• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Павел Казарын, які ваюе з першых дзён: Украінскія хэмінгуэі і рэмаркі, калі выжывуць, пачнуць пісаць кнігі

    Украінскі журналіст Павел Казарын з першых дзён поўнамаштабнай вайны абараняе сваю краіну ад расійскай агрэсіі. Падчас афіцыйнага адпачынку вайсковец — цяпер гэта будзе слушным вызначэннем яго сферы дзейнасці, хоць Павел працягвае пісаць, напрыклад, аўтарскую калонку для «Українськай правды» — наведаў некалькі краін Еўрасаюза з прэзентацыяй сваёй кнігі «Дзікі Захад Усходняй Еўропы», выдадзенай яшчэ ў 2021 годзе. Але па факце гэта сустрэча з чалавекам, які праездам з вайны. Прынамсі так адчувалася ў Варшаве.

    У Варшаве невялікая зала Цэнтра культуры кіно была запоўненая пад завязку, дзве з паловай гадзіны людзі засяроджана слухалі Паўла — можна было б пачуць, як пралятае муха, калі б не восень. Прыкладна 90 працэнтаў прысутных — жанчыны. «У людзей ёсць патрэба чуць таго, хто размаўляе з табой на адной мове, кажа пра важныя для цябе рэчы», — гаворыць Павел Казарын. Мяркуем, вам таксама будзе цікава пачытаць пра «санаторый» на ўкраінска-беларускім памежжы, вайну, што істотна адрозніваецца ад маскультурных вобразаў і ў якіх акопах нараджаюцца ваенныя пісьменнікі.

    Лёгка быць украінцам, калі мама з Палтаўшчыны, а тата са Львова. А калі ты з Данецка?

    Кніга «Дзікі Захад Усходняй Еўропы» пра тое, як нараджаецца ідэнтычнасць. Ідэнтычнасць — тое, як мы сябе ідэнтыфікуем, уяўляем, гэта сума падзей, якія адбыліся ў нашым жыцці. Лёгка быць украінцам, калі мама з Палтаўшчыны, а тата са Львова, і ўсё жыццё ты чуеш украінскую мову. У такім варыянце ніколі не задумваешся: а дзе ж тваё месца ў гэтай краіне? Там, дзе ты захочаш, дзе заўгодна!

    Але зусім іншая справа, калі мама з Саратава, а тата з Данецка. Ці мой выпадак — бацькі прыехалі ў Сімферопаль у Крым за паўгода да майго нараджэння з Уладзівастока.

    А Крым — гэта найбольш савецкі рэгіён Украіны, які жыў з усведамленнем цяперашняга часу як плацдарма для аднаўлення мінуўшчыны. То-бок найлепшай будучыняй для такога рэгіёна бачылася аднаўленне мінулага парадку.

    І ў гэтым сэнсе анэксія Крыма для тых, хто там жыў, стала важнай падзеяй. Калі адбываецца нешта, што змушае цябе вырашыць, які сцяг ты лічыш сваім, у якой краіне хочаш жыць, якім ёсць уяўленне тваёй будучыні — гэта важная гісторыя, яна патрабуе ад цябе рабіць нейкія захады.

    Разам з тым анэксія Крыма не стала штуршком для ўсёй краіны. Чаму? Бо гэта было недзе далёка, там не было вулічных баёў… Можна ў прынцыпе жыць у любой вобласці Украіны і не заўважаць таго, што адбывалася ў Крыме.

    Далей былі захоп Славянска, Данецка, Луганска. Пасля гэтага шмат людзей далучыліся да шэрагаў узброеных сіл Украіны, пачалі займацца валанцёрствам. Гэта былі падзеі, якія паўплывалі на тых, хто раней не надта думаў пра ідэнтычнасць. Але і гэтага можна было не заўважаць, бо гісторыя была лакалізаваная дзвюма абласцямі Украіны.

    24 лютага стала яшчэ адным штуршком да таго, каб людзі звярнуліся да гэтай тэмы. Бо цяжка ігнараваць вайну, калі Расія можа дацягнуцца сваімі ракетамі да любога тылавога горада, калі кожнае дзіця ў горадзе ведае, як гучыць сігнал паветранай трывогі, калі не трэба шэсць поціскаў рук, каб сустрэцца з сям’ёй героя, які загінуў. Многія сталі неафітамі, якія знайшлі для сябе Украіну, ідэнтычнасць. А неафіты бываюць вельмі настойлівыя і катэгарычныя. Але варта іх падтрымліваць, бо калі яны не далучацца да нас, то аднойчы далучацца да іх.

    Людзі прынеслі ў армію свае грамадзянскія кампетэнцыі. Кадравая ўкраінская армія ўжо скончылася

    Я ніколі да поўнамаштабнага ўварвання не меў дачынення да арміі — не служыў тэрміновую службу. Цяпер ва ўкраінскім войску шмат людзей, якіх яно раней не магло сабе дазволіць проста з пункта гледзішча заробкаў. У войску за гэтыя дваццаць месяцаў я сустракаў прадпрымальнікаў і нават доларавых мільянераў. На Харкаўскім напрамку сустрэўся з Усеваладам Кажамякам, бізнесоўцам, а цяпер камандзірам добраахвотніцкага падраздзялення «Хартія». А ён у 2020 годзе быў на 78‑м радку ўкраінскага рэйтынгу топ-100 Forbes. Я сустракаў львоўскага дырэктара сеткі аптэк, які быў начмедам брыгады.

    Стаіш у чарзе да ваенкамата, а побач — старыя, маладыя, дзяўчаты, хлопцы. У нас была школьная настаўніца з вачыма Бэмбі. Нічога больш несумяшчальнага, чым яна і аўтамат Калашнікава, я не бачыў. Тым не менш яна служыла, як і ўсе іншыя.

    У армію раптам прыйшлі людзі, якім ніхто не паспеў патлумачыць, як нельга рабіць. Напрыклад, у стралковым батальёне аператары і айцішнік стварылі аналітычны цэнтр з апрацоўкай дадзеных, яны прынеслі ў армію свае грамадзянскія кампетэнцыі.

    Кадравая ўкраінская армія ўжо скончылася. Цяпер на аднаго кадравага прыходзіцца 7–8 вайскоўцаў. Па-першае, павялічылася колькасць з 260 тысяч да 750 тысяч чалавек, а калі дадаць іншыя службы, то да мільёна чалавек. Армія цяпер не складаецца з людзей, якія ўсё жыццё вучыліся забіваць ворага. Яна складаецца з IT-спецыялістаў, бізнесоўцаў, барыста, майстраў манікюру, журналістаў і гэтак далей. Адзін з найлепшых снайпераў, якога я сустракаў, быў чалавек з рэдкім пазыўным «Егер», да вайны ён працаваў егерам у Івана-Франкоўскім лясніцтве.

    Якая вайна да 2020 года ўспрымалася як галоўная вайна? Другая сусветная. У кожнай сям’і былі сведкі тых падзей — нехта ваяваў, нехта ў эвакуацыі, нехта ў акупацыі, нехта быў звезены ў нямецкія лагеры. І гэта ўсё стварала прастору для калектыўнай памяці.

    Цяпер галоўнай вайной для нашай краіны становіцца дзейная вайна, якая ёсць тут і цяпер. І сямейная памяць пра гэтую вайну таксама аб’ядноўвае краіну. Гэта важная трансфармацыя, якая адбылася з намі праз драматычныя, трагічныя падзеі.

    У пехацінца аўтамат Калашнікава, як заечая лапка — яго носіш як талісман, на ўсялякі выпадак

    Перад тым, як атрымаць адпачынак і прыехаць сюды, я быў на беларускай мяжы. Цяпер там «санаторый», дзе нічога не адбываецца. Мы не правакуем іх, яны не правакуюць нас. Хлопцы неяк скінулі ўлёткі на беларускі КПП, такіх трындзюлей атрымалі ад камандавання! І правільна, не трэба адкрываць самастойна другі фронт.

    Там я чытаў мемуары амерыканскіх вайскоўцаў. Кнігу Крыса Кайла, паводле якой зняты фільм «Амерыканскі снайпер». І мемуары Маркуса Латтрэла «Той, які выжыў» (Lone Sur­vivor). Цікава, што я не адчуваў ніякай эмацыйнай сувязі з героямі. Але было інакш, калі чытаў кнігі пра Першую сусветную вайну — мемуары Эрнста Юнгера, Анры Барбюса. Я зразумеў чаму так.

    Усе войны пасля 1945 года, за невялікім выняткам, гэта былі гісторыі супрацьстаяння кадравых армій і партызанскіх рухаў. Так было ў В’етнаме, Афганістане, Чачні. Гэта азначае, што падчас вайны з партызанамі ў іх ёсць стралковая зброя, РПГ і мінамёты. Таму, калі мы глядзім амерыканскія фільмы пра вайну, там 24 на 7 — «трата-та-та-та», яны ўвесь час страляюць.

    Але ва Украіне вайна інстутыцыялізаваных вайсковых механізмаў. У кожнага з бакоў ёсць танкі, ракеты, авіяцыя, верталёты, СПА і гэтак далей. На такой вайне забіваюць не на адлегласці прамога стрэлу. Забіваюць на адлегласці 20 кіламетраў, 10 кіламетраў. У пехацінца аўтамат Калашнікава, як заечая лапка — яго носіш як талісман, на ўсялякі выпадак. Бо ў твой бліндаж можа прыляцець з адлегласці, калі ты ворага нават у бінокль не бачыш. Стралковыя баі здараюцца падчас штурмавых дзеянняў, работы спецназа або ў месцах накшталт Бахмута. У астатніх выпадках людзі навучыліся забіваць адзін аднаго з вялікай адлегласці.

    Калі чытаеш мемуары ветэранаў Першай сусветнай вайны, то адчуваеш з імі эмацыйную роднасць, бо разумееш, як гэта — сядзець у бліндажы, калі вас крыюць буйнымі калібрамі.

    Мяркую, наша вайна перапіша ўсе вайсковыя падручнікі ў свеце. Бо ў рэшце рэшт гэта палігон. Ніхто не выпускаў балістычныя ракеты па тэрыторыі, дзе стаяць сістэмы Patri­ot — такія ракеты маюць звышдзяржавы. А цяпер мы ведаем, як гэта бывае. Раней мы не ведалі, як перахапіць крылатую ракету, цяпер ведаем.

    І агулам гэта вайна дронаў: прыбор коштам 100–200-500 долараў можа знішчыць тэхніку, якая каштуе мільёны.

    Ведаеце, якую самую тупую гісторыю я сустрэў на вайне? Папяровыя газеты. З’явіліся папяровыя газеты для салдат. І я нават уяўляю, як гэта выглядала: нейкі ваенны начальнік вырашыў паклапаціцца пра салдат «на перадку», якія ў інфармацыйнай ізаляцыі, не ведаюць, што і дзе адбываецца, і таму ім патрэбныя папяровыя газеты.

    Сябры, у нас «на перадку» ў кожным бліндажы — старлінк! І можна глядзець усё, што заўгодна, — ад порна да Net­flix. Глядзяць і тое, і тое.

    Увогуле мяркую, што ўзровень нашага камфорту «на перадку» крыху недаацэньваецца. Багата рэчаў пра вайну, якія мы сабе ўяўлялі, змяніліся. І мы, на жаль, цяпер носьбіты бясцэннага досведу, які будуць вывучаць у ваенных акадэміях свету.

    Калі казаць пра пісьменніцкі кантэкст, безумоўна, з’явяцца ўкраінскія хэмінгуэі і рэмаркі. Але пазней. У нас ёсць уяўленне, што гэта людзі, якія пісалі перад тым, як пайсці ў войска. Не. Гэта гісторыя пра Рэмарка — пісьменніка, які нараджаецца на полі бою. Яны сядзяць у акопах пад Аўдзееўкай, скіроўваюць недзе там агонь на ворага. І калі выжывуць, то пачнуць пісаць кнігі, бо гэта будзе іх форма саматэрапіі, магчымасць выплюхнуць увесь накоплены боль.

    Мы Давід, а не Галіяф. І ў гэтым баі мы — андэрдог

    Для мяне перамога — гэта захаванне ўкраінскай дзяржаўнасці і суверэнітэту. Бо можна зберагчы дзяржаўнасць, але не суверэнітэт. І ператварыцца ў Беларусь — дзяржаўнасць фармальна ёсць з усімі адзнакамі, але няма незалежнасці. Гэта расійскі прыслужнік цяпер, на жаль. І вельмі шкада беларусаў, якія імкнуліся ў 2020 годзе супрацьстаяць гэтаму сцэнару, але іх рэвалюцыю падушылі.

    Найперш захаванне ўкраінскай дзяржаўнасці і суверэнітэту, а вяртанне тэрыторый ёсць безумоўным дабром, але намерам. Бо ўсё адно мы Давід, а не Галіяф. І ў гэтым баі мы — андэрдог: той, хто загадзя асуджаны на няўдачу.

    Усё залежыць ад таго, наколькі і як доўга саюзнікі будуць гатовыя быць нашым тылам, які пастаўляе нам грошы, зброю, снарады. Мы не суверэнныя ў гэтай вайне.

    Калі некаму мая думка здаецца песімістычнай, я заклікаю згадаць, які гарызонт планавання ў нас быў 20–26 лютага 2022 года. Калі казалі пра «Кіеў за тры дні», калі Захад пастаўляў нам зброю для партызанскіх атрадаў. Гэта таксама было паказальна, бо яны меркавалі, што наша інстытуцыянальная армія не вытрымае націску. І таму вось вам джавелін, вось вам сцінгер — будзеце з хмызоў збіваць расійскія самалёты і паліць расійскія танкі. А першую заходнюю артылерыю нам пачалі пастаўляць напрыканцы вясны — на пачатку лета 2022 года, калі яны зразумелі, што мы захоўваем інстутыцыянальную стойкасць. І не толькі выбілі рускіх з Чарнігаўшчыны, Сумшчыны, але і даём ім адпор на ўсходзе краіны.

    Украіна — гэта краіна, у якой не працуюць прагнозы

    У 2022 годзе ў мяне было два гарызонты планавання: «Давай патрацім усе грошы сёння, бо заўтра нас могуць забіць». А недзе напрыканцы восені 22-га з’явіўся новы гарызонт планавання: «Давай не траціць усе грошы сёння, бо заўтра нас могуць не забіць».

    І калі мы цяпер разважаем пра падзеі, якія могуць на нас паўплываць на працягу наступнага года, значыць мы вельмі добра справіліся з заданнямі, якія ў нас былі.

    А яшчэ трэба заўсёды памятаць: Украіна — гэта краіна, у якой не працуюць прагнозы. Нам цяпер падаецца, што наша мінулае — гэта лагічная прамая, якая цягнецца з 1991-га да 2023-га, і мы можам усё патлумачыць і прадбачыць. Але ўявім, што мы прачынаемся ў кастрычніку 2013 года. Ведаем, што Януковіч не падпіша дакументы аб асацыяцыі, студэнты выйдуць на Майдан, будзе расстрэл «Нябеснай сотні», уцёкі Януковіча, расійская армія захопіць Крым, будуць уварванне на Данбас, захоп Славянска, Данецка і збіццё малазійскага пасажырскага самалёта. І мы ўсё гэта ведаем увосень 2013 года, да каго несці гэтыя веды? Калі б такое распавялі восенню 2013 года, вам ніхто не паверыў бы.

    А на фразе «прэзідэнт Грузіі будзе ў нас кіраўніком Адэскай вобласці» вашыя знаёмыя выклікалі б «хуткую». Мы жывем у краіне непрадказальнай будучыні.

    Пра ўкраінцаў, якія жылі пад акупацыяй: нам трэба будзе вызначыцца, якія старонкі не згадваць

    Мяркую, шмат людзей, якія жылі на акупаваных тэрыторыях, паедуць у Расію, бо яна праз СМІ палохае іх Украінай. Таксама нам трэба будзе вызначыцца, што было калабарацыянізмам. Зразумела больш-менш з тымі, хто прымаў ваенную прысягу. Але людзі, якія працавалі ў школах, шпіталях, дзіцячых садах?

    Французскі філосаф Эрнс Рэнан займаўся пытаннямі, як ствараюцца палітычныя нацыі. Ён пісаў, што важна ўмець не толькі ўсё памятаць, але і забываць.

    Паводле яго, калі б французы штодня нагадвалі адзін аднаму пра  Варфаламееўскую ноч, калі французы-католікі рэзалі французаў-гугенотаў, французская нацыя не змагла б адбыцца.

    Мяркую, нам таксама трэба будзе вызначыцца, якія старонкі не згадваць. З улікам таго, што Украіна пастаянна змяняецца з 1991 года, у мяне ёсць надзея, што гэты досвед пераменаў мы зможам перанесці і на тых, хто быў вымушаны жыць пад іншымі сцягамі.

    Што пасля вайны? Адны будуць імкнуцца ратаваць нацыю, іншыя — дэмакратыю

    Выйсці на межы 1991 года — гэта праграма максімум. Але нават гэта можа не спыніць баявыя дзеянні. Расіяне заўсёды могуць сесці ў глухую абарону і накопліваць рэзервы для рэцыдыву, а тым часам у школах будуць вучыць, што гэта «исконно российские земли» — Луганская, Данецкая, Запарожская, Херсонская вобласці, Крым, і яны цяпер акупаваныя «ўкраінскімі нацыстамі».

    Нам спатрэбяцца гарантыі бяспекі, такія, як НАТА.

    Усе 32 гады ва Украіне вялася дыскусія паміж прарасійскімі і праўкраінскімі сіламі. Пасля вайны прарасійскі парадак будзе маргіналізаваны. А праўкраінскі лагер падзеліцца. Калі вайна скончыцца паводле сцэнару, які ўкраінскае грамадства будзе вызнаваць за паспяховы, будуць пашырацца праеўрапейскія настроі. У адваротным выпадку ў нас з’явіцца столькі орбанаў! Будуць выкарыстоўвацца наратывы, што Еўропа дасягнула сваіх мэтаў, але Украіна не змагла выканаць сваё заданне. Будуць і тыя, хто кажа пра аўтарытарную моцную руку. Адны будуць імкнуцца ратаваць нацыю, іншыя — дэмакратыю.

    Універсальная ідэя, якая мусіць аб’ядноўваць: зберагчы Украіну як прытулак для ўкраінцаў. У нас бездзяржаўная нацыя: заўсёды ёсць скепсіс да ўлады, што чалавек, які кіруе, абслугоўвае інтарэсы іншай імперыі і дасланы ці з Варшавы, ці з Масквы.

    Мы добра ўмеем на ўзроўні гарызанталі, але калі трэба гарызанталь ператварыць у вертыкаль, пачынаем сварыцца. Бо ёсць недавер да любога, хто распараджаецца калектыўным рэсурсам. Але бездзяржаўныя нацыі становяцца гумусам для дзяржаўных. Калі мы не ўсвядомім гэты ўрок, то падчас нейкага рэцыдыву Расіі можам страціць дзяржаву.

    Дарэчы, гарызантальнасць застаецца і ў арміі. Калі нам нешта трэба ад суседняга фармавання, мы ідзем і дамаўляемся наўпрост, не праз афіцыйны запыт да штабоў.

    Набыццё дарагіх красовак — мая спроба кінуць манетку. І сёння я ў іх

    У войску ёсць некалькі дэфіцытаў. Першае — дэфіцыт прыватнасці. Я не думаў, што патраплю ва ўмовы, калі ты ніколі не можаш быць сам насам з сабою — заўсёды нехта побач ёсць. І мой найлепшы цывільны набытак — індывідуальныя берушы для плавання. Берушы — тое, што можа гарантаваць сон, калі ў бліндажы 6–8 чалавек і ўсе спяць гучна.

    Другі дэфіцыт — цялеснасць. Калі вы мяркуеце, што даросламу 40-гадоваму мужчыне не трэба, каб яго нехта дзве гадзіны моўчкі гладзіў па галаве, то памыляецеся. Вельмі патрэбна. Але да каго ў арміі пойдзеш з такім пытаннем?

    Мяркую, у нашым войску так шмат катоў-сабак, якіх мы падбіраем, бо гэта патрэба ў тактыльнасці. Гэта гісторыя пра пяшчоту, магчымасць на некага яе скіраваць.

    У войску шмат рэчаў адкладаецца на будучыню. Перад адпраўкай на Бахмут я зайшоў у Кіеве ў краму Nike і купіў самыя дарагія красоўкі, але пакінуў іх дома. Гэта была мая асабістая спроба кінуць манетку. І сёння, дарэчы, я ў іх.

    Увесь 2022-гі мы трацілі грошы тут і цяпер, бо незразумела было, што далей. А потым з’явілася адчуванне, што будучыня можа быць, і шмат хто пачаў купляць рэчы «на пасля вайны». Мой матацыкл добра пракачаны цяпер, хоць я на ім не ездзіў гэты час.

    Вельмі злуе, калі кажуць, што хлопцы вернуцца і нешта там вырашаць. Хлопцы вернуцца вельмі папаленыя, паламаныя, і грамадству трэба будзе вучыцца жыць з імі побач, усвядоміць, што не ўсе вайскоўцы падобныя на рамантычных рыцараў — там ёсць вельмі розныя людзі.

    Нам давядзецца прызвычайвацца адзін да аднаго, да прасторы мірнага жыцця. Гэта няпроста. Але адзіная альтэрнатыва гэтаму сцэнару — прайграць. Таму наш сцэнар добры, варта чакаць яго ўвасаблення.

    ***

    Мяркую, цікава звярнуць увагу на тое, якія пытанні былі да Паўла Казарына ад прысутных украінцаў: пытанне рускай мовы, людзей, якія на ёй гавораць; што рабіць з людзьмі, якія жылі доўга ў акупацыі; як ставіцца да таго, што шмат украінцаў усімі праўдамі і няпраўдамі імкнуцца збегчы з краіны, каб не ісці на вайну, а дзяржава не мае сістэмы, каб гэтаму супрацьстаяць.

    Пасля сустрэчы — шматлікія сэлфі і кароткія размовы. І сціслае развітанне-пажаданне ад Паўла: «Беражыце сябе».

    Чытайце яшчэ:

    Лондан на сувязі. Барацьбіты з цэнзурай узялі ўдзел у Марафоне салідарнасці

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі працягвае «выкрываць» намеры апазіцыі. Выглядае на паклёп

    «За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці