• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі працягвае «выкрываць» намеры апазіцыі. Выглядае на паклёп

    Рэдактар дзяржаўнай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат працягвае практыкавацца ў напісанні артыкулаў прапагандысцкага характару ды палохаць чытачоў — гэтым разам Украінай, вайной ды царкоўным расколам. Тлумачыць, як адрозніць сапраўдную апазіцыю ад сапраўдных экстрэмістаў.

    І раней у сваіх тэкстах ён зняважліва згадваў лідарку дэмакратычных сіл Беларусі Святлану Ціханоўскую, цяпер узяўся і за апазіцыйных актывістаў ды беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з прычыны пераследу з боку лукашэнкаўскага рэжыму.

    Свой чарговы артыкул Андрэй Панкрат назваў «Меркаванне. Які план адпрацоўваюць беглыя экстрэмісты?»

    Галоўрэд «Весніка Глыбоччыны» распавядае жыхарам раёна пра нейкую кіруючую руку, якая ёсць у беларускай апазіцыі. І што нікога не здзіўляе, як гадамі яе прадстаўнікі пасуцца на «амерыкана-еўрапейскім лужку», атрымліваючы грашовыя гранты пад пэўную дзейнасць.

    «Формулу іх супрацы добра характарызуе фраза Астапа Бэндара з кнігі Ільфа і Пятрова «Залатое цяля»: «Майце на ўвазе, шаноўны Шура, дарма я вас не маю намеру ўтрымліваць. За кожны вітамін, які я вам скармлю, я запатрабую ад вас мноства дробных паслуг», — піша Панкрат.

    Пасля ён пераходзіць да развагаў, чаму выбары прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе прайшлі пад знакам пратэстаў, а выбары прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе нічым падобным не адзначыліся.

    На яго думку, справа ў тым, што ў 2015 годзе заходнія эліты былі занятыя Украінай, і ільвіная доля грантаў ішла на падсілкоўванне ўкраінскіх палітыкаў, а беларускія «оппы» (так ён называе прадстаўнікоў апазіцыі) у гэты час «сядзелі на галоднай пайцы».

    «Ва Украіне ж ішла рэалізацыя плана, які выношваў Захад, па захопе палітычнага кантролю над гэтай дзяржавай, што і было зроблена шляхам арганізацыі ўвосень 2013 года Еўрамайдана. Рэалізацыя любога новага плана з невядомым фіналам, па сутнасці, гэта эксперымент, гэта значыць усё, што здарылася з Украінай і ўкраінскім народам потым — гэта жудасны эксперымент заходніх камбінатараў», — даводзіць Панкрат.

    Далей параўноўвае «Новую Украіну» з «Новай Беларуссю».

    Паводле яго слоў, усе свае шматлікія няўдачы новая ўкраінская ўлада спісвала на выхадкі «маскалёў» і зараджала грамадства атрутай нянавісці ў адносінах да грамадзян суседняй краіны — Расіі.

    «Прыкладна такі ж сцэнар чакаў і нашу краіну, калі б у 2020 годзе Ціханоўскай удалося сілавым шляхам захапіць уладу, то бок сёння Расія ваявала б на два франты: з паслугачамі рэжыму Зяленскага і з намі, з беларусамі, якіх новая беларуская ўлада загнала б у акопы, па ўказцы яе заакіянскіх гаспадароў. Як толькі Расія пачала адмысловую ваенную аперацыю ва Украіне, Ціханоўская змяніла рыторыку, і зараз у сваіх выступах яна заклікае беларусаў змагацца за «свабоду». За якую? Тую, што атрымалі ўкраінцы: свабодна, па бязвізу, мыць прыбіральні ў Еўропе!», — працягвае рэдактар глыбоцкай раёнкі.

    Кранае пытанне дэкамунізацыі, якая адбываецца ва Украіне, і крытыкуе апазіцыйныга актывіста Франака Вячорку за падтрымку гэтай ідэі. «Рэальныя праблемы дзяржавы новая ўлада будзе хаваць за раздзьмутымі праблемамі па перайменаванні вуліц, зносу помнікаў, перапісванні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце заходняй «міфалогіі» пра тое, што фашысты палілі ў печах беларусаў для карысці саміх жа беларусаў, што прыгнятаюцца камуністамі», — піша Андрэй Панкрат.

    Хвалюе яго і пытанне магчымага царкоўнага расколу. Тут Панкрату, паводле яго слоў, нават страшна падумаць, чым абернецца царкоўны раскол у Беларусі.

    «Уявіце, што на працягу шматлікіх гадоў вы наведваеце па нядзелях царкву, а потым у вас адбяруць гэтую магчымасць. Як? Ды гэтак жа, як гэта зрабілі ва Украіне, дзе гвалтоўным спосабам адабралі прыходы ва Украінскай праваслаўнай царквы і перадалі яе нованавернутым святарам Праваслаўнай царквы Украіны, якія не былі пасвечаныя па ўсіх канонах і, як вынік, на гэтым была страчаная апостальская пераемнасць. Гэта значыць, што такія святары не маюць права здзяйсняць Еўхарыстыю — адно з галоўных Царкоўных Таінстваў, калі вернікам падчас літургіі даецца камунія — Кроў і Цела Хрыстова», — заклікае глыбачан пафантазіраваць рэдактар раёнкі.

    Напрыканцы Андрэй Панкрат выказвае меркаванне, што грамадзяне, якія, на яго думку, рэалізуюць планы сваіх заходніх куратараў па развале Беларусі, не могуць называцца беларускай апазіцыяй.

    «Апазіцыя — гэта група аднадумцаў, якая імкнецца да дабрабыту краіны і яе грамадзян праз рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў без знешняга курыравання. У нашым выпадку ёсць група людзей, якая ажыццяўляе інтарэсы заходняй палітычнай эліты. Гэта не апазіцыянеры, а самыя сапраўдныя экстрэмісты, для якіх Беларусь — гэта не Радзіма, а мэта па задавальненні сваіх палітычных амбіцый», — падсумоўвае Андрэй Панкрат.

    Чытайце яшчэ:

    Лондан на сувязі. Барацьбіты з цэнзурай узялі ўдзел у Марафоне салідарнасці

    «А что, трудно было удалить фотки?» Отрывки из книги экс-сотрудника Tut.by

     

    «За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці