Відэааператара Вячаслава Лазарава прыгаварылі да 5,5 гадоў зняволення, Таццяну Пыцько — да 3 гадоў
Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава асудзілі да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго жонку Таццяну Пыцько — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такі вырак сужэнцам сёння, 25 верасня, агучыў суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, абодвух абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Вячаслава Лазарава асудзілі паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове), Таццяну Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361–4 КК (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
Абодвух звінавацілі ў сувязі з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем: Вячаслава за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымак.
Пакаранне абодвум праваабаронцы лічаць неапраўдана жорсткім.
Таццяну Пыцько, маці траіх няпоўнагадовых дзяцей, асудзілі да пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі, хоць санкцыі ч. 1 арт. 361–4 КК прадугледжваюць таксама пакаранне не пазбаўленнем, а абмежаваннем волі — так званай «хіміяй».
Вячаслава пакаралі тэрмінам зняволення на пяць з паловай гадоў, ды яшчэ ва ўмовах узмоцненага рэжыму, тым часам санкцыі ч. 1 арт. 361–4 КК таксама прадугледжваюць і «хімію» на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, і меншы тэрмін пазбаўлення волі — ад 3 гадоў.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала абодвух сужэнцаў палітычнымі зняволенымі.
Відэааператара Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны. Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі.
На момант затрымання Таццяна Пыцько гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Двое старэйшых дзяцей жанчыны ад першага шлюбу знаходзяцца з родным бацькам.
29 жніўня Вячаславу Лазараву споўнілася 47 гадоў, дзень народзінаў ён сустрэў у віцебскім СІЗА‑2. Тамсама заўтра, 26 верасня, сустрэне свае 39 гадоў і Таццяна Пыцько.
Даведачна:
Артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Частка 1: Вярбоўка, іншае ўцягненне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да 4 гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.
Частка 2: Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна альбо групай асобаў паводле папярэдняй змовы, альбо пасадовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў — караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Чытайце яшчэ:
«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару
«Упершыню купіў у турэмнай краме марскую капусту». Што новага ў палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына
Міжнародны турнір па футболе сярод журналістаў у Друскінінкаі. ФОТА