Блогера Дзмітрыя Сельвяструка прызналі палітычным вязнем
Адпаведную заяву беларуская праваабарончая супольнасць прыняла 17 кастрычніка. Спартыўны блогер і журналіст Дзмітрый Сельвяструк знаходзіцца за кратамі з пачатку траўня.
Спадару Дзмітрыю высунулі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Судовы працэс па справе распачаўся 29 верасня ў Мінскім гарадскім судзе.
Футбольным заўзятарам Дзмітрый Сельвяструк вядомы як стваральнік тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси». Апошні запіс ён пакінуў там 5 траўня. У той самы дзень паведаміў сябрам, што да яго прыходзіў участковы, але ён не адчыніў міліцыянту дзверы. З таго часу сувязь з Сельвяструком перарвалася.
Паводле праваабаронцаў, у траўні пасля затрымання яго двойчы судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Першы працэс прайшоў у судзе Маскоўскага раёна Мінска, на ім старшыняваў суддзя Сяргей Кацар. Мяркуючы па тым, што на волю пасля суда блогер не выйшаў, яму быў прызначаны адміністрацыйны арышт.
Як правіла, падставы для падобных адміністрацыйных спраў сілавікі знаходзяць падчас маніторынгу інтэрнэта дзеля выкрыцця падпісак на «экстрэмісцкія» рэсурсы альбо падчас праверкі тэлефонаў затрыманых — верагодна, такім чынам міліцыянты знайшлі падставы для другой адміністрацыйнай справы ў дачыненні Дзмітрыя Сельвяструка. 30 траўня яго зноў судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, справу разбірала суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль.
Пакуль Сельвяструк адбываў адміністрацыйныя арышты, яму выставілі і крымінальнае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
З моманту затрымання мужчыну ўтрымліваюць пад вартай.
Разгляд крымінальнай справы, згодна раскладу судовых пасяджэнняў, распачаўся 29 верасня ў Мінскім гарадскім судзе. На працэс прызначылі суддзю Святлану Чарапанаву, вядомую «ўдарніцу» ў справе вынясення палітычных прысудаў. Гэта яна, прыкладам, судзіла тых, хто праходзіў па «справе Зельцара», і пакінула без задавальнення апеляцыйную скрагу спартыўнага журналіста і блогера Аляксандра Івуліна, які быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і сёлета ў лютым выйшаў на волю, адбыўшы прысуд цалкам.
Вынік суда над Дзмітрыем Сельвяструком на сёння невядомы. У Банку судовых рашэнняў ягоны вырак пакуль не апублікаваны.
Чытачы тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» выказвалі меркаванні, што падставай для затрымання Сельвяструка маглі стаць крытычныя допісы на адрас некаторых клубаў чэмпіянату краіны і спартыўных кіраўнікоў. Паводле назіранняў падпісчыкаў тэлеграм-канал часта паведамляў розныя інсайды, заснаваныя на чутках і каментарах з розных спартыўных форумаў.
Што да яго заснавальніка, то 33-гадовы Дзмітрый Сельвяструк скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, некаторы час працаваў у дзяржаўнай «Народнай газеце», займаўся сацыяльнай тэмай, пісаў пра ІТ-індустрыю. Паступова пераарыентаваўся на спартыўныя навіны, пачаў супрацоўнічаць са спецыялізаваным рэсурсам Football.by. Тры гады таму запусціў уласны праект — тэлеграм-канал пра беларускі футбол, які налічвае каля 2000 падпісчыкаў.
Чытайце яшчэ:
Прысуд Паўлу Мажэйку застаўся без зменаў. Днямі яго этапуюць у калонію
Как себе помочь при травме свидетеля в журналистике? Рекомендации психолога
Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайту mediaiq.info