«Мы паўтаралі адна адной: «Дыхай. Дыхай». Даша Чульцова — пра апошні стрым з плошчы Пераменаў і Кацю Андрэеву
15 лістапада — незвычайная дата, падзеі трохгадовай даўніны назаўсёды ўпішуць яе ў гісторыю. Гэта дзень апошняга ў Беларусі жывога стрыму, дзень жорсткага разгону пратэсту на плошчы Пераменаў і знішчэння народнага мемарыялу Раману Бандарэнку, забітаму рэжымам. Але для нас гэтая дата – перадусім дзень, калі на плошчы Пераменаў былі арыштаваныя нашыя каляжанкі, журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) і аператарка Дар’я Чульцова. Дзяўчыны да апошняга здымалі і паказвалі тое, што адбывалася. Дзякуючы іхнай самаадданай працы мы ведаем праўду пра тыя падзеі.
Хаванне ў кватэры, трапяткое чаканне з надзеяй, што не знойдуць, дваццаць хвілінаў жаху ад грукату ў дзверы, чорная маса сілавікоў са зброяй, з кіпцюроў якіх не выратавацца… А пасля РУУС, Акрэсціна, суд, 2‑гадовы вырак, калонія…
Даша Чульцова адбыла ўвесь тэрмін і выйшла на волю з жаночай калоніі ў Гомлі 3 верасня 2022 года. Каці Андрэевай падчас зняволення выставілі новае абвінавачанне – «здрада дзяржаве». Следства праходзіла ва ўмовах сакрэтнасці, а працэс быў закрыты. 13 ліпеня 2022 года журналістку асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму.
Дашы да гэтай пары цяжка згадваць дзень арышту, які падзяліў яе жыццё на «да» і «пасля». Яна церабіць рукі, прыпыняецца, бо ёй цяжка гаварыць. Але яна зноў згадвае момант за момантам, каб яшчэ раз нагадаць пра Кацю і ўсіх палітвязняў, якія цяпер застаюцца за кратамі. Падаем ейны аповед.
«У адзін момант мы апынуліся ў коле з АМАПу, якое ўсё больш звужалася»
Я прыйшла на «Белсат» у канцы 2018 – на пачатку 2019 года. З Кацяй мы пазнаёміліся на працы, з верасня 2020 года мы разам асвятлялі нядзельныя маршы ў Менску. Першае маё ўражанне пра Кацю: яна актыўны чалавек, які вельмі любіць сваю працу.
Ранкам 15 лістапада мы прыехалі на плошчу Пераменаў. Перад гэтым выбралі бяспечную, як нам падавалася, кватэру, каб адтуль весці стрым.
Перад затрыманнем мы пяць гадзінаў стрымілі з акна. Перыядычна выходзілі на вуліцу і размаўлялі з людзьмі, потым зноў падымаліся ў кватэру і працягвалі стрым, паралельна скідвалі адзнятыя файлы. Гэта быў пастаянны рух, час прайшоў вельмі хутка. На той момант разумення таго, што ўсё вельмі небяспечна, не было. Як і прадчування чагосьці кепскага. Я ехала на працу як у звычайны працоўны дзень – стрым і стрым, нічога такога.
Мяне наогул не мусіла там быць у той дзень. Аператар, які павінен быў ехаць на гэты стрым, сядзеў на карантыне з‑за ковіду, і мяне запыталі, ці магла б я пайсці. Я сказала: так, ок.
Магчымасці выбрацца адтуль у нас не было. Ужо пазней стала зразумела, што і вуліца там занадта маленькая, яе вельмі проста ачапіць, і дамоў там няшмат, таму нас можна вельмі проста вылічыць. І што мы адразу вылучаемся, бо былі адзінымі, хто вёў стрым. Мы працягвалі працаваць на адрэналіне да апошняга, хоць у галаве і пракручваліся думкі, як нам адтуль сысці. Зразумеўшы, што гэта ніяк не ўдасца, мы вырашылі нікуды не бегчы, а сядзець на месцы і чакаць. У адзін момант мы апынуліся ў коле з АМАПу, якое ўсё больш звужалася. У выніку яно дабралася да нашага дому, сілавікі ўскрывалі, як кансервы, кожную кватэру. Мы назіралі, як унізе разганяюць і хапаюць людзей, чулі, як па лесвіцы падымаецца АМАП…
У момант, калі пачуўся цяжкі грукат у дзверы, мы пачуваліся цалкам бездапаможнымі. Бо ты разумееш: ты сядзіш замкнёная ў кватэры, паверх занадта высокі, каб скокаць у акно, але ты намагаешся захоўваць спакой. Толькі што з кожным грукам тваё сэрца нібыта падступае ўсё вышэй да горла. І ты не ведаеш, што рабіць.
Сілавікі грукаліся хвілін дваццаць. Я, Каця і гаспадары кватэры сядзелі ў пакоі і слухалі гэты грукат. Каця размаўляла з мужам па тэлефоне. Я проста сядзела, часам перамаўляліся з гаспадаром. Мы спрабавалі давесці, што гаспадарам кватэры нічога не пагражае, казалі адно аднаму, што ўсё будзе ў парадку, што нам максімум дадуць содні… Гаспадыня кватэры не вытрымала і пайшла адмыкаць. Але не паспела: дзверы проста вынеслі. Але пра гэта я ўжо даведалася на судзе, дзе яна пра гэта распавядала.
«У нас па чарзе здараліся панічныя атакі. То я супакойвала Кацю, то яна мяне»
Нас з Кацяй схапілі і павезлі ў РУУС у розных машынах, на легкавушках. Сілавікі атачалі мяне з усіх бакоў: сядзелі спераду, ззаду і па баках. Усю дарогу ехалі моўчкі.
У РУУС мы спачатку сядзелі асобна ад іншых затрыманых, у кабінеце разам з сілавіком, які казаў, што мы паедзем у калонію шыць мянтам кашулі. Мы тады гэта ўспрынялі як запалохванне, бо нават не думалі пра крымінальную справу. Мы проста чакалі, што нас па адміністратыўцы адправяць на содні.
Праз гадзіну-дзве нас вырашылі адвесці ў памяшканне з іншымі затрыманымі. Людзі, калі нас пабачылі, пазналі, хто мы, і пачалі крычаць: «О, Белсат!» Нас хуценька адтуль вывелі – праўда, ненадоўга. У тым памяшканні было вельмі душна, бо было шмат людзей.
Мы з Кацяй стаялі каля закратаванага акна і размаўлялі. За акном быў нейкі нізкі будынак з пляскатым дахам. Чамусьці падчас размовы ўзнікла пытанне, што б кожная з нас зрабіла, калі б у яе была зараз суперсіла. Мне запомніўся Кацін адказ: ёй хацелася, каб на гэтым пляскатым даху насупраць нас з’явіліся ўсе нашыя родныя, каб яны нас пабачылі і ведалі, дзе мы.
У Каці алергія, праз нейкі час ёй зрабілася кепска. У выніку ёй выклікалі хуткую і павезлі ў шпіталь. Я засталася ў РУУС, камунікавала з іншымі затрыманымі. У мяне ўзялі паказанні, адвялі ў «адстойнік» і павезлі на Акрэсціна.
Ложак у ЦІП Акрэсціна вельмі высокі і нязручны, ён вельмі адрозніваецца ад ложкаў у ІЧУ на тым жа Акрэсціна. Я залезла на другі ярус і мацюкнулася пра сябе. Пасцельнай бялізны не было, толькі брудны матрац. Пачала сябе супакойваць: падумаеш, клапы.
Праз некаторы час адчыніліся дзверы камеры, і ўвайшла Каця. Яна забралася да мяне. Мы размаўлялі, у нас па чарзе здараліся панічныя атакі. То я яе супакойвала, то яна мяне. Паўтаралі адна адной: «Дыхай. Дыхай».
Пасля Кацю перавялі з нашай камеры ў іншую. Мы тады не ведалі яшчэ пра крымінальную справу, але гэта стала першым званочкам. Дзяўчаты ў камеры казалі, што гэта кепскі знак, бо звычайна «падзельнікаў» у крыміналцы ў адной камеры не трымаюць. Пазней былі суды, мяне перавялі ў Жодзіна, пасля ў калонію ў Гомлі. Усё адбывалася вельмі хутка.
Мы былі першымі журналістамі, каго затрымалі і судзілі ў крымінальнай справе. Таму працаўнікі не разумелі, што з намі рабіць. Яны хадзілі і дзіўна жартавалі: маўляў, вы журналісты, вас пасадзілі. Выклікалі нас на размовы, каб зразумець, хто мы такія, як з намі размаўляць, што з намі рабіць.
«Я стаяла на камісіі з адным толькі жаданнем – плюнуць кожнаму з іх у твар»
Апошні раз мы бачыліся з Кацяй узімку 2022 года ў калоніі. Працаўнікі адміністрацыі кантралявалі, каб мы з ёй не перасякаліся. Гэта было небяспечна для нас. Але аднойчы мы пабачыліся ў клубе, на праглядзе фільму. Пасля таго, як ён скончыўся, я падышла да Каці, і мы абняліся, хоць гэта было забаронена. Пасля, калі я вярталася ў свой атрад, я ішла побач з яе атрадам. Каця стаяла каля плота з вельмі шырокай шчаслівай усмешкай і трымала рукі сэрцам.
Калі Кацю забралі з калоніі, я да апошняга думала, што яе выцягнулі на нейкую справу ў якасці сведкі. Калі я даведалася пра артыкул «Здрада дзяржаве», пайшла глядзець Крымінальны кодэкс, каб зразумець, што Каці пагражае. Ніякі пункт не пасаваў, толькі адзін – перадача інфармацыі замежнай арганізацыі. Гэта было адзінае, што можна было наогул неяк прыплесці. Паводле гэтага пункту ўдвая меншы тэрмін, чым за здраду дзяржаве, і я спадзявалася, што судзіць будуць паводле яго. Але не, Кацю судзілі паводле найбольш суровага артыкулу.
Начальнік калоніі мне наўпрост сказаў, што мне насамрэч пашанцавала, бо я мала папрацавала з Кацяй. Так бы пайшла гэтак сама, як яна, на 8 гадоў. Мяне адвозілі ў Менск на суд над Ірынай Слаўнікавай у якасці сведкі. Калі я вярнулася пасля гэтага ў калонію, мяне спачатку накіравалі на карацін, пасля на камісію, якая вырашала, у які атрад мяне адправіць. На камісіі прысутнічае ўся адміністрацыя. Я стаяла ў ружовай хустцы і сукенцы, а перада мной за вялікім сталом сядзелі 12 чалавек у форме, у сярэдзіне – начальнік калоніі, па баках – ягоныя намеснікі і іншая адміністрацыя. Начальнік калоніі са здзекам запытаў: «Ну што, прывезла новы тэрмін?» Кажу – не, я ездзіла як сведка.
Начальнік: «А што там твая сяброўка Бахвалава? Ёй 8 гадоў далі. Пашанцавала табе, што ты няшмат з ёй працавала, так бы таксама атрымала, як і яна. Вось выйдзе Бахвалава праз 8 гадоў, старая, страшненькая і нікому не патрэбная». Ён кажа гэта – і ўсміхаецца. І ўсе прысутныя здзекліва пасміхаюцца. А я стаяла з адным толькі жаданнем – плюнуць кожнаму з іх у твар.
Я не ведаю, як ацэньваць нашую працу падчас таго стрыму. Мы не былі героямі, мы проста рабілі сваю працу, паказалі людзям, што адбывалася. Каця цудоўна каментавала. Мне ўдалося злавіць моманты, калі АМАП ляцеў на людзей, кідаў у іх святлошумавыя гранаты, калі сілавікі грамілі мемарыял Раману. Але сам гэты стрым я ніколі не бачыла цалкам. Яго фрагменты я глядзела падчас суда, пасля выхаду на волю – у фільме «У жывым эфіры», знятым паводле матываў нашай гісторыі. Людзі мне часта казалі, што глядзелі гэты стрым, дзякавалі за тое, што мы знялі тое, што там адбывалася, бо мы былі адзінымі, хто гэта зрабіў. У нейкі момант і я паспрабавала паглядзець гэты стрым. Але, уключыўшы, адразу выключыла.
Чытайце таксама:
У гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі на БТ адбылася прэм’ера шоу, дзе адзін з удзельнікаў — Шакута
Журналіст Павел Казарын, які ваюе з першых дзён: Украінскія хэмінгуэі і рэмаркі, калі выжывуць, пачнуць пісаць кнігі
«За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні