• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»

    Абласны драмтэатр для карэннай гарадзенкі Наталлі Лявонавай быў запаветнай марай з самага дзяцінства. Яна прыйшла сюды адразу пасля заканчэння сталічнага Універсітэта культуры і прапрацавала ў яго сценах без малога 20 гадоў. У 2020-м ёй разам з калегамі, што выступілі супраць рэпрэсій, прыйшлося забраць сваю працоўную кніжку і пачынаць усё зноўку. У замежжы. Пра сваё новае прафесійнае жыццё ў Літве Наталля Лявонава распавяла Art-context.com.

    «Рэквізіт для сцэнаграфіі бралі з сабраных па восені дворнікамі кіпаў лісця»

    У Літве Наталлі давялося памяняць звыклы для рэпертуарнага тэатра расклад на шматпланавую праектную дзейнасць.

    — У новых умовах я бачу іншы бок медаля. У рэпертуарным тэатры за цябе ўсё вырашаюць: глядзіш у раскладзе, калі твае рэпетыцыі і спектаклі, бярэш сукенкі, падрыхтаваныя для цябе касцюмерным цэхам, ідзеш да грымёраў, каб цябе прычасалі і нафарбавалі, ведаеш, што на сцэне ўжо выстаўленыя дэкарацыі і раскладзены рэквізіт. Табе не трэба ні з кім ні аб чым дамаўляцца. У Літве ў праектах, у якіх я задзейнічаная, трэба ва ўсё паглыбляцца самой. Мы з калегамі і падлогі мыем, і рэквізіт раскладваем, і касцюмы шыем, і дэкарацыі робім. Але для мяне гэта не выклік, а звычайнае жыццё. Ты хочаш займацца тэатрам, нешта прамаўляць са сцэны? Значыць, ты ідзеш на гэтыя прапанаваныя абставіны і спакойна да іх ставішся. 

    Гарадзенцам пашанцавала —глабальных паўзаў у іх творчасці не было. Усіх дзесяцёх звольненых акцёраў і рэжысёраў адразу запрасілі ў Вільнюс для ўдзелу ў тэатральным праекце. Пасля яго заканчэння хтосьці вырашыў перабрацца ў Польшчу, Наталля ж засталася ў Літве. Тут пры Вільнюскім старым тэатры (былы Рускі тэатр Літвы) разам з калегамі яны стварылі праект з гаваркой назвай «Тэатр жніўня».

    — Мы адразу ж знайшліся з Андрусам Даралам —  акторам і рэжысёрам гэтага калектыву. Менавіта ён стаў пастаноўшчыкам ужо трох нашых спектакляў. Не паверыце, але кожны з іх зроблены літаральна за 100 еўра. Мы смяёмся, што на нашы дэкарацыі часам ідзе тое, што не спатрэбілася для вялікай сцэны тэатра: цэхі нешта спісалі і вынеслі на сметнік, а мы ўжо заносім гэта да сябе, таму што матэрыял класны і яго дастаткова для нашай невялікай сцэнічнай прасторы. 

    Але рэжысёрскае рашэнне ў такіх умовах часам важнейшае за вылучаны на пастаноўку бюджэт.

    — Напрыклад, спектакль «За што?», які распавядае пра Ноч расстраляных паэтаў, Андрус прыдумаў аформіць сапраўднымі апалым лісцем. Яно ў нас паўсюль: рассыпанае па сцэне, зваленае ў мяшкі, сыплецца зверху. Выглядае эфектна! Рэквізіт для такой сцэнаграфіі мы бралі проста з вуліцы, з сабраных па восені дворнікамі кіпаў лісця. А для касцюмаў у «Трэцяй змене» па п’есе беларускага драматурга Паўла Пражко літоўская мастачка Таццяна Дарала прыдумала выкарыстоўваць матэрыял для цяпліц. Атрымалася танна і эфектна. Ды яшчэ кожны шыў сабе такі касцюм, які хацеў. І ў гэтым выявіўся характар.

    «Смяшыць публіку ў зале, калі за яго межамі множацца скалечаныя лёсы, я не магла»

    Наталля ўпэўненая: тэатр павінен быць адлюстраваннем таго, што адбываецца вакол.

    — Так, цяпер мы з калегамі пачынаем з нуля, нягледзячы на прафесійны бэкграўнд кожнага з нас. Але наш унутраны свет стаў нашмат аб’ёмнейшым. Раней пасля сыгранага спектакля я ехала дадому, часцей разважаючы аб побытавых пытаннях. За мінулыя два гады занадта шмат вакол змянілася. Я бачу трагедыю разбуранай краіны, людзей, якія сядзяць у турмах, пачатыя з нуля жыцці — мне ёсць пра што гаварыць са сцэны.

    Магчымасці выказвацца пра тое, што па-сапраўднаму баліць, гарадзенцам не хапала, бо ў апошнія гады абласны тэатр спецыялізаваўся па большай частцы на лёгкіх камедыях.

    — Суцэльныя камедыі ў рэпертуары апошніх гадоў — гэта запыт адміністрацыі. Калі ў 2001 годзе я прыйшла пасля ўніверсітэта працаваць у тэатр, у яго афішы былі вельмі цікавыя спектаклі, на якія я ўвесь час запрашала сталічных аднакурснікаў. Але за апошнія чатыры гады ў маім паслужным спісе стала зашмат камедыйных роляў. І ў 2020‑м, калі мы ўсе сутыкнуліся з такой колькасцю скалечаных лёсаў, я больш не змагла іх іграць.

    У той жнівень артысты Гродзенскага тэатра прасілі замяніць камедыі на больш актуальныя спектаклі.

    — Можна было паказваць «451 градус па Фарэнгейце» паводле Рэя Брэдберы. Або апошнюю пастаноўку нашага рэжысёра Генадзя Мушперта «Удава, курдупель, цюлень ды іншыя» па п’есе Керэна Клімоўскі — вельмі востра адгукалася ўва мне тэма сумлення ў гэтым спектаклі. Яна была сугучная таму, што адбывалася на вуліцы, дзе пад сценамі тэатра стаялі аўтазакі. Адміністрацыя пераконвала мяне, што адмаўляцца граць у камедыях — гэта непрафесійна. Але мы ўсе тады былі як адкрытая рана. Забаўляць публіку ў зале, калі за яго межамі множыліся скалечаныя лёсы, я не магла.

    Прайшло ўжо больш за два гады з тых падзей, але Наталля да гэтага часу не ўпэўненая, што гатовая вярнуцца да забаўляльнага матэрыялу.

    — Сысці з тэатра, як мы, маглі не ўсе. Не бяруся асуджаць калег: у кожнага ёсць свае важкія абставіны. Але асабіста сваю функцыю я цяпер бачу ў тым, каб казаць пра тое, што адбываецца. Тым больш у многіх маіх калег у Беларусі такой магчымасці няма, гэта вельмі небяспечна для іх. Мы бяром для «Тэатра жніўня» глыбокі матэрыял. Вяртаем гледача да творцаў, якіх мы страцілі ў 1937 годзе. Паказваем сугучную з нашым часам «Трэцюю змену» сучаснага беларускага драматурга Паўла Пражко. Ці распавядаем пра тых, хто загінуў пад руінамі ўзарванага ў час вайны тэатра ў Марыупалі. Перад рэпетыцыямі апошняга спектакля мы з Андрусам Даралам ездзілі ў Клайпеду, каб пазнаёміцца з украінскай журналісткай Надзеяй Сухарукавай, чые дзённікі ляглі ў аснову пастаноўкі. Я хачу творча асэнсоўваць тое, што ўсім нам цяпер баліць.

    Да падзей 2020-га актрыса вярнулася ў эксперыментальным тэатральным праекце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. На ўніверсітэцкай пляцоўцы беларускія акцёры разам з калегамі з Вільнюскага старога тэатра распавядаюць, як жыццё звычайнай мінскай сям’і было разбуранае рэпрэсіямі ў той пратэстны жнівень.

    — Мы пачалі працаваць над п’есай ананімнага беларускага драматурга ў лютым 2022 года. Толькі пачалася вайна ва Украіне, таму пастановачную групу хвалявала пытанне, ці варта на фоне гэтай трагедыі ўспамінаць пра нашу тэму. І агульнае рашэнне было: так, гэта неабходна. У Рызе летась у кастрычніку для чыткі сучасных беларускіх і ўкраінскіх п’ес «Тэатр у часы расколатай памяці» прадзюсарка Яўгенія Шэрмянёва абрала менавіта гэты тэкст. Так супала, што Яўгенія паклікала мяне ў праект, не ведаючы, што я ўжо граю ў спектаклі па гэтым тэксце. Я змагла на свае вочы ўбачыць, як беларускія рэаліі адгукаліся не толькі ў еўрапейскай публіцы, але і ва ўцекачоў з Расіі, акцёраў, задзейнічаных у гэтай чытцы. Нельга беларусам забываць пра саміх сябе.

    За два гады сем прэм’ер

    Ці не стамляецца Наталля ад неабходнасці пастаянна шукаць новыя праекты?

    — Па-першае, пакуль яны самі мяне знаходзілі, што не можа не радаваць. Па-другое, калі падлічыць усё разам, то за два гады я адыграла сем прэм’ер. Нават у Гарадзенскім тэатры, дзе мне пашчасціла быць шчыльна занятай у рэпертуары, за год выходзіла не больш за 2–3 новыя пастаноўкі. У Вільні мяне не абмінае магчымасць творча рэалізоўвацца.

    Кожны новы спектакль як прыгода, бо трэба не толькі знайсці сродкі для яго афармлення, сабраць акцёраў, у кожнага з якіх ёсць дадатковыя працы і ўласныя праекты. Пытанне яшчэ ў нязвыкла кароткім часе, вылучаным для рэпетыцый.

    — У рэпертуарным тэатры ёсць мінімум тры месяцы для падрыхтоўкі спектакля. Тут такога, вядома ж няма. Як і няма пастаяннай занятасці: у Горадні я магла на працягу тыдня выходзіць кожны вечар на сцэну, а кожную раніцу прысвячаць рэпетыцыям, а ў Літве паміж спектаклямі можа быць значная паўза. Пастаяннага трэнінгу бракуе, бо акцёрам, як і спартсменам, каб трымаць сябе ў форме, патрэбная штодзённая праца. З іншага боку, не заязджаецца псіхатэхніка: калі ты не растрачваеш сябе кожны дзень, то на спектаклях пачуваешся больш напоўненай.

    Артыстцы падабаецца магчымасць рэалізоўвацца ў розных рэжысёраў, спрабаваць розныя падыходы ў працы.

    — Акрамя пастановак з Яўгеніяй Шэрмянёвай і Андрусам Даралам, я змагла папрацаваць з Саўлюсам Варнасам (літоўскі рэжысёр пяць гадоў апекаваўся Магілёўскім абласным драматычным тэатрам), супрацоўнічаю з прыватным Mroj-Hall teatras (яго заснавала беларуска Маргарыта Сасім, якая пераехала ў Літву 10 гадоў таму), дзе мы разам з гарадзенскімі акцёрамі Натэлай Бялугінай і Ганнай Зузо-Івановай задзейнічаныя ў казках. Спадзяёмся на сумесны праект з беларускім рэжысёрам Юрам Дзіваковым.

    Наталля ўпэўненая, што праектная дзейнасць павінна стаць звыклай для новай Беларусі.

    — Я не буду казаць пра Мінск, дзе існавала шмат незалежных тэатральных пляцовак, успомніць хоць бы легендарны Ок16. Але вось у Горадні эксперыментальнай прасторы відавочна бракавала. Праектная дзейнасць – гэта не толькі магчымасць паспрабаваць акцёрам і рэжысёрам сябе ў новым матэрыяле, на які рэпертуарная пляцоўка не гатовая пагадзіцца. А яшчэ і цывілізаванае вырашэнне пытання нізкіх заробкаў дзеячаў культуры, якое пры любым раскладзе адным махам вырашыць не атрымаецца. Што далёка хадзіць: практычна ўсе акцёры з гарадзенскага драмтэатра падзараблялі. Хто на будоўлі, хто займаўся рамонтам, хто падаваўся ў аніматары ды на іншыя халтуры.

    Заявак больш, чым месцаў

    Пасля ўніверсітэта Наталля з першых жа дзён працы ў тэатры паралельна пачала выкладаць у Гарадзенскай гімназіі з эстэтычным ухілам. Гэты шматгадовы вопыт у педагогіцы выручыў і ў Вільні: гарадзенскую актрысу паклікалі ў літоўскую чатырохмоўную акадэмію выкладаць для школьнікаў тэатральныя дысцыпліны. Летась ужо Беларускі дом у Вільні запрасіў Наталлю адкрыць дзіцячыя тэатральныя гурткі.

    — Фонд «Разам» атрымаў грант на гэтую дзейнасць і прапанаваў мне працаваць з дзецьмі ад 4 да 17 гадоў. Яны думалі, што я адна пацягну ўсе ўзроставыя групы, але гэта было б несумленна, таму я прапанавала паклікаць у якасці педагогаў маіх калег. Цяпер у нас на траіх тры дзясяткі адораных дзяцей. Заявак ад бацькоў было куды больш.

    З дзецьмі Наталля працуе па праграме, ужо добра засвоенай у Горадні. 

    — Я іду па ўсіх тых жа курсах, якія вывучаюць у тэатральных ВНУ, толькі вельмі-вельмі паступова. Летась пайшла на эксперымент: упершыню адкрыла групу для дарослых. Да мяне запісаліся 30–40-гадовыя людзі. Яны хочуць зняць заціск, паставіць маўленне, адкрыць у сабе новыя грані. Перад першым заняткам я вельмі перажывала, ці пойдуць дарослыя людзі на прапанаваныя ўмовы, ці захочуць выконваць практыкаванні? Страхі былі марныя. Дарэчы, група аказалася інтэрнацыянальнай: разам займаюцца беларусы, украінцы і расейцы.

    Натхніўшыся сваімі вучнямі, Наталля вырашыла рэалізаваць са школьнікамі музычна-паэтычны праект, дзякуючы якому яна хоча звязаць беларускіх паэтаў пачатку мінулага стагоддзя і сучасную музыку. Пастаноўка будзе прымеркаваная да Дня беларускай мовы, што адзначаецца ў лютым.

    — Гэты спектакль мы задумвалі яшчэ па прыездзе ў Літву, але рэалізаваць яго перашкодзіў каранавірус. Разам з дзецьмі на сцэну выйдуць чатыры прафесійныя актрысы, у тым ліку экс-артыстка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Марына Здаранкова, якая нядаўна далучылася да нас. Так як праект музычны, задзейнічаем музыкаў. Да прыкладу, на бас-гітары будзе граць мой муж Віталь Лявонаў. У Горадні ён быў вядучым акцёрам Тэатра лялек, але акрамя гэтага пісаў музыку да многіх спектакляў. Цяпер ён працуе гукарэжысёрам у Вільнюскім старым тэатры і зноў піша музыку, ужо для нашых пастановак. 

    На выпадак, калі беларускай тэатральнай школе не працягнуць грант, у Наталлі ўжо ёсць рашэнне: паспрабуюць адкрыць школу на камерцыйнай аснове. Актрыса тлумачыць, чаму гэты праект яна лічыць важным:

    — Сярод беларусаў, вымушаных пакінуць свой дом, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам. Беларускія дзеці на занятках не толькі вучацца, але і знаёмяцца, знаходзяць упэўненасць у сабе, бо ў іх аднолькавая гісторыя ад’езду з краіны, агульныя погляды і інтарэсы. Разам ім лягчэй. Да прыкладу, мая цяперашняя старэйшая група — проста неймаверныя дзеці, якія ўмеюць думаюць. Некаторыя з іх беларускамоўныя, астатнія імкнуцца да гэтага. Гэтыя дзеці — сапраўдныя беларусы. Змена, якая расце тут, — о, як яна зможа сябе праявіць, калі вернецца ў Беларусь!

    Чытайце яшчэ:

    «Немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты». Дняпроўская журналістка пра працу падчас трагедыі

    60 гадоў таму ў эфір выйшла радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная»

    «Пра людзей, якія змагаліся за волю»: бэкстэйдж са здымак кліпа Кацярыны Ваданосавай

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці