• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аднойчы знікнуць усе газеты. І што далей?

    На такую правакацыйную тэму неяк прапанавала паразважаць нам, тады яшчэ студэнтам, выкладчыца журфаку БДУ. Зразумела, нічога талковага не атрымалася. Хоць чвэрць стагоддзя таму рэжым Лукашэнкі ўжо набыў моц і незалежныя журналісты сталі асноўнай мішэнню, усё ж немагчыма было сур’ёзна ўспрымаць антыўтопію і яе магчымыя наступствы. Цяпер жа неверагоднае стала рэальнасцю, і на нашых вачах адбылося знішчэнне і выцісненне незалежных медыяў. Да чаго гэта прывяло і яшчэ, бадай, прывядзе, разважае Сяргей Цвярдзічаў.

    Страта сувязі з грамадствам і, адпаведна, рост напружання

    У дэмакратычных краінах незалежныя медыя — пад асобай абаронай дзяржавы не таму, што свабода выказвання — гэта гучнае і прыгожае словазлучэнне. СМІ — важны вымяральнік настрояў і незадаволенасцяў простых людзей. Так было і да 2020 года ў Беларусі. Чыноўнікі маглі шмат казаць пра важнасць дзяржаўных газет і тэлебачання, але самі па сапраўдную, жыццёвую інфармацыю звярталіся да Tut.by ці «Нашай Нівы», напрыклад.

    Гэта вынікае з базавых функцый: дзяржаўнае выданне, якое цалкам фінансуецца з бюджэту райвыканкама, накіравана, каб дагаджаць чыноўнікам. Незалежныя ж журналісты арыентуюцца на чытачоў, якія чакаюць асвятлення хвалюючых іх пытанняў.

    Раней адказнаму за стан дарог ці камунальнай гаспадарцы было дастаткова прачытаць каменты карыстальнікаў пад адпаведным артыкулам у медыя і скарэктаваць тактыку. Напрыклад, у Tut.by была папулярная рубрыка «Доска позора», куды чытачы дасылалі скаргі на камунальныя праблемы: у кагосьці пад’езд не адрамантавалі, у кагосьці не прыбіралі смецце. Пасля публікацыі чыноўнікі звычайна рэагавалі.

    Аднак цяпер усё выкашана, закрэслена, забаронена, а сам Tut.by закрыты, нават даменнае імя адабралі. Адваротная сувязь знікла, але ж праблемы нікуды не падзеліся і не вырашаюцца. А значыць, напружанне ў грамадстве расце, людзі становяцца ўсё больш і больш незадаволенымі, толькі цяпер дзюбка імбрыка, што даўно кіпіць, заткнутая.

    У дзяржСМІ непрыемная для ўладаў інфармацыя можа выходзіць толькі пасля ўзгаднення зверху. Прыклад з інцыдэнтам у Мачулішчах, калі там быў пашкоджаны расійскі ваенны самалёт, вельмі яскравы. Усе незалежныя медыя паспелі паведаміць падрабязнасці, пакуль прапаганда сарамліва маўчала.

    — Але мы не сказалі, бо не было ніводнага афіцыйнага каментара, — апраўдвалася ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня» супрацоўніца СТБ Вольга Коршун, якой нядаўна была абвешчана падзяка. — Што казаць? Распаўсюджваць чарговыя чуткі і здагадкі? Быў інцыдэнт ці не было? Паўтаруся, фактчэкінг для нас на першым месцы.

    На высокіх нарадах чыноўнікі сцвярджаюць, што няма забароненых тэмаў і крытыка ў дзяржСМІ павінна прысутнічаць. У чэрвені 2022 года міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў раз’юшыўся, заўважыўшы, што за першы квартал у раённых газетах не выйшла ніводнага крытычнага матэрыялу:

    — Мы павінны ведаць усё, што адбываецца ў рэгіёне, маніторыць усе чаты, паблікі, сацсеткі. Першымі падымаць, асвятляць праблему і, у адрозненне ад нашых апанентаў, распавядаць пра яе рашэнне. Рэгіянальныя СМІ залежаць ад свайго заснавальніка ў асобе раённай або гарадской улады і не хочуць лішні раз хваляваць яго праблемнымі матэрыяламі. Нежаданне заахвочваць журналістаў да працы з праблемамі простых людзей непазбежна прывядзе да дэвальвацыі даверу не толькі да газеты, але і да яе заснавальніка.

    Але роўна праз год выйшаў указ № 172, згодна з якім на старонкі газет і ў тэлеэфіры мусяць трапляць выключна «станоўчыя прыклады вырашэння пытанняў», што паступаюць ад грамадзян. А зарэгістраванае ў адпаведным парадку выданне павінна праводзіць «інфармацыйна-асветніцкую работу», накіраваную на тлумачэнне насельніцтву канстытуцыйных патрабаванняў па ўзаемнай адказнасці грамадзян перад дзяржавай і наадварот.

    Іншымі словамі, любая крытыка павінна ўзгадняцца, а яе публікацыя робіцца надзвычай складанай і бюракратызаванай. Які шлях выбяруць супрацоўнікі дзяржСМІ? Адказ відавочны.

    Ну а калі некаму незразумела, то будзе як з рэдактаркай барысаўскай раённай газеты «Адзінства» Кацярынай Вераб’ёвай, якая паспрабавала даказаць, што крытыка ў сучаснай Беларусі магчымая. У інтэрв’ю праўладнаму блогеру Аляксею Голікаву яна скардзілася, што райцэнтрам не надаюць дастатковай ўвагі («калі праехацца па рэгіёнах — усё не так прыгожа»), у Барысаве ніяк не пабудуюць новую паліклініку ды й дарогі кепскія. Але ў хуткім часе была вымушаная звольніцца «па зразумелых прычынах». То-бок даказала, але адваротнае…

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    Яшчэ большая дыскрэдытацыя сілавікоў і недавер да ўлады, павялічэнне выпадкаў махлярства

    У непразрыстай сістэме, калі ў так званых сілавікоў развязаныя рукі, рана ці позна павялічваецца колькасць злоўжыванняў і злачынстваў там, дзе раней рызыка публічнасці стрымлівала, у прыватнасці, махляроў.

    МУС, КДБ, КДК і іншыя ведамствы з абрэвіятурамі, што складаюцца з трох і больш літар, могуць больш не азірацца на рэзананс у медыях («яны ж экстрэмісты, што з іх узяць»), а таму пазбаўленыя маральных і матэрыяльных абмежаванняў.  Раней міністр унутраных спраў вымушаны быў даваць тлумачэнні, калі яго падначаленыя застрэлілі мужчыну, які захапіў жанчыну ў закладніцы ў банку. Цяпер жа і міліцэйскія начальнікі, і сяржанцкі склад могуць быць спакойныя: ніхто не адважыцца крытыкаваць метады змагання «за спакой лаяльных уладзе грамадзян».

    Да таго ж надзвычайна высокі ўзровень недаверу дазваляе выкарыстоўваць зведзеную да нуля рэпутацыю сілавікоў махлярам. Сімптаматычны выпадак здарыўся ў канцы 2023 года: паведамлялася, што пад выглядам супрацоўнікаў КДБ у кватэру жыхаркі абласнога цэнтру ўварваліся чужынцы, пыталіся пра банкаўскія рахункі, пагражалі. І хоць потым прыйшло ўдакладненне, што махляры не заходзілі ў дом, а толькі тэлефанавалі па відэасувязі ў адным з мэсенджараў, факт застаецца: ашуканцы пачалі выдаваць сябе за сілавікоў, бо так званыя праваахоўнікі сёння выглядаюць і вядуць сябе як бандыты з 90‑х (то-бок тыя, ад каго яны павінны абараняць грамадства). Здаецца, пасля вызвалення Беларусі мы можам дазнацца шмат новага пра дзеянні сілавікоў у гэтыя змрочныя часы.

    Немагчымасць спыніць рэпрэсіі і разбалансіроўка сістэмы

    Рэжым апынуўся ў закладніках контррэвалюцыі. Цяпер ён не можа спыніць рэпрэсіі, паколькі залежыць ад сілавікоў, якія набылі неймаверную моц і сваю мэту бачаць у пошуках новых «экстрэмістаў». Нават калі б Лукашэнка захацеў зрабіць перапынак, то вельмі хутка адчуў бы незадаволены гул тых, дзякуючы каму ўтрымаўся ў 2020 годзе.

    З’ява набыла неверагодныя маштабы: літаральна кожны дзень адбываюцца затрыманні, некага абвяшчаюць «экстрэмістам», адбываецца чарговы наступ на свабоду слова і выказвання думак.

    — Ці рэальна запомніць тры тысячы экстрэмісцкіх матэрыялаў? — задаваў рытарычнае пытанне юрыст «Вясны» Павел Сапелка вясной 2023 года. — Атрымліваецца, кожны чалавек перад выказваннем меркавання павінен быць упэўнены, што рэсурс, на які ён спасылаецца, не з’яўляецца «экстрэмісцкім». Гэта добра адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі.

    Нядзіўна, што ў капцюры пільных барацьбітаў з «экстрэмістамі» усё часцей трапляюць «свае», у прыватнасці, за падпіску на «забароненыя рэсурсы». Такія выпадкі не адзінкавыя, іх дзесяткі, і тэндэнцыя павінна хваляваць прыхільнікаў улады. Бо за кожным могуць прыйсці ў любы момант, без выключэнняў.

    У сакавіку 2023 года паведамлялася, што сілавікі ўсё часцей прыходзяць да былых і дзейных супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў, западозраных у нелаяльнасці. Супрацоўнікі спецслужбаў заявіліся нават у студыю на Макаёнка, 9 і вывелі адтуль у кайданках уганараванага рэжысёра шматлікіх трансляцый Андрэя Пінчука. Пасля «прафілактычнай гутаркі» ён выйшаў ужо ў статусе беспрацоўнага.

    Адметнае затрыманне адбылося ў верасні таго ж года: у Гомелі прыйшлі да праўладнага актывіста Аляксандра Лебедзева. Яго нават сталі шукаць валанцёры. Праўда, праз некалькі гадзін стала вядома, што ён быў дастаўлены ў РАУС. Прычынай затрымання стала падпіска на адзін з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. На наступны дзень яго вызвалілі з дапамогай бацькоў.

    У пачатку 2024 года стала вядома, што за краты трапіў начальнік аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка. Прычынай сталі падпіскі чыноўніка ў сацсетках. Ён атрымаў 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле. Па службовым нумары карэспандэнту «Флагштока» паведамілі: «Яго няма і не будзе ўжо. Ён не працуе ўжо тут. З пачатку новага года не працуе».

    Што гэта, калі не прыкмета таго, што сістэма пры адсутнасці ў зоне дасягальнасці апанентаў пачынае жэрці сама сябе? Вось яшчэ трывожная для прыхільнікаў улады з’ява: усё часцей чуваць грызню паміж прапагандыстамі. Вольга Бондарава не задаволеная Ігарам Марзалюком, Ілля Бягун — Вольгай Бондаравай, Святлана Вараніца (кіраўніца гродзенскага абласнога аддзялення праўладнай партыі «Белая Русь») — Вольгай Бондаравай і Рыгорам Азаронкам. А ў міністра інфармацыі ўвогуле сабралася тоўстая тэчка скаргаў на апошняга.

    Адным словам, пачалася ўнутрывідавая барацьба, што пагражае выклікаць ступар у тэлегледачоў. Каму верыць, калі вакол ворагі рыхтуюць таемны замах на «лідэра»?

    — Гвалт стаў асноўным элементам палітыкі і спосабам існавання палітычнай сістэмы. Працуюць у асноўным тыя інстытуты, якія нацэленыя на захаванне ўлады Лукашэнкі, — яшчэ ў верасні 2022 года падкрэсліваў палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

    Адначасова, на яго думку, адбываецца пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму. Рэжым адмовіўся шукаць кампраміс з грамадствам, мы назіраем прымусовую легітымізацыю. Аднак спыніць рэпрэсіі ўжо немагчыма, бо гэта ўзаемазалежная сістэма, што жыве па сваіх прынцыпах.

    Палярызацыя грамадства

    У выніку грамадска-палітычнага крызісу беларускае грамадства падзелена не толькі геаграфічна, але і ментальна. Калі шматлікая дыяспара хутчэй чэрпае інфармацыю з незалежных медыяў, якія працуюць у выгнанні, то з беларусамі ў Беларусі сітуацыя больш складаная. Частка цалкам давярае дзяржСМІ, частка спрабуе ігнараваць інфармацыйны кантэкст, частка працягвае чытаць «забароненыя» крыніцы.

    Зразумела, што ў такіх умовах падзялу грамадства пазбегнуць было немагчыма. Лінія разлому прайшла па найбольш адчувальных пытаннях — адносінах да ўлады, падтрымцы ці асуджэнні агрэсіі Расіі ва Украіне, стаўленні да Захаду. Апошнія тры гады незалежныя сацыёлагі фіксуюць радыкальную палярызацыю. Прычым нянавісць адного боку да другога дасягнула такіх значэнняў, што два палюсы ледзь не гатовыя ваяваць паміж сабою.

    Па дадзеных сацыялагічнага даследавання Chatham House, праведзенага ў лістападзе 2023 года, пазіцыя Лукашэнкі ў вайне ўспрымаецца палярна. Не менш за траціны гарадскіх жыхароў не маюць пэўнага меркавання, прыкладна столькі ж пагаджаецца і не пагаджаецца з асноўнымі тэзісамі дзяржаўных СМІ.

    Фактычна беларусы існуюць у розных інфармацыйных бурбалках. Найбольш агрэсіўна, вядома, вядуць сябе некаторыя прапагандысты, самы дзікі з якіх Рыгор Азаронак. Матыў улады на паверхні — расчалавечванне апанентаў і нарошчванне сваёй аўдыторыі.

    Аднак мова варожасці сустракаецца не толькі ў дзяржаўных СМІ, але ж і ў YouTube- Telegram-каналах і на сайтах незалежных медыяў. Іншымі словамі, небяспечны трэнд працягваецца, і як збіраецца мірыцца грамадства, пакуль незразумела. Адно відавочна: чым далей, тым большы пралягае разрыў па ідэалагічным пытанні.

    Страта інфармацыйнага суверэнітэту

    Адзін з неад’емных складнікаў незалежнасці краіны — здольнасць праводзіць самастойную інфармацыйную палітыку. Яшчэ ў 2020 годзе палітычны аналітык Арцём Шрайбман папярэджваў, да чаго прывядзе ціск на незалежныя медыя. Але гэта не прадухіліла крыміналізацыі і выціснення журналістыкі. Вельмі сімвалічным было высаджванне расійскіх прапагандыстаў у 2020 годзе, калі стала зразумела, што дзяржСМІ не спраўляюцца. Замена на полі?

    Tut.by быў не проста флагманам незалежнай журналістыкі, наборам сімвалаў у радку браўзера і найбольш папулярным інфармацыйным сайтам. Гэта быў нацыянальны брэнд. Тое, з чаго сотні тысяч беларусаў пачыналі свой дзень. Унікальная для краіны інфармацыйная плынь. Адмовіцца ад нацыянальнага набытку — усе роўна, што знішчыць частку ўласнай ідэнтычнасці, выдаліць ДНК, добраахвотна дапусціць інвазію.

    Што мы цяпер бачым? Прапагандысты спаборнічаюць, хто з іх набольш прарасійскі; творы нацыянальных пісьменнікаў прызнаюць «экстрэмісцкімі»; іх помнікі зносяць. Замест гэтага з’яўляецца ўсё больш сімвалаў так званага «рускага свету». У інфармацыйнай прасторы ўсё яшчэ горш: дамінуюць прарасійскія наратывы, беларускія дзяржСМІ безагаворачна арыентуюцца на Крэмль, запазычанне стала інфармацыйнай палітыкай.

    У такіх умовах ключ ад кіравання інфармацыйнай прасторы знаходзіцца дакладна не ў гаспадара БТ і «СБ. Беларусь сегодня». Калі непаслухмяны васал узбрыкне, ім пачне віляць хвост расійскай прапаганды праз яго ж уласныя СМІ.

    Чытайце ячшэ:

    Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?

    Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га

    Дзяржаўны тэлеканал АНТ абвесціў, што ягоны YouTube цяпер мае больш за 1 мільён падпісчыкаў. Чаму гэта выклікае сумнеў?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці