БАЖ накіраваў кожнаму дэпутату парламента свае заўвагі і прапановы адносна закона аб СМІ
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі свае заўвагі і прапановы адносна паправак у закон аб СМІ.
Кожнаму дэпутату беларускага парламента адпраўлена таксама заява з’езду БАЖ. У заяве гаворыцца, што 19 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае ўнясенне сур’ёзных зменаў у заканадаўства аб СМІ.
Заўвагі і прапановы БАЖ не былі ўлічаныя пры разглядзе дадзенага законапраекта, як не былі пачутыя і прапановы іншых прадстаўнікоў медыясектара, не праведзена міжнародная экспертыза законапраекта.
У сувязі з гэтым мы заклікаем беларускія ўлады:
— правесці абмеркаванне прапанаваных зменаў у заканадаўства ў галіне СМІ з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў медыясектара, бізнесу і грамадства;
— дапрацаваць законапраект пры разглядзе ў другім чытанні з улікам усіх меркаванняў (у тым ліку заўваг і прапаноў БАЖ, якія перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў);
— прызнаць права фрылансераў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных масмедыя.
Таксама кожнаму дэпутату парламента адпраўленыя прапановы прадстаўнікоў беларускай медыясупольнасці.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў першым чытанні. Перад гэтым Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі папрасіла Беларускую асацыяцыю журналістаў выказаць свае заўвагі і прапановы адносна законапраекта.
Заўвагі і прапановы БАЖ былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў 9 красавіка, аднак адпаведная камісія да гэтага часу так і не разгледзела дакумент.