• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    29 снежня спаўняецца 45 гадоў журналісту Андрэю Кузнечыку. З іх апошнія два — палітвязень за кратамі

    Фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Судовы працэс у Магілёўскім абласным судзе праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Вырак — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    З літар родзяцца радкі,

    З дзён гадуюцца гадкі, —

    так пачынаецца верш, напісаны Андрэем Кузнечыкам у зняволенні да дня народзінаў сына Мацвея, якому таксама ў снежні споўнілася 4 гады.  Дачка Яніна свой першы «сур’ёзны» 10-гадовы юбілей сустрэла сёлета без таты. Цяпер і ён сустракае сваё 45-годдзе далёка ад сям’і, за кратамі, так і не прызнаўшы сваёй віны «ў экстрэмізме».

    Журналіст-фрылансер нарадзіўся ў Віцебску і заўжды цікавіўся гісторыяй роднага горада.

    Пакінуўшы яго ў ранняй маладосці, ён шмат фатаграфаваў віцебскія краявіды, калі прыязджаў да бацькоў, займаўся краязнаўствам, шмат падарожнічаў на ровары па віцебскіх ваколіцах.

    Пераехаўшы ў Мінск, Андрэй скончыў ліцэй Белдзяжуніверсітэта, потым філалагічны факультэт універсітэта, а пазней аспірантуру. Яго па-сапраўднаму захапіла беларушчына, і менавіта любоў да Беларусі стала прычынай таго, каб не з’ехаць з радзімы, нават у прадчуванні небяспекі.

    Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры правялі ператрус. Займеўшы доступ да камп’ютара Андрэя, сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам «Радыё Свабода».

    На выпадак затрымання ён пакінуў свайму сябру адкрыты ліст, які належала апублікаваць, калі гэта здарыцца: «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі)».

    Пасля затрымання Андрэя Кузнечыка двойчы судзілі па адміністрацыйных справах, але з‑за кратаў па адбыцці арыштаў ён так і не выйшаў.  23 снежня 2021 года сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, і што яго перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага. Праз паўгода журналіста-фрылансера асудзілі паводле арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў прызначыў яму 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    «Прыдуманы тэрмін» Андрэй Кузнечык адбывае ў наваполацкай калоніі № 1. У верасні 2022 года Міністэрства ўнутнаных спраў уключыла журналіста ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».

    За час зняволення ён памяняў некалькі прац: спачатку яго накіравалі вымаць дрот з кабеляў, цяпер Андрэй працуе на дрэваапрацоўцы. Праца цяжкая, шэсць дзён на тыдзень. Палітвязень моцна схуднеў — да такой ступені, што сваякі мусілі даслаць у калонію новую вопратку, меншую на некалькі памераў. Але Андрэй не губляе аптымізму — працягвае вывучаць англійскую мову, чытае шмат мастацкай літаратуры, якую дасылае яму жонка, выпісвае багата беларускамоўнай перыёдыкі. У лістах дадому дзеліцца развагамі пра літаратуру, мовазнаўства, з гумарам апісвае турэмны побыт, свае ўспаміны і сны пра волю…

    У кожным лісце жонка Алеся Рак дасылае Андрэю фотаздымкі дзяцей, бо бацька глыбока перажывае растанне з імі і тое, што не можа быць побач у адказныя моманты сталення. У зняволенні Андрэй Кузнечык пачаў пісаць дзіцячыя вершы, якія перасылае сваім дзецям у лістах. А не так даўно ў YouTube з’явіліся песні на Андрэевы вершы — «Гілі» і «Верабейка-гаспадар». Музыку да іх напісала і запісала вакал Тацяна Грыневіч-Матафонава, аранжыроўшчык — Адась Матафонаў. Пра гэта сам палітвязень даведаўся з лістоў ад сям’і, якая чакае яго ў Мінску.

    Падтрымаць зняволенага журналіста і павіншаваць яго з юбілеем можна, напісаўшы на адрас: 211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК №1, Кузнечыку Андрэю Аляксеевічу.

    Чытайце яшчэ:

    Змогуць выжыць толькі буйныя гульцы? Беларускія журналісты ў Беластоку пагутарылі пра дасягненні і «факапы» 2023 года

    Памёр відэааператар Сяргей Чырык

    Журналистам станет еще труднее получить информацию из-за новых правил обращений в госорганы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці