Андрэй Кузнечык: Мае прычыны заставацца ў Беларусі
Журналіст "Радыё Свабода" Андрэй Кузнечык распавёў свайму сябру Арамаісу Міракяну, чаму ён застаецца ў Беларусі. І прасіў гэта апублікаваць у выпадку яго затрымання.
На журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка завялі крымінальную справу
Мае прычыны заставацца тут:
-
я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць зь сцежкі працы на карысьць беларушчыны;
-
у цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі);
-
я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяродзьдзі, стануць носьбітамі каштоўнасьцяў гэтага асяродзьдзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяродзьдзе мы маем, можам ствараць і разьлічваць на яго;
-
я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міт на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму;
-
я бачу, што перад суседнімі зь Беларусьсю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасьці, чым цяперашняя сытуацыя патрабуе ад беларусаў сёньня.