аўтаматычнае прыцягненне гэтага чалавека да адказнасці паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса.

    Згодна з дыспазіцыяй гэтага артыкула, удзелам у экстрэмісцкім фармаванні прызнаецца ўваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтай учынення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці. Пры гэтым, паводле заўвагі да дадзенага артыкула, пад злачынствам экстрэмісцкай накіраванасці разумеюцца злачынствы, спалучаные са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да экстрэмізму, а роўна іншае злачынства, здзейсненае паводле матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці ці варажнечы, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці або па матывах варожасці або варажнечы ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы.

    У арт. 1 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці» змяшчаецца вельмі шырокі пералік дзеянняў, якія прызнаюцца экстрэмізмам (ад гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу да распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў і апраўдання экстрэмізму). Разам з тым пунктамі гэтага пераліку з’яўляюцца зноў жа ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Па сутнасці, абодва акты (Закон і Крымінальны кодэкс) адсылаюць адзін да аднаго, ствараючы поўную нявызначанасць.

    Разам з тым, калі чалавек з’яўляецца, напрыклад, толькі падпісчыкам тэлеграм-канала, прызнанага часткай экстрэмісцкага фармавання, але ён не распаўсюджваў яго зместу і ні ў якім выглядзе не абмяркоўваў штосьці з іншымі яго падпісчыкамі, дастаткова складана сцвярджаць, што ён уступіў у экстрэмісцкае фармаванне з мэтай учынення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці.

    Найбольш чаканым у дадзеным выпадку з’яўляецца выкарыстанне факта падобнай падпіскі ў якасці дадатковага складу злачынства ў выпадку, калі грамадзянін зрабіў нейкае больш канкрэтнае дзеянне, якое мае прыкметы экстрэмізму. Найбольш яскравым прыкладам можа быць напісанне абразлівых выказванняў на адрас прадстаўнікоў улады ў каментарах пад навіной у тэлеграм-канале, які прызналі экстрэмісцкім.

    У дадзеным выпадку, калі асоба грамадзяніна будзе высветленая, яго дзеянні могуць быць кваліфікаваныя адначасова і як абраза прадстаўніка ўлады, і як удзел у экстрэмісцкім фармаванні.

    Трэба разумець, што для праваахоўных органаў ніколі не было праблемай атрымаць санкцыю пракурора, каб правесці вобшук практычна ў любым памяшканні. У большасці выпадкаў дастаткова даволі абстрактнай фармулёўкі ў пастанове, што па пэўным адрасе нібыта могуць знаходзіцца рэчы, дакументы і іншыя прадметы, якія могуць мець значэнне для расследавання крымінальнай справы — без якога-небудзь аргументаванага тлумачэння, паводле якіх прычын была зробленая такая выснова. Таму і казаць пра тое, што падпіска на прызнаную экстрэмісцкай крыніцу інфармацыі з’яўляецца нейкай новай і незвычайнай падставай для правядзення вобшуку і іншых следчых дзеянняў, не даводзіцца», — кажа юрыст.

    Рэкамендацыі мала чым будуць адрознівацца ад таго, што так даўно ўжо прыводзяцца па пытаннях лічбавай бяспекі.

    «Неабходна прымаць меры да поўнай ананімізацыі. Варта разумець, што абраза альбо неасцярожны заклік у сеціве, цяпер трактуецца сапраўды гэтак жа, як аналагічныя дзеянні, учыненыя афлайн. Трэба быць вельмі асцярожным пры стасунках з любымі незнаёмымі суразмоўцамі ў інтэрнеце: разумець, што перапіска нават са знаёмымі людзьмі, калі яна ўтрымлівае перасылку якой-небудзь прызнанай экстрэмісцкай інфармацыі, можа пасля стаць вядомай трэцім асобам, калі да іх патрапіць ваш тэлефон ці тэлефон суразмоўцы. У гэтым сэнсе, безумоўна, неабходна дастаткова часта чысціць гісторыю перапісак нават з блізкімі людзьмі. Усе гэтыя дзеянні нясуць зусім відавочную небяспеку. Што ж тычыцца самога факта падпіскі на той ці іншы тэлеграм-канал, улічваючы супярэчлівасць паняткаў, можна дапусціць, што і гэтае дзеянне будзе карацца. Але куды большую небяспеку, безумоўна, уяўляе ўдзел у якіх-небудзь абмеркаваннях у чатах, прызнаных экстрэмісцкімі, напісанне каментароў пад навінамі ў такіх каналах, а таксама перасылка ў тым ці іншым выглядзе паведамленняў з такіх каналаў іншым людзям», — робіць выснову Міхаіл Баднарчук.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці