«За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні
Кожны марафонец вымушаны рэгулярна здымаць паказчыкі, каб разумець, што адбываецца з мышачнай масай, якая сярэдняя хуткасць на дыстанцыі і ўзровень кіслароду ў арганізме. Тое самае адбываецца з незалежнымі медыямі, якія знаходзяцца ў выгнанні. У Вільні падчас семінара, які праводзіўся па ініцыятыве пасольстваў Ірландыі, Фінляндыі і Нарвегіі, беларускія журналісты абмяркоўвалі цяжкасці з устойлівым фінансаваннем і легалізацыяй супрацоўнікаў СМІ ў краінах знаходжання, важнасць павялічваць прысутнасць на відэаплатформах.
Устойлівыя праблемы з фінансаваннем і ўстойлівая сістэма фінансавання
За апошнія гады беларускі ўладны рэжым зрабіў усё, каб разбурыць мадэлі манетызацыі незалежных медыяў. У выніку гэта прывяло да поўнай залежнасці ад грантавай падтрымкі.
— Пошук бюджэтаў для нас стаў выклікам, — прызнае камунікацыйны дырэктар выдання «Зеркало» Аляксандра Пушкіна. — У Беларусі на 100% гэта былі рэкламныя грошы, а цяпер на 99% — гэта падтрымка фондаў.
Звязвацца з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі для беларускага бізнесу вельмі небяспечна, ды і не мае асаблівага сэнсу — сайты незалежных СМІ ў Беларусі заблакаваныя. Астатнія спосабы зарабляць грошы таксама маюць абмежаваны рэсурс.
— «Позірк», які створаны былой камандай незалежнага інфармагенцтва БелаПАН, спрабуе зарабляць за кошт платнай падпіскі. Да 15% патрэбаў мы закрываем дзякуючы гэтай опцыі, — кажа рэдактарка інфармацыйнага праекта Таццяна Каравянкова.
Аднак не ўсё выглядае песімістычна.
Так, рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік распавядае, што намеціўся пазітыўны трэнд — стала з’яўляцца рэклама ад беларускіх кампаній, якія з’ехалі за мяжу.
— Беларусы ачунялі, заснавалі бізнесы і пачалі зарабляць, — канстатуе журналістка. — У рэдакцыі прыходзяць кампаніі, гатовыя замаўляць рэкламу. Для нас гэта адчувальны працэнт, што дапаможа нам стаць больш самастойнымі.
Аднак цяпер адна з асноўных праблем — зрабіць сістэму больш устойлівай і доўгатэрміновай. На жаль, атрымліваецца гэта далёка не заўсёды.
— Многія журналісты нават не лічацца ў штаце незалежных СМІ, а працуюць паводле дамовы, — прыводзіць прыклад старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — У той жа час супрацоўнікі медыяў вымушаныя здымаць жытло, да таго ж плаціць узнятую плату за кватэру ў Беларусі. Гэта немагчыма назваць устойлівай фінансавай мадэллю.
Салідарнае меркаванне многіх прадстаўнікоў незалежных медыяў: сістэма грантавай падтрымкі занадта складаная, непразрыстая і патрабуе шмат высілкаў на бюракратыю.
— Грошы ідуць праз сістэму пасярэднікаў, і толькі дробная частка даходзіць непасрэдна да беларускіх журналістаў, — падсвечвае адну з асноўных праблем кіраўнік літоўскага офіса праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс.
Ён заклікае накіроўваць менш грошай тым, хто непасрэдна не працуе ў СМІ, і больш — беларускім медыям. Здаецца, відавочны момант, але ж праўда ў тым, што, паводле некаторых ацэнак, да 60–80% фінансавай дапамогі ідуць на ускосныя выдаткі.
— Ёсць міжнародныя фонды, якія пералічваюць сродкі і размяркоўваюць. Безумоўна, яны павінны суправаджацца належнай тэхнічнай падтрымкай, — працягвае праваабаронца. — Але нельга ўскладаць бюракратычныя і іншыя цяжкасці на медыі, якія змагаюцца за выжыванне. Патрэбна верыфікацыя грантаў. Гэта таксама змяншае рызыкі для беларускіх калег.
— Фінансаванне трэба павялічваць, — пагаджаецца амбасадар па правах чалавека з Фінляндыі Цііна Ёртыка-Лайцінен. — Гэта найбольш важнае пытанне.
Такі ж пункт гледжання выказвае Вэб’ёрн Хэйнэс, спецыяльны дарадца па дэмакратыі і правах чалавека з Нарвегіі:
— Мы чуем заклік да больш інстытуцыянальнага фінансавання. Гэта праўдзівая заўвага, якую выказваюць не толькі прадстаўнікі Беларусі. Мы спрабуем гуртаваць рэсурсы, каб забяспечваць не толькі фінансаванне, але і дадатковую вартасць, і каб падтрымка была больш кансалідаванай. Нам трэба працаваць больш інавацыйна, ісці на большую рызыку і слухаць атрымальнікаў для забеспячэння большай устойлівасці.
Праблема пашпартоў павінна вырашацца. Але як?
Другая праблема, якая непакоіць беларускіх журналістаў у выгнанні, як і большасць беларусаў, што былі вымушаныя з’ехаць, — гэта складанасці з легалізацыяй у краінах знаходжання. Пасля адмовы беларускіх уладаў працягваць тэрмін дзеяння пашпартоў у консульствах і пасольствах гэта стварае пэўныя складанасці. Як будзе вырашацца пытанне, пакуль незразумела.
— Немагчымасць афармляць дакументы за мяжой можа падавацца дробным пытаннем, — адзначае рэдактар «Нашай Нівы». — Але гэта база для стабільнай працы, каб журналісты і медыі маглі працаваць, не думаючы пра рызыкі, якія паўстануць заўтра.
— Упэўненасць, што заўтра, праз месяц ці год у цябе будзе ўсё ў парадку — гэта пытанне базавай бяспекі, — падтрымлівае Таццяна Каравянкова. — Журналісты — звычайныя людзі, а не кібаргі, якія скіраваныя толькі на напісанне навін. Праблема пашпартоў так ці інакш закране ўсіх беларусаў, якія з’ехалі з краіны. Хацелася б, каб дзяржавы, дзе мы знайшлі прыстанішча, пайшлі нам насустрач у дапамозе больш актыўна.
Па словах Ганны Красулінай, прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай, офіс лідаркі дэмакратычных сіл чакае ад міжнароднай супольнасці стварэння нармальных умоў для працы незалежных медыяў.
— Часовы прытулак у замежных краінах павінен давацца, — падкрэслівае Цііна Ёртыка-Лайцінен. — Краіны не павінны забываць пра свае міжнародныя абавязкі.
Трэба адзначыць, што канкрэтныя тэхнічныя рашэнні дагэтуль невядомыя. Заявы палітыкаў даволі часта разыходзяцца з рэальнасцю. Між тым, напружанне павольна павялічваецца.
ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON
«Мы маем бітву за TikTok»
Непасрэдна медыйныя справы занялі большую частку абмеркавання. Наступствы крыміналізацыі прафесіі, роля платформаў з вялікай колькасцю моладзевай аўдыторыі, гэп паміж СМІ і беларусамі ў Беларусі — цяпер скразныя тэмы для дыскусій у журналісцкіх колах.
— Сёння на сайт «Зеркала» заходзяць больш за 2,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў. Больш за палову з іх знаходзяцца ў Беларусі. Важна захаваць гэтыя паказчыкі, — лічыць Аляксандра Пушкіна.
Паводле яе, трэба змагацца за аўдыторыю, якая глядзіць расійскія праекты, зробленыя за вялікія грошы. Спробай перахапіць парадак дня можна лічыць новыя праекты з удзелам Мікалая Халезіна і Сяргея Чалага.
— На сёння мы маем бітву за TikTok, — мяркуе рэдактар «Нашай Нівы». — Там мы можам размаўляць як з прыхільнікамі Лукашэнкі, так і з т. зв. нейтраламі. У адрозненні ад Facebook і Instagram, дзе карыстальнік знаходзіцца ў бурбалцы свайго кола. У TikTok запатрабаваны і забаўляльны, і інфармацыйны кантэнт. Гэта важна, і трэба выкарыстоўваць.
Захаванне сувязі з аўдыторыяй, праца з крыніцамі ў Беларусі і верыфікацыя дадзеных застаюцца найбольшымі выклікамі для незалежных СМІ.
— Неаднаразова здараліся хвалі, калі прапагандысты і прыхільнікі рэжыму спрабавалі ўкінуць у СМІ ілжывыя звесткі, каб нашкодзіць рэпутацыі незалежных медыяў, — нагадвае Таццяна Каравянкова.
Адзін з такіх выпадкаў на днях здарыўся з сайтам «Зеркало». З выданнем нібыта звязаўся дызайнер і мастак Уладзімір Цэслер, які паведаміў, што яго прасіў вярнуцца ў Беларусь нехта з Адміністрацыі прэзідэнта. Як высветлілася, гэта была правакацыя.
— Рэжым спрабуе зрабіць нас таксічнымі для нашай жа аўдыторыі, — падкрэслівае Ірына Новік. — Часам мы вымушаныя рабіць нешта моўчкі, хоць гэта супярэчыць сутнасці журналістыкі.
На яе думку, да таго ж неабходныя змены ў падыходзе да кантэнту. Людзі стаміліся ад цяжкай і негатыўнай тэматыкі. Трэба больш забаўляльных відэа, што, аднак, немагчыма без грошай. Карацей, глядзіце вышэй — неабходныя ўстойлівыя мадэлі фінансавання.
У той жа час прагучала меркаванне, што беларускія журналісты робяць не так шмат расследаванняў. Яго агучыў Віціс Юрконіс. Праваабаронца згадаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Станіслава Івашкевіча, кіберпартызанаў.
— За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык, — нагадвае кіраўнік літоўскага офіса Freedom House. — Ведаем, што і катаванні за кратамі адбываюцца. Чаму не карыстаемся магчымасцямі? Загадзя не рыхтуем папку на кожнага, каго варта ўнесці ў санкцыйныя спісы?
Гэта прапанова заканамерна выклікала бурнае абмеркаванне, падчас якога прагучала пытанне: а ці ёсць журналісцкія расследаванні, якія тычацца абыходу санкцый? Відавочна ж, што кантрабандныя цыгарэты ў Літве ці Польшчы нехта атрымлівае.
Паводле кіраўніка Саюза журналістаў Літвы Дайнюса Радзявічуса, такія суместныя праекты маюць месца. Аднак, заўважым, часцей ініцыятарамі выступае ўсё ж такі беларускі бок.
— Нельга традыцыйнымі патрабаваннямі вымяраць надзвычайную сітуацыю, а яна для Беларусі, натуральна, такая, — падсумаваў вынікі семінара культуролаг і журналіст Максім Жбанкоў. — Мы кажам: ёсць праблемы, складанасці. А нам адказваюць: вы проста не ведаеце, куды звяртацца. Гэта прынцыповая памылка. Патрэбны іншыя крытэры, але я не пачуў, каб на гэта адрэагавалі.
Чытайце яшчэ:
Святлана Ціханоўская: «Я працягну прасіць большай дапамогі незалежным СМІ». Ёсць вялікі прагрэс з YouTube
Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя
«Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні