• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Патрыёт роднага краю», «мужны глядыятар». Што раней пісалі дзяржаўныя СМІ пра Дунін-Марцінкевіча, творы якога прызналі экстрэмісцкімі

    8 лістапада суд у Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» збор твораў Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча. Доўгі час заўваг да творчасці класіка беларускай літаратуры ва ўладаў не было. Радыё Свабода высветліла, што раней пісалі дзяржаўныя СМІ пра паэта.

    У Беларусі рэпрэсіі ідуць ня толькі супраць жывых грамадзян краіны, але і супраць клясыка беларускай літаратуры. Улады даўно актыўна ўзяліся за сфэру культуры — ліквідуюць незалежныя выдавецтвы, даюць загады прыбраць зь дзяржаўных бібліятэк «няправільную» літаратуру, а творы вядомых аўтараў прызнаюць экстрэмісцкімі.

    8 лістапада суд Жыткавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтамовы збор твораў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьцi i апавяданьнi», выдадзены ў 2007–2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

    У жніўні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на просьбу пракуратуры Менску прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі выдавецтва «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы» і два вершы Дунін-Марцінкевіча — «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». Гэтыя вершы клясык беларускай літаратуры напісаў перад паўстаньнем Кастуся Каліноўскага супраць расейскага імпэрскага прыгнёту на беларускіх землях.

    Свабода прааналізавала некаторыя з ранейшых публікацый дзяржаўных СМІ і высьветліла, што яны раней пісалі пра Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

    «Па праве носіць імя заснавальніка новай беларускай літаратуры, прафэсійнай драматургіі і тэатру»

    У артыкуле БелТА ад 2 верасьня 2016 году пад назвай «Дасье: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» адзначаецца, што «паэт, драматург, драматычны дзеяч і асьветнік аказаў вялікі ўплыў на станаўленьне і разьвіцьцё беларускага пісьменства і сцэнічнага мастацтва».

    «Пісаў ён адначасова на дзьвюх мовах — польскай і беларускай, прычым даволі часта публікаваў польскія і беларускія творы ў адной складанцы і заўсёды заставаўся патрыётам роднага краю, любіў свой родны кут», — гаворыцца ў артыкуле.

    Таксама адзначаецца, што разам зь пісьменьніцкай дзейнасьцю Дунін-Марцінкевіч актыўна займаўся і асьветніцкай працай — арганізоўваў беларускія школы, зьбіраў фальклёр, запісваў размоўную мову. У ягоным доме зьбіралася ўся менская інтэлігенцыя, абмяркоўвалі стан беларускай культуры і літаратуры.

    Таксама ў тэксьце ўдзяляюць «асаблівую ўвагу» тэатральнай дзейнасьці Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча: «Пад уплывам спэктакляў расейскіх і польскіх труп у яго нарадзілася думка стварыць свой, адметны, беларускі тэатар».

    «Памёр таленавіты драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у 1884 годзе. Яго дзейнасьць вызначыла якасна новы этап у гісторыі нацыянальнай культуры. Творы пісьменьніка засьведчылі пераход ад фальклёрных і ананімных формаў да грунтоўнай прафэсійнай творчасьці. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч па праве носіць імя заснавальніка новай беларускай літаратуры, прафэсійнай драматургіі і тэатру», — гаворыцца ў публікацыі БелТА.

    «Памяць пра яго сьветлая. І добрая, як добры быў ён сам»

    Добрымі ўспамінамі пра беларускага клясыка адзначыўся і артыкул выданьня «СБ Беларусь сегодня», які выйшаў 4 лютага 2023 году з загалоўкам «„Ах, які добры чалавек!“. 215 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча».

    «Пэрыпэтыі жыцьця Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ня могуць не выклікаць раптоўнага пачуцьця пазнаваньня», — такімі словамі пачынаецца тэкст, у якім далей ідзе параўнаньне беларускага паэта з францускім бэлетрыстам Аляксандрам Дзюма. — «Яны і дыхалі ветрам адной эпохі: ХIХ стагодзьдзе — час сацыяльных узрушэньняў, бунтаў і навальніц і разам з тым залаты век літаратуры, калі слова нарэшце набыло сапраўдную вагу, а складальніцтва стала паступова ператварацца з салённай забаўкі ў прафэсію і пакліканьне».

    У артыкуле падкрэсьліваецца, што Дунін-Марцінкевіч «першы пачаў пісаць і думаць не на расейскай ці польскай, а на беларускай мове, што было справай выключнай і бунтарскай»:

    «Яго абсьмейвалі, адмаўляліся публікаваць, выдаваць творы даводзілася за ўласны кошт, шмат расходаў і пазык. І ўсё ж ён не здаваўся, нават пераклаў на „мову“ грандыёзны па маштабах твор Адама Міцкевіча — паэму „Пан Тадэвуш“.

    Яго жыцьцё мела шмат узьлётаў і падзеньняў, посьпех зьмяняўся забаронамі на пастаноўкі і творы, забясьпечанае жыцьцё — велізарнымі даўгамі, якія выплачвалі і дзеці клясыка, і нават сяляне яго фальварку праз гады пасьля сьмерці драматурга», — пісала «СБ» і адзначала, што «менавіта дзякуючы ўпартасьці энтузіяста беларуская мова ўрэшце была заўважаная і прызнаная ў якасьці літаратурнай, а п’есы Дунін-Марцінкевіча дагэтуль сустракаюць воплескамі ў нашых тэатрах».

    Таксама аўтар публікацыі, апулікаванай у праўладным СМІ, падкрэсьліў, што «нават у самыя цяжкія для сябе дні» Дунін-Марцінкевіч не пакінуў роднай зямлі.

    «Памяць пра яго сьветлая. І добрая, як добры быў ён сам»,— гаворыцца ў канцы артыкулу, прысьвечанага паэту.

    «Дагэтуль некаторыя зь ягоных твораў жывуць у вуснах народу»

    Асаблівая заслуга Дунін-Марцінкевіча ў тым, што ён распрацоўваў беларускую літаратурную мову, піша аўтар газэты «Звязда», артыкул якога быў апублікаваны ў лютым 2021 году.

    «Творчасьць беларускага дудара знайшла свой водгук у народу», адзначае журналіст дзяржаўнага выданьня.

    «Акрамя літаратурнай творчасьці, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прысьвяціў свой талент культурнай дзейнасьці. Ён быў душой культурнага жыцьця Менску». У ягоным доме зьбіраліся сапраўды вядомыя асобы: мастакі Адам Шэмеш і Ян Дамель, бібліёграф і паэт Ігнат Лягатовіч, які таксама пісаў і па-беларуску; вядомы ў горадзе калекцыянэр і гуманіст Юрый Кабылінскі; граф Канстанцін Тышкевіч; Аляксандар Валіцкі, які падпісваў свае беларускія творы прозьвішчам Місьцюк; Аляксандар Ельскі; менскі біскуп і шчыры беларус Міхаіл Галубовіч; яшчэ юны, а пасьля знакаміты кампазытар Станіслаў Манюшка і іншыя», — гаворыцца ў публікацыі.

    «Вiнцэнты, тым ня менш, валодаў моцным маральным духам і зайздроснай упартасьцю, зь якімі трывала пераносіў жыцьцёвыя і творчыя нягоды», — падкрэсьлівае аўтар тэксту і ўдакладняе, што выключны ўклад у беларускую культуру Дунін-Марцінкевіча з гадамі будзе прызнаны, а самога культавага паэта назавуць стваральнікам новай беларускай літаратуры і нацыянальнага тэатру, народным асьветнікам».

    «Уладзіслаў Сыракомля за адданасьць Дунін-Марцінкевіча беларускай паэзіі параўноўваў яго з глядыятарам. У варожым асяродзьдзі царскай улады і польскіх нацыяналістычных колаў ён сапраўды трымаўся, як мужны глядыятар», — так раней на старонках газэты «Звязда» апісвалі беларускага клясыка.

    5 фактаў пра Дунін-Марцінкевіча

    • Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў царскія ўлады абвінавацілі Дунін-Марцінкевіча ў распаўсюдзе «шкодных для ўраду» твораў. Хоць удзел яго ў паўстаньні ня быў даказаны, пісьменьніка арыштавалі. Ён год праседзеў у Пішчалаўскім замку. А пад паліцэйскім наглядам заставаўся да самай сьмерці ў 1884 годзе.

    • Дачку Марцінкевіча Камілу таксама арыштавалі за ўдзел у паўстаньні, яна сядзела за кратамі ў Пішчалаўскім замку (цяперашняя «Валадарка». — РС) і была сасланая ў Сібір, у горад Салікамск. Вярнуцца на радзіму яна змагла толькі праз дваццаць гадоў.

    • Помнік Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу і кампазытару Станіславу Манюшку паставілі ў самым цэнтры Менску, на плошчы Свабоды, у 2016 годзе.

    • У Купалаўскім тэатры «Пінская шляхта», пастаўленая ў 2008 годзе да 200-годзьдзя пісьменьніка, была папулярным спэктаклем, на які было вельмі цяжка трапіць, квіткі разыходзіліся імгненна.

    • Менскі гарадзкі суд і суд Фрунзэнскага раёну сталіцы месьцяцца на вуліцы Дунін-Марцінкевіча.

    Чытайце яшчэ:

    Назвалі лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. Сярод пераможцаў — журналісты

    «Мужная праца беларускіх журналістаў». БАЖ узнагародзілі прэміяй Усходняга партнёрства

    «Мы паўтаралі адна адной: «Дыхай. Дыхай». Даша Чульцова — пра апошні стрым з плошчы Пераменаў і Кацю Андрэеву

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці