Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»
Вайна ва Украіне далёкая да завяршэння, аднак палітыкі і інфлюэнсеры суседняй краіны ўжо ўздымаюць пытанне, як будзе разлічвацца беларускае грамадства за рашэнні дыктатуры Лукашэнкі. Як ставіцца да такога захаду? Падчас анлайн-сустрэчы, арганізаванай БАЖ, украінскі палітолаг Яўген Магда падзяліўся меркаваннем, пры якіх умовах адносіны паміж двума грамадствамі могуць нармалізавацца.
«Нас збліжаюць і раз’ядноўваюць стэрэатыпы, якія доўга існавалі, адзін пра аднаго»
У 2019‑м кнігу Яўгена Магды «Гибридная агрессия России: уроки для Европы» падарылі Лукашэнку, і той нават абяцаў яе прачытаць.
Цяпер жа палітолаг кажа: «Лукашэнку нават шклянку вады нельга падаваць з Украіны. Не кажучы ўжо пра набыццё бочкі бітума з Беларусі».
— Беларуска-украінскія адносіны знаходзяцца у стане замарозкі, — лічыць адзін з найбольш дасведчаных у беларуска-украінскіх адносінах эксперт. — Так ці інакш мы ўсе — закладнікі вайны, якая робіць успрыманне чорна-белым.
Праблемы, па яго меркаванні, трэба вырашаць з дапамогай дыялогу, які, дарэчы, у паўнавартасным фармаце пакуль малаверагодны.
— У нас больш за тысячы кіламетраў сумеснай мяжы, але мы мала ведаем адзін пра аднаго, — распавядае пра парадокс Яўген Магда. — У выніку часта разважаем стэрэатыпамі, якія выкарыстоўвае расейская прапаганда. Адзін з іх — міф пра тры братэрскія народы.
— Мы не родзічы. Я неаднаразова казаў, што згадваць трыадзіны народ — гуляць на карысць прапагандзе Крамля, — падкрэслівае палітолаг. — Для Украіны расейцы — дакладна ворагі. А хто для беларусаў — вызначайцеся самі…
Ён таксама дадаў, што да 2014 года ўкраінцы гэтак жа ставіліся да расейцаў, як цяпер беларусы.
— Нас збліжаюць і раз’ядноўваюць стэрэатыпы, што доўга існавалі, адзін пра аднаго, — удакладніў эксперт. — Ва Украіне казалі, што ў Беларусі беспрацоўных няма, роўныя дарогі, а Лукашэнка пра ўсіх клапоціцца. У той жа час беларуская дзяржпрапаганда сцвярджала, што ў нас тут выключна майданы і ядуць рускамоўных немаўлят.
Формула: без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы
Многія ўкраінцы чулі, што расейская мова «з’ела» беларускую, згадвае яшчэ адзін стэрэатып Яўген Магда. Але не кажуць, што з пункту гледжання заканадаўства яны — па-ранейшаму раўнапраўныя.
Моўнае пытанне, між тым, не заўсёды сведчыць пра палітычную пазіцыю яе карыстальніка і тым больш — падтрымку ворага. У Кіеве, Адэсе, Харкаве гавораць па-расейску. У той жа час 90% украінцаў падтрымліваюць свае войскі і вераць у іх здольнасць даць адпор акупантам.
— Беларускую гісторыю не вывучаюць ні на водным гістарычным факультэце Украіны, — звяртае ўвагу на чарговую недарэчнасць палітолаг. — У такіх умовах распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу.
Можа, таму апошнім часам усё часцей ва ўкраінскім дыскурсе гучаць словы пра рахунак, які трэба выставіць Беларусі пасля перамогі? Падкрэслім: гаворка вядзецца цалкам пра краіну і грамадства, а не рэжым і яго прыхільнікаў, якія дазволілі выкарыстоўваць тэрыторыю краіны без згоды народа.
Першым пра гэта казаў інфлюэнсер Сяргей Прытула. А днямі дэпутат Вярхоўнай Рады Яраслаў Юрчышын унёс заканапраект аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам.
— Важна, каб на буйных украінскіх тэлеканалах аддзялялі беларусаў ад лукашыстаў, — пагаджаецца Яўген Магда. — Таксама будзе плюсам, калі ўкраінская ўлада скажа, што не згодна мець нічога агульнага з Лукашэнкам.
Нагадаем, менавіта ўкраінскі палітолаг першым публічна сфармуляваў: без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы.
«Ролік Сяргея Прытулы быў першым яго відэа пра Беларусь»
Апошнім часам Беларусь звычайна ўзгадваецца ўкраінскімі медыя ў сувязі з магчымым удзелам у вайне і пагрозай ядзернай бяспекі.
— З 24 лютага 2022 года я казаў, што беларускія войскі не пойдуць ва Украіну, — нагадвае Яўген Магда. — Я рады, што гэтага не здарылася. Бо ўварванне азначала б не толькі іх гібель, але і смерць украінскіх абаронцаў.
На фоне расійскай агрэсіі ўсё большую вагу набывае полк Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны. Пра гэта сведчаць і яго рэгулярнае ўзгадванне ў СМІ, і сацыялагічныя даследаванні. Наколькі каліноўцы ратуюць рэпутацыю калектыўнага беларуса?
— Не думаю, што яна настолькі пагоршылася, што яе трэба ратаваць, — лічыць палітолаг. — Аднак тое, што полк Каліноўскага звяртае ўвагу грамадскасці і дазваляе ўтрымліваць баланс — праўда. Гэта адно з найбольш інфармацыйна актыўных падраздзяленняў ЗСУ.
Менавіта інфармацыйная кампанія, здаецца, можа стаць выратаваннем. Але аб’ектыўны дыскурс магчымы толькі пры наяўнасці кампетэнтнай экспертызы. Ці рэальна гэта, калі ўкраінскія спікеры слаба разумеюць працэсы ў Беларусі і наадварот?
— Ролік Сяргея Прытулы, у якім ён уздымаў пытанні да беларусаў, быў першым яго відэа пра Беларусь, — прыводзіць прыклад Яўген Магда. — Прэтэнзіі, якія ён выказаў, могуць выглядаць для некага недарэчнымі, для некага — смешнымі, але яны агучаныя. А значыць, з імі трэба належным чынам працаваць.
Палітолаг прапануе правесці публічную інвентарызацыю супольных прэтэнзій.
— Людзям, якія размаўляюць паміж сабой, пасля цяжка страляць адзін у аднаго, — прыводзіць ён лагічны аргумент. — Калі ёсць праблема неразумення, то трэба выходзіць на ўзровень вышэй. Абмяркоўваць, напрыклад, фармат Балта-Чарнаморскага саюза, згадваць агульныя гістарычныя карані.
Як папярэджвае эксперт, пабудаваць дыялог можна толькі на парытэтных пачатках.
— Я не вучу беларусаў як ім жыць, — звяртае ўвагу спікер. — Я магу распавесці пра нейкі досвед, калі пытаюцца. Але вучыць нікога не збіраюся, бо ў мяне ёсць павага да іншых людзей.
Яўген Магда прапануе пачаць з таго, каб правесці сумесную школу для журналістаў, у тым ліку пачынаючых прадстаўнікоў медыя. На яго думку, такія супольныя сустрэчы дазволяць лепш разумець адзін аднаго.
На палітычным полі Украіны, дадаў эксперт, лабістам інтарэсаў нашай краіны могуць выступаць парламентарыі з міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь».
Хто, калі не Арастовіч?
Экспертам па шырокім коле пытанняў, у тым ліку беларуска-украінскіх, лічыцца Аляксей Арастовіч. Але ж, калі казаць сур’ёзна, то спікераў, якія б добра разумелі кантэкст, не хапае.
— Колькасць украінскіх экспертаў, якія могуць аўтарытэтна каментаваць Беларусь, і беларускіх экспертаў, якія могуць аўтарытэтна каментаваць Украіну, з кожнага боку менш за дзесяць, — мяркуе Яўген Магда.
Ён раіць перш, чым задаваць пытанні ўкраінскаму эксперту па Беларусі, хаця б загугліць, ці каментаваў той пытанне РБ раней. А шукаць спікераў прасцей з дапамогай журналісцкай супольнасці.
— Я б рэкамендаваў, у прыватнасці, звяртацца да Віталя Портнікава, — кажа палітолаг. — Ці Раман Бяссмертнага, які быў у свой час амбасадарам у Беларусі. Таксама дасведчанымі спецыялістамі па Беларусі могуць быць Дзмітрый Грамакоў (Міжнародны цэнтр супрацьдзеяння расійскай прапагандзе), Максім Пляшко (Цэнтр беларускіх камунікацый), Яраслаў Чарнагор (аналітычны цэнтр «Украінская прызма»).
«Моцная прэзідэнцкая рэспубліка цалкам адпавядае палітычнай мадэлі Беларусі»
На думку Яўгена Магды, у Беларусі і Украіне на сёння адбываецца працэс фармавання палітычнай нацыі:
— Ва Украіне — больш імкліква, у Беларусі — больш павольна. Гэта нармальна. Так і павінна быць.
Аднак ёсць істотныя адрозненні. У якасці прыкладу палітолаг прыводзіць два факты з беларускай палітыкі:
— У 1994 годзе Кучма і Лукашэнка сталі прэзідэнтамі. Дастаткова паглядзець іх біяграфіі, каб зразумець, наколькі адрозніваюцца Беларусь і Украіна… Другі прыклад — больш свежы. У 2022 годзе на канферэнцыі «Новая Беларусь» (праходзіла ў Вільні) Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета.
«Я здзівіўся: а так можна было? Але пасля зразумеў, што гэта цалкам адпавядае палітычнай мадэлі Беларусі — моцная прэзідэнцкая рэспубліка. А Украіна — пэўная палітычная вольніца. Гэта вельмі адчуваецца».
Напрыканцы гутаркі Яўген Магда закрануў экзістэнцыяльнае пытанне для многіх беларусаў — змены палітычнай сістэмы.
— Гэта залежыць ад расійска-украінскай вайны, — мяркуе эксперт. — Як толькі ў Крамлі будзе не да Беларусі, там пачнуцца пэўныя цікавыя працэсы, якія, падкрэслю, не звязаныя з палком Каліноўскага. Без унутраных рухаў у Беларусі нічога не будзе. Я не веру, што ўсе сотні тысяч людзей, якія ў 2020 годзе шпацыравалі з бела-чырвона-белымі сцягамі па гарадах, выехалі ці змянілі пазіцыю.
Чытайце яшчэ:
З кожнага праса. Усё, што трэба ведаць пра нацыянальны тэлемарафон «Єдині новини» ва Украіне
«Я застаюся, каб тым, хто зараз за кратамі, і тым, хто быў вымушаны з’ехаць, было куды вяртацца»: погляд журналістаў знутры краіны
«Калі рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, то, напэўна, добрыя стасункі паміж украінцамі і беларусамі адновяцца». Гутарка з рэдактаркай «ВалыньPost» Іванкай Рудзішын