• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок

    Нягледзячы на працу ў выгнанні і «экстрэмісцкі» статус ад беларускага рэжыму, у адыходзячым годзе БАЖ ініцыяваў гучную акцыю салідарнасці, працягваў масава дапамагаць калегам і рэдакцыям, разам з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў аднавіў конкурс «Вольнае слова». І гэта толькі малы спіс зробленага.

    Здаецца, самы час падводзіць вынікі за год. Робім гэта разам з кіраўніцтвам арганізацыі.

    У гэтым «шалёным, шалёным, шалёным свеце» войнаў і канфліктаў праца БАЖ павялічваецца

    Год пачаўся з таго, што рэжым начапіў на БАЖ цэтлік «экстрэмісцкае фармаванне». Падкрэслім, асацыяцыя стала першай з праваабарончых арганізацый, якія атрымалі такі статус. Рашэнне было прынятае КДБ 28 лютага ў пазасудовым парадку. Гэта не было нечаканасцю.

    Але крыміналізацыя журналісцкай арганізацыі, натуральна, пагаршае ўмовы працы медыйшчыкаў, бо гэта акт запалохвання і акт абмежавання правоў і магчымасцяў калег, падкрэсліў тады намеснік БАЖ Барыс Гарэцкі.

    Як нагадвае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, згодна з дадзенымі «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь — адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў у свеце. Апроч таго, яна лічыцца краінай з найбольшай колькасцю (пасля Кітая) жанчын-журналістак у няволі — 10. А тры з шасці самых жорсткіх прысудаў у свеце жанчынам-журналісткам былі вынесеныя беларускам: Марыне Золатавай (12 гадоў), Людміле Чэкінай (12 гадоў) і Валерыі Касцюговай (10 гадоў).

    — Канешне, мы не маглі заставацца ў баку і ўсімі магчымымі спосабамі падтрымлівалі нашых калег, — падкрэслівае кіраўнік журналісцкай асацыяцыі. — У прыватнасці, правялі сусветную кампанію.

    Гаворка пра Марафон салідарнасці з затрыманымі журналістамі. Ён стартаваў у Вільні, а на працягу года да яго далучыліся каля 30 краін, акцыя прайшла амаль на ўсіх кантынентах. Апошняе паведамленне атрымалі з Канады, дзе да Марафона далучыліся прадстаўнікі глабальнай сеткі па абароне і прасоўванні свабоды выказвання меркаванняў IFEX.

    — Самае шчымлівае паведамленне мы атрымалі з Галівуда, — адзначае арганізатарка гэтага руху, дзякуючы якой марафон не спыняецца. — Рэжысёр з ЗША Эрні Барбараш вырашыў далучыцца да кампаніі салідарнасці, каб падтрымаць гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову.

    Акцыю падтрымалі нават у далёкай Аўстраліі — мясцовы «Альянс медыя, забаў і мастацтваў» (MEAA) прыняў адпаведную рэзалюцыю і патрабаваў вызвалення журналістаў. А найбольш шырока да Марафона салідарнасці далучыліся «Рэпарцёры без межаў», якія запусцілі кампанію ў 12 краінах.

    — Працягваем праваабарончую дзейнасць, хоць некаторыя акцэнты працы змяніліся, — працягвае Андрэй Бастунец. — Наша дзейнасць шырока падтрымліваецца міжнароднымі структурамі. Днямі падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю распавялі пра стан медыясектара. Таксама актыўна супрацоўнічаем з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў. А ў лістападзе 2023 года БАЖ быў адзначаны прэміяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    Гульня ў люстэркі. Ідзем у TikTok. Кампаніі падтрымкі калег

    Інфармацыйная праца БАЖ на далоні, дакладней на нашым сайце і ў сацсетках. Дарэчы, у гэтым годзе адбыўся вымушаны пераезд БАЖ на baj.media. Гэта была прэвентыўная мера, бо мы сутыкнуліся з пагрозай адабрання беларускімі ўладамі даменнага імя baj.by. Актыўныя дзеянні ўладаў у гэтым напрамку пачаліся адразу пасля публікацыі намі пазіцыі адносна правядзення Форуму аб кіраванні інтэрнэтам. Разумеючы небяспеку, сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў пераехаў на новы міжнародны адрас.

    — Паралельна змагаліся з блакаваннем люстэрак беларускім рэжымам і Раскамнаглядам, — кажа Барыс Гарэцкі. — Як толькі нас блакуюць у Беларусі, мы адразу купляем чарговы дамен. З прычыны абмежаванняў у Расіі бачым меншую пазіцыю ў Google, але ёсць і выдатныя тэндэнцыі, якія я не буду агучваць, каб не даваць інфармацыю нашым ворагам.

    Два словы пра аўдыторыю, якая таксама пражывае няпростыя часы. Судзячы па выніках нашага апытання, многія чытачы адчуваюць стомленасць ад дрэнных навін ці перажылі выгаранне. Тыя ж калегі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, часцей спасылаюцца на такія складанасці: немагчымасць сустракацца з роднымі і блізкімі, цяжкі псіхалагічны стан, вывучэнне замежнай мовы і пошук працы па прафесіі.

    — Дзякуючы гэтаму даследаванню, мы ўбачылі некалькі выразных сегментаў аўдыторыі, — дадае намеснік старшыні БАЖ. — Умоўна кажучы, ёсць сталыя медыяпрафесіяналы, а ёсць чытачы якім 20–25 гадоў. Для больш маладой  аўдыторыі мы вырашылі запусціць канал у Tik­Tok, у межах якога пераўпакоўваем самае галоўнае. Зрабіць тэкст адна справа, але яго трэба яшчэ данесці да чытача ў прывабнай форме. Таму цяпер у нас ёсць паўнавартасны SMM-аддзел, які вядзе Insta­gram, Face­book, Telegram.

    Ва ўсіх сацсетках назіраем пэўныя нагоды для аптымізму. Аднак Tik­Tok, канешне, дэманструе найвялікшы прагрэс.

    — Выхад у Tik­Tok стаў важным пунктам у развіцці БАЖ, як брэнда, — лічыць вядоўца бажаўскага Tik­Tok Кацярына Васілёнак. — За першыя паўгода мы змаглі сабраць больш за паўмільёна праглядаў, улічваючы вельмі вузкую тэму і кантэнт выключна на беларускай мове. Прыемна, калі беларусы падыходзяць да мяне на вуліцы і кажуць: ведаю вас, вы з БАЖ, бачыў у Tik­Tok. Гэта значыць, што ў нас атрымліваецца даносіць сэнсы аўдыторыі. Адзначу, што большая частка глядзіць нас з Беларусі.

    Чытачы таксама маглі заўважыць, што на сайце стала значна больш унікальных публікацый. Гэта таксама намаганні па ўзмацненні інфармацыйнай кампаніі БАЖ. Мы асвятлялі праблемы, канфлікты, недарэчнасці, з якімі сутыкаюцца калегі. Нехта не мог вывезці з Украіны аўтамабіль, нехта — мае складанасці з атрыманнем ВНЖ.

    — Акрамя таго, актыўна ўдзельнічалі і падтрымлівалі кампаніі па збору сродкаў для журналістаў, якія трапілі ў цяжкае становішча, — працягвае Барыс Гарэцкі. — У прыватнасці, для Юліі Цяльпук, якая трапіла ў ДТЗ у Беластоку і цяжка пацярпела. Атрымалася сабраць 16 тысяч злотых. Цяпер яна праходзіць лячэнне.

    Таксама сёлета мы паспяхова дапамагалі збіраць сродкі для іншых нашых калег: Юрыя Несцярэнкі, Генадзя Верацінскага, Сяргея Сацука і Леаніда Судаленкі.

    Найбольш гучнай кампаніяй улетку стаў марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!», які актыўна падтрымліваў і асвятляў БАЖ. Нагадаем, агульнымі намаганнямі атрымалася сабраць больш за 574 тысячы еўра. Гэта быў відавочны поспех дэмакратычных сіл і медыяў.

    Нарэшце, у Літве адбыўся міжнародны турнір па футболе сярод журналістаў, правядзенне якога стала традыцыяй у мірны час і працягваецца дагэтуль. У ім прынялі ўдзел каманды з Украіны, Польшчы, Латвіі, Грузіі, Арменіі і Венгрыі, а таксама з Вільні і Каўнаса. Беларусы занялі 4‑е месца!

    «Колькасць зваротаў да юрыстаў зніжаецца»

    Праваабарончая дзейнасць застаецца адной з асноўных для БАЖ. Гэты напрамак адчуў вялікія змены.

    — Цяпер, з вяртаннем да працы Леаніда Судаленкі ўсе рэгіёны маюць прадстаўнікоў, — падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, які ў гэтым годзе быў прызнаны праваабаронцам года. — Але колькасць зваротаў да юрыстаў зніжаецца. Калі раней большая частка намаганняў ішла на прававую дапамогу, то цяпер павялічваецца колькасць запытаў ад тых, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Гэта вялікі кавалак працы.

    У той жа час патрабуе большай увагі міжнародны напрамак. Справа ў тым, што Рада Еўропы адмовілася ад кантактаў з беларускім рэжымам і пераключыла рэсурсы на дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. У межах гэтай дзейнасці былі праведзеныя два важныя мерапрыемствы ў Страсбургу і Варшаве, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі БАЖ.

    — Канешне, рэпрэсіі не зніжаюцца. Мы назіраем выхад на своеасаблівае плато. Колькасць зняволеных журналістаў амаль не змяншаецца: адны супрацоўнікі медыяў выходзяць на волю, але затрымліваюць іншых, — нагадвае Алег Агееў. — Відавочна, што рэпрэсіі на спад не ідуць, а на большае ў рэжыму не хапае рэсурсаў.

    Год якасці і эксперыментаў

    Не менш важная адукацыйная дзейнасць, якая заўсёды лічылася козырам БАЖ. Вэбінары і семінары не спыніліся. І яны выклікаюць вялікую цікавасць.

    — Гэта быў год якасці і эксперыментаў, — лічаць адказныя кіраўнікі. — Мы падлічылі агульную колькасць удзельнікаў мерапрыемстваў, атрымалася 348 чалавек. Гэта як у лепшыя нашы гады. То бок івэнтаў менш, а ўдзельнікаў — не.

    Па назіраннях супрацоўнікаў асацыяцыі, каля траціны ўдзельнікаў — новыя людзі. То бок тыя, хто нядаўна далучыўся да прафесіі альбо хто плануе далучыцца. Адукацыйныя курсы ўсё часцей наведваюць не толькі журналісты, але і медыяактывісты, праваабаронцы.

    Доўгатэрміновы курс па фактчэкінгу добра адлюстроўвае запатрабаванні часу. Гэтыя семінары наведвалі не менш за 28 чалавек.

    — Асабліва адметна, што з намі працягваюць працаваць украінскія партнёры і арганізацыі. Гэта сведчыць пра давер да БАЖ, — дадалі адказныя за адукацыйную дзейнасць.

    Ёсць запыт на правядзенне афлайн-мерапрыемстваў, аднак цяпер гэта патрабуе больш рэсурсаў — трэба забяспечыць сродкі на пераезд, пражыванне і г. д.

    Яскравай і сімвалічнай падзеяй стала аднаўленне конкурсу «Вольнае слова» пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў верасні 2023 года ў Вільні, куды з’ехаліся беларускія журналісты з розных краін. Як у старыя і добрыя часы.

    Чытайце яшчэ:

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці