БАЖ прапаноўвае афіцыйнаму саюзу журналістаў сумесна абмеркаваць папраўкі ў заканадаўства аб СМІ
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прапаноўвае ГА “Беларускі саюз журналістаў” правесці сумеснае абмеркаванне законапраекта па зменах у заканадаўства аб СМІ, які рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў.
Да ўдзелу ў абмеркаванні прапануецца запрасіць не толькі прадстаўнікоў дзвюх журналісцкіх арганізацый, але і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіравання, журналістаў і іншых.
— Вынікам абмеркавання можа стаць узгадненне пазіцый журналісцкіх арганізацый і нават падрыхтоўка сумесных прапаноў па законапраекце ў Палату прадстаўнікоў, — гаворыцца ў звароце, накіраваным у БСЖ.
Нагадаем, што 19 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў першым чытанні законапраект, які ўносіць сур’ёзныя змены ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама шэраг нацыянальных і міжнародных арганізацый, прадстаўнікоў медыя называюць дакумент рэгрэсіўным і просяць істотна пераглядзець яго з улікам заўваг медыясупольнасці.