Журналіста Паўла Падабеда пасля 15-суткавага арышту перавялі на «Валадарку»
4 лютага скончыліся 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якім пакаралі відэааператара Паўла Падабеда. Але, як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, на волю ён так і не выйшаў. Яго перавялі ў СІЗА №1 Мінска і завялі крымінальную справу.
Да таго Паўла Падабеда ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна, абвінаваціўшы паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 у распаўсюдзе (рэпосце) «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Але напярэдадні дня меркаванага вызвалення яго перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе правялі допыт.
Верагодна, тады следчыя і прынялі рашэнне перакваліфікаваць справу ў крымінальную — сутнасць прэтэнзій пры гэтым пакуль не ўдакладняецца. Такім чынам, пра прычыны цікавасці з боку сілавікоў да 43-гадовага журналіста, які раней супрацоўнічаў у якасці відэааператара з шэрагам незалежных медыяў, можна толькі здагадвацца. Мяркуючы па ўсім, арышт усё ж звязаны з колішняй прафесійнай дзейнасцю.
Павел Падабед пры загадкавых абставінах “знік” удзень 20 студзеня. Паводле наяўных звестак, якую атрымала служба маніторынгу БАЖ, у той дзень ён выправіўся на пошту, каб аплаціць “плацёжкі” за навучанне сына. Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды журналіст ужо не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь. З улікам, што на пошце паспеў аформіць толькі адзін плацёж, выглядае, што затрымалі яго менавіта там.
Прынамсі сам факт арышту Павел Падабед пацвердзіў у тэлефанаванні сваякам — на той момант без удакладненняў, што канкрэтна яму інкрымінавалі. Паспеў толькі паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус. З вонкавага агляду жылля родзічы зрабілі выснову, што знік камп’ютар ды іншыя носьбіты інфармацыі — уключна з тэлефонам, які ў яго быў пры сабе.
Пасля таго, як 23 студзеня мінулі 72 гадзіны ад моманту папярэдняга затрымання, на волю відэаператар так і не выйшаў. Некалькі наступных дзён сваякі не разумелі, дзе яго шукаць, паколькі на Акрэсціна, дзе звычайна ўтрымліваюцца “палітычныя”, такі арыштант не значыўся. Толькі пазней родных праінфармавалі, што той у ІЧУ Мінскага раёна на вуліцы Скарыны.
Для Паўла Падабеда гэта не першае знаёмства з праваахоўнай сістэмай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступнай пратэснай актыўнасці журналіста разам з іншымі калегамі неаднаразова дастаўлялі ў аддзяленні міліцыі — як, напрыклад, за асвятленне “маўклівых шэсцяў” 2011-га ў межах акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” альбо перфомансаў падчас датэрміновага галасавання ў “парламент” ад кампаніі “Гавары праўду”.
Тады ўсё збольшага заканчвалася “прафілактычнай гутаркай” з міліцыянерамі ды загадам на выдаленне адзнятага матэрыялу — нават без складання пратакола.
Увосень 2020 года, калі Беларусь ахапілі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і наступнага гвалту сілавікоў, Паўла Падабеда таксама затрымлівалі за прафесійную дзейнасць пасля адной з акцый пратэсту. У выніку ўсё скончылася без адчувальных наступстваў.
Але цяпер сітуацыя кардынальна іншая – за кратамі ўжо нямала тых, хто фіксаваў драматычныя падзеі 2020-га. Гаворка перадусім пра відэааператараў Аляксандра Любенчука, асуджанага на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні”, і Івана Мураўёва, які атрымаў на паўгода меней на падставе аналагічнага абвінавачання і цяпер рыхтуецца да абскарджвання прысуду.
Чытайце яшчэ:
“Зараз ёсць імкненне і жаданне. Больш нічога”. Гутарка з блогерам Аляксандрам Кабанавым
Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»
Журналістаў Інанец і Лычаўку, якія адбываюць “хатнюю хімію”, унеслі ў “экстрэмісцкі” спіс