«ДзяржСМІ павінны паведаміць на працягу двух працоўных дзён пасля выхаду матэрыяла». Што яшчэ з’явілася ў адкарэктаванай Лукашэнкам дырэктыве?
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 172, які карэктуе дырэктыву № 2 ад 2006 году «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва». Асобныя пункты тычацца і сродкаў масавай інфармацыі — праўда, выключна дзяржаўнай уласнасці, незалежныя медыя ў дакуменце не згадваюцца.
«Найважнейшымі задачамі беларускай дзяржавы з’яўляюцца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, павышэнне якасці жыцця людзей. Паспяховае рашэнне гэтых задач шмат у чым залежыць ад таго, наколькі эфэктыўна дзейнічае сістэма працы з насельніцтвам. Дзяржавай пастаянна прымаюцца меры, накіраваныя на ўдасканаленне механізмаў працы з грамадзянамі, юрыдычнымі асобамі пры рэалізацыі імі сваіх правоў, абароне законных інтарэсаў. І ў гэтым напрамку зроблена нямала», — адзначаецца ў тлумачэнні на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Асобна акрэсліваецца «пасярэдніцкая» роля афіцыйнай прапаганды, якую ўсялякім спосабам падцягваюць пад намінальную «чацвёртую ўладу».
Так, згодна з пунктам указу 1.5, дзяржаўным органам і рэдакцыям сродкаў масавай інфармацыі прадпісваецца «на пастаяннай аснове» асвятляць у сродках масавай інфармацыі меры, якія прымаюцца па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, удасканаленні працы з насельніцтвам, формы ўцягвання грамадзян у работу рэспубліканскіх і мясцовых органаў. Паколькі акцэнт робіцца на бюджэтныя СМІ, усе іншыя інфарэсурсы ў гэты пералік не трапляюць.
Пры гэтым адзначаецца, што на старонкі газет і ў тэлеэфіры мусяць трапляць выключна «станоўчыя прыклады вырашэння пытанняў», якія паступаюць ад грамадзян, ход рашэння выяўленых рэзанансных праблемных пытанняў. Выглядае, што любая крытыка мусіць папярэдне ўзгадняцца ва ўладных кабінетах.
Адной з функцый, якую ўскладаюць на падкантрольныя медыя, з’яўляецца «адукацыйная». Гаворыцца, што зарэгістраванае ў адпаведным парадку выданне мусіць праводзіць «інфармацыйна-асветніцкую работу», накіраваную на тлумачэнне насельніцтву канстытуцыйных патрабаванняў па ўзаемнай адказнасці грамадзян перад дзяржавай і наадварот.
Адрозна ад папярэдняй версіі дырэктывы, абноўлены ўказ абавязвае рознаўзроўневую вертыкаль справаздачыцца перад рэдакцыямі, якія выступілі з матэрыяламі «на злобу дня».
У прыватнасці, з пункта 1.6 вынікае, што рэдакцыі дзяржаўных СМІ на працягу двух працоўных дзён павінны паведаміць дзяржорганам аб апублікаваных у друкаваных выданнях, размешчаных у тэле- і радыёпраграмах або сеткавых рэсурсах матэрыялах пра невыкананне работнікамі такіх структур патрабаванняў заканадаўства пры рабоце з насельніцтвам.
Кіраўнікі такіх органаў, у сваю чаргу, мусяць прыняць меры дзеля ліквідацыі дапушчаных парушэнняў і прычын, якія спараджаюць негатыўныя моманты. І, як вынік, пры наяўнасці падставаў — прыцягнуць вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.
Усё гэта, на думку распрацоўнікаў дакумента, з дапамогай мабілізаваных СМІ абавязкова прывядзе да «татальнай дэбюракратызацыі».
«Дзяржаўным органам на ўсіх узроўнях кіравання неабходна надаваць максімальную ўвагу павышэнню выніковасці працы з грамадзянамі, прадстаўнікамі юрыдычных асоб, якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, у тым ліку эфектыўнай рэалізацыі ініцыятыў па розных пытаннях жыццезабеспячэння. Дэбюракратызацыя павінна насіць усеагульны, татальны характар, пранікаць ва ўсе без выключэння аспекты жыцця грамадства, закранаць дзейнасць усіх дзяржаўных структур», — падсумоўваецца ў тлумачальнай частцы ўказу №172.
Чытайце яшчэ:
«Если одного из нас посадят, то второй берет ребенка и уезжает из страны». Ключевое из доклада правозащитников о психологическом состоянии политэмигрантов
«Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма
IPI асудзіў прызнанне «Зеркала» «экстрэмісцкім фарміраваннем»