• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У спіс «экстрэмістаў» трапілі шэсць журналістаў і праваабаронцы «Вясны»

    Міністэртсва ўнутраных спраў Беларусі 8 снежня абнавіла «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    У пералік «экстрэмістаў» дададзены асуджаныя беларускімі судамі журналісты: Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік, Раман Пратасевіч, Дзмітрый Сельвяструк, Таццяна Пыцько і Вячаслаў Лазараў. Таксама ў спісе імёны праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Змітра Салаўёва.

    Спартыўны блогер і журналіст Дзмітрый Сельвяструк вядомы футбольным заўзятарам як стваральнік тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси». Ён знаходзіцца за кратамі з пачатку траўня 2023 года. У канцы  верасня або ў пачатку кастрычніка Сельвяструк быў асуджаны Мінскім гарадскім судом паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Падрабязнасці і дата прысуду невядомыя, але паводле звестак, выкладзеных на сайце МУС, журналіст ужо адбывае пакаранне.

    У спіс «экстрэмістаў» трапіла сямейная пара з Віцебску — відэажурналіст-фрылансер Вячаслаў Лазараў і яго жонка Таццяна Пыцько. Лазарава абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем, а Пытько — за дапамогу мужу. Абодвух судзілі ў Віцебскім абласным судзе па крымінальным артыкуле 361–4 — за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

    На сайце МУС гаворыцца, што менавіта гэты прысуд у дачыненні да Таццяны ўступіў у законную сілу. Аднак пасля разбору апеляцыйных скаргаў Пыцько і Лазарава ў Вярхоным судзе стала вядома, што абодвум перакваліфікавалі абвінавачанне: новы вырак ім вынесены паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні. Згодна яму, Вячаславу Лазараву скарацілі тэрмін зняволення з пяці з паловай да пяці гадоў, а Таццяну Пыцько вызвалілі, адтэрмінаваўшы выкананне пакарання.

    Чаму рашэнне Вярхоўнага суда не адлюстраванае ў спісе «экстрэмістаў»? Разважае праваабаронца Павел Левінаў:

    — На ўласныя вочы я не бачыў вызначэнне Вярхоўнага суда, чуў пра змены толькі ад сваякоў падсудных. Магчыма, нешта пераблыталі яны, магчыма, памылку дапусцілі складальнікі спіса. Але, што да Таццяны Пыцько, то ў пераліку на сайце МУС дакладна ўказана, што жанчыне прысуджана пакаранне з адтэрміноўкай. Гэта якраз тыя змены, якія адбыліся пасля разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе, бо Віцебскі абласны суд асудзіў жанчыну да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без аніякіх адтэрміновак. І Таццяна ўжо выйшла з‑за кратаў.

    Яшчэ ў пераліку «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» з’явіліся (мінулай датай) прозвішчы Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча.

    Прысуды чальцам рэдакцыі звышпапулярнага падчас пратэстаў 2020 года тэлеграм-канала Nex­ta Раману Пратасевічу, Яну Рудзіку і Сцяпану Пуцілу былі вынесены 3 траўня ў Мінскім абласным судзе. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, у абразе прэзідэнта, распаўсюдзе заведама ілжывых звестак аб Беларусі і іншых злачынствах. Пратасевіч атрымаў 8 гадоў зняволення, Рудзік і Пуціла, якіх судзілі завочна, — адпаведна 19 і 20 гадоў пазбаўлення волі.

    Пытанні выклікае і тое, чаму наконт Пратасевіча ў пераліку «экстрэмістаў» пазначана, што ў яго не пагашаная судзімасць, хоць ён быў памілаваны рашэннем Аляксандра Лукашэнкі. Былая адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна патлумачыла «Медыязоне», што ў выпадку з памілаваннем усё залежыць ад тэксту ўказа Лукашэнкі. У некаторых выпадках тэкст указа можа прадугледжваць зняццё судзімасці, а ў некаторых судзімасць застаецца непагашанай.  Дарэчы, сёлета ўлетку Раман Пратасевіч быў выключаны са спісу датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, які складае беларускі КДБ.

    Што да Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы, то ў спісе «асобаў, схільных да экстрэмізму», пазначана, што зараз яны знаходзяцца ў вышуку.

    У спіс «экстрэмістаў» МУС уключыла таксама асуджаных да зняволення праваабаронцаў: старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна», Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, Змітра Салаўёва (ён на сёння знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі).

    Чытайце яшчэ:

    Сайты «Радыё Свабода», «Салідарнасці» і мноства акаўнтаў медыяў у сацсетках — «экстрэмісцкія матэрыялы»

    Сайт «Позірк» і тэлеграм-канал «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя» аб’яўленыя ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

    «Журналісты сутыкаюцца з шэрагам праблем, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці