«Калі рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, то, напэўна, добрыя стасункі паміж украінцамі і беларусамі адновяцца». Гутарка з рэдактаркай «ВалыньPost» Іванкай Рудзішын
Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны і палітычныя абставіны ў Беларусі за апошнія некалькі гадоў паўплывалі на адносіны паміж дзвюма краінамі і іх народамі. Асабліва адчувальна гэта ў памежжы. Як змяняюцца ўкраінска-беларускія стасункі паміж звычайнымі людзьмі, чаго не хапае ў беларуска-ўкраінскім інфармацыйным парадку дня і як зменіцца стаўленне да беларусаў пасля вайны? Гутарым пра гэта з галоўнай рэдактаркай «ВалыньPost» Іванкай Рудзішын.
— Як жыве Луцк падчас вайны?
— На шчасце, Луцк знаходзіцца далёка ад зоны, дзе цяпер вядуцца актыўныя баявыя дзеянні. Тым не менш горад атрымаў некалькі ракетных удараў, у выніку якіх загінулі людзі. Першы з іх быў ужо ў першы дзень поўнамаштабнага ўварвання — 24 лютага 2022 года. Тады мясцовыя жыхары прачнуліся ад выбухаў. У першы ж дзень людзі стаялі ў доўгіх чэргах да ваеннага камісарыята, таксама горад рыхтаваўся прыняць тых, хто пакідаў тэрыторыі, дзе ішлі баявыя дзеянні. Вельмі шмат валынянаў цяпер у войску. На жаль, горад ужо сустрэў многіх лучан героямі, якія загінулі. Жыццё нашае зараз напоўнена сваімі штодзённымі турботамі, якія пераплеценыя з рэаліямі вайны.
— Як працуе «ВалыньPost» цяпер, як змяніўся змест пасля вайны? Як вядзецца барацьба з фэйкамі і прапагандай?
— У першыя два месяцы поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну «ВалыньPost» працаваў без перапынку. Гэта значыць незалежна ад часу сутак стужка навін заўсёды напаўнялася ў рэжыме рэальнага часу. Працы было шмат, рэсурсаў мала, як і дакладнага разумення, як правільна працаваць, каб не нашкодзіць краіне і валынянам. Крызісныя камунікацыі ў рэгіёне прыкметна «кульгалі». Але пазней з’явілася пэўная сістэма, разуменне механізмаў праверкі інфармацыі і атрымання афіцыйных каментароў. Вядома, мы ўсе ведалі што рабіць, калі гаворка ішла пра звычайныя ўмовы працы, але крызісныя ўмовы і вайна дыктавалі свае, невядомыя раней правілы.
На пачатку ўварвання абсалютна ўвесь кантэнт быў пра вайну, і ў асноўным гэта былі навіны. Пазней ужо, калі праца набыла сістэмны характар, з’явіліся больш шырокія фарматы — інтэрв’ю з валанцёрамі, людзьмі, якія далі прытулак бежанцам з рэгіёнаў, дзе працягваліся ваенныя дзеянні, гісторыі людзей, якім давялося перажыць акупацыю. Крыху пазней з’явіліся гісторыі пра загінулых герояў. Хацелася б, каб такіх гісторый у валынскім медыйным сегменце было столькі, колькі іх ёсць — не забыцца ні пра каго. Хацелася б пісаць пра кожнага ўкраінца і кожную ўкраінку, якія аддалі жыццё праз вайну, што вядзе супраць нашай краіны Расія.
Безумоўна, галоўнай тэмай, якая вызначае змест выдання, па-ранейшаму застаецца вайна і ўсё, што з ёй звязана. І так будзе да нашай перамогі. Але мы таксама стараемся штодня рабіць падборку добрых навін. Гэтую рубрыку пачалі 23 лютага 2022 года, за дзень да пачатку поўнамаштабнай вайны. Акрамя таго, мы пішам пра грамадска-палітычнае жыццё Валыні і краіны ў цэлым.
Цяпер мы надаем вялікую ўвагу барацьбе з варожымі наратывамі, фэйкамі, маніпуляцыямі і іншымі ўкідамі інфармацыі. Як паўнавартасны напрамак гэтая дзейнасць з’явілася ў нас у кастрычніку мінулага года, калі ў партнёрстве з узначаленым мной грамадскім аб’яднаннем «Інфармацыя ў чыстым выглядзе» выданне пачало рэалізоўваць праект «Умацаванне працы СМІ ў барацьбе з варожымі наратывамі і ўцечкай інфармацыі на тэрыторыі памежнай з Беларуссю Валыні».
За амаль паўгода працы мы ў межах гэтага праекта разбурылі шмат фэйкаў і маніпуляцый беларускай прапаганды, якія зыходзяць ад рупараў дзяржаўных беларускіх СМІ. Напрыклад, пра прысутнасць біялабараторый ЗША ва Украіне, пра тое, што Польшча мае намер анексаваць заходнія вобласці Украіны, пра будаўніцтва польскай вайсковай базы на Валыні і г. д.
Матэрыялы спецпраекта «МЕЖУЄМО, АЛЕ ФІЛЬТРУЄМО» можна пачытаць тут.
— Хацелася б крыху вярнуцца ў мінулае і ўзгадаць, колькі беларусаў ездзілі на закупы на Валыншчыну, ці гэта быў час росквіту стасункаў паміж беларусамі і ўкраінцамі?
— Я родам з Ровенскай вобласці. З 2010 года жыву на Валыні. Таму я гэты кантэкст дакладна не ведаю. Мне вядома, што прыкладна ў 2015 годзе беларусы ездзілі ў памежныя валынскія гарады на кірмашы і куплялі там усё, таму што было значна танней. Аднойчы, памятаю, я сустрэла ў Луцку дзяўчыну з Беларусі, якая прыехала набыць вясельную сукенку. Але я не магу сказаць, што асабіста памятаю вялікую колькасць беларусаў, якія прыязджалі сюды на закупы.
— Ці асвятляла медыя «ВалыньPost» падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі? А як вы бачылі тыя падзеі збоку?
— Мы пісалі пра пратэсты. У асноўным гэта былі навіны пра ход падзей. І рэдакцыя, і нашы чытачы ў каментарах падтрымалі жаданне беларусаў зрынуць рэжым Лукашэнкі.
— Ці праўда, што многія ўкраінцы любілі Лукашэнку да 2020 года, а некаторыя і пасля, і да 2022 года не разумелі, чаму беларусы ім незадаволеныя?
— Гэта праўда. Скажу нават больш. Крыўдна, але на Валыні яшчэ ёсць людзі, якія лічаць рэжым Лукашэнкі добрым і паспяховым. Напрыклад, калі мы ездзілі ў межах нашага праекта ў памежныя вёскі Валыні, то былі здзіўленыя тым, што людзі старэйшага ўзросту хваляць, як кажуць, «парадак» у Беларусі, якой кіруе самаабвешчаны прэзідэнт. Тое, што ў гэтай краіне няма свабоды слова і немагчымае існаванне апазіцыйных поглядаў, для многіх не аргумент.
На жаль, гэта людзі, якія дагэтуль маюць настальгію па Савецкім Саюзе, іх каланіяльны погляд — гэта тое, чаго ўжо няма ў маладых людзей ці тых, хто нарадзіўся ў незалежнай Украіне. Шкада, што пасля больш чым года поўнамаштабнай вайны, у якой Лукашэнка паказаў сябе саюзнікам Пуціна, усё яшчэ ёсць людзі, якія не разумеюць, чаму беларусы ім незадаволеныя і наколькі небяспечны яго аўтарытарны рэжым.
Трэба разумець, што большасць украінцаў сапраўды ўсведамляюць, што Лукашэнка — дыктатар. Але з каланіяльным светапоглядам некаторай часткі нашага насельніцтва ўсё роўна даводзіцца мець справу.
— Многія беларусы ўцяклі ва Украіну пасля жорсткага падаўлення пратэстаў з прычыны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Безумоўна, шмат людзей з’ехала ў Кіеў, але ці адчулі прыток беларусаў бліжэйшыя гарады з беларуска-ўкраінскім памежжам?
— Наколькі я ведаю, нават тыя валыняне, якія жылі ў Беларусі да 2020 года, пасля рэвалюцыйных падзей масава не вярталіся дадому. Магчыма, ёсць адзінкавыя выпадкі. Што да перасялення беларусаў, у прыватнасці, у Луцк і ў Валынскую вобласць увогуле, то мне пра такія выпадкі невядома.
— Як змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў пасля пачатку вайны?
— Думаю, значна павялічыўся адсотак тых, хто ставіцца да суседняй краіны негатыўна. Бо цяпер украінцы лічаць Беларусь дзяржавай, якая разам з Расіяй ваюе супраць Украіны. Калі мы ездзілі ў памежныя вёскі, то чулі, што валыняне ці ўвогуле перасталі кантактаваць са сваімі роднымі, якія жывуць у Беларусі, ці проста не гаварылі з імі пра вайну.
Трэба прызнаць, што ўкраінцы і беларусы ведаюць адзін пра аднаго праз прызму расійскай прапаганды, і гэта істотна ўскладняе сітуацыю.
Тым не менш вялікі працэнт украінцаў не атаясамляе беларускі народ з беларускай дзяржаўнай машынай. Мы ведаем, што Лукашэнка і яго прыхільнікі не прадстаўляюць выключна ўвесь народ Беларусі. Мы ўдзячныя, што большасць беларусаў, прынамсі, па выніках некаторых даследаванняў, не падтрымліваюць вайну. Думаю, што мы, украінцы, таксама павінны прыкладаць намаганні, каб узмацніць гэтыя антываенныя настроі сярод беларусаў.
— Што вы разумееце пад беларускім парадкам дня ва ўкраінскім медыйным полі? Ці знаходзіцца ў ім сур’ёзнае месца беларускай апазіцыі, беларускім валанцёрам, беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны?
— Па маіх асабістых назіраннях, апошнім часам ва ўкраінскім медыйным полі не хапае інфармацыі, асабліва пра апазіцыю. Можа таму, што ў яе зараз няма нейкага адзінага голасу, а можа таму, што ён не занадта гучны. А магчыма, яшчэ і таму, што Кіеў пакуль не гатовы да афіцыйнага дыялогу з беларускай апазіцыяй і тымі, хто лічыць сябе свабоднымі беларусамі. Але мы ведаем, што ў вайне супраць Расіі ўдзельнічаюць беларускія добраахвотнікі. Мы ведаем, што беларусы гінуць, змагаючыся за свабодную Украіну, мы ведаем пра існаванне незалежнай беларускай журналістыкі.
Магчыма, гэта будзе занадта суб’ектыўнае і дакладна не экспертнае меркаванне, але для таго, каб матэрыялаў пра нязгоду дэмакратычна настроеных беларусаў з рэжымам Лукашэнкі было дастаткова ва ўкраінскім медыйным полі, трэба яшчэ шмат папрацаваць абодвум бакам.
— Ці разумеюць украінцы розніцу паміж падпарадкаванай рэжыму журналістыкай і незалежнай?
— Мне насамрэч цяжка адказаць на гэтае пытанне. Бо не ведаю, ці ёсць гэтакае разуменне ў людзей, неангажаваных у медыйнай сферы. Справа ў тым, што я, як медыйшчыца, безумоўна, разумею розніцу паміж падкантрольнай лукашэнкаўскай журналістыкай і незалежнай журналістыкай. Я ведаю, што падаўленне пратэстаў супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі выклікала масавы ўцёк журналістаў з краіны. Я дакладна ўсведамляю, што значная частка тых, хто з’ехаў тады і пазней, працягвае незалежную журналісцкую дзейнасць з Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краін. Ведаю пра дзейнасць такіх медыя, як, напрыклад, NEXTA і «Белсат».
Я ўдзячная беларускім журналістам, якія не сталі на бок прапагандысцкай машыны, якія не падтрымліваюць дзеянні Расіі і выказваюць падтрымку Украіне. Я разумею, што камусьці гэта каштавала жыцця, камусьці свабоды, а камусьці праз гэта давялося з’ехаць у чужыя краіны. Ведаю, што Беларускую асацыяцыю журналістаў прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Я выдатна разумею, навошта і дзеля чаго гэта робяць аўтарытарныя беларускія ўлады. Дзякуй калегам за мужнасць і працу! Я таксама ведаю, што Нацыянальны саюз журналістаў Украіны спрабуе будаваць дыялог з незалежнымі беларускімі журналістамі і падтрымліваць іх.
Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»
— Наколькі важна, на вашую думку, украінцам ведаць пра Беларусь, беларускія праблемы?
— Я лічу гэта важным. Але важна, каб гучалі галасы незалежных СМІ, а таксама галасы народа Беларусі. Бо цяпер расійская прапаганда робіць усё магчымае, каб свет і ўкраінцы, у прыватнасці, успрымалі Беларусь як частку Расіі. Калі ўкраінцы і ўкраінкі будуць даведвацца пра Беларусь толькі з падкантрольных дзяржаве СМІ, стаўленне будзе вельмі варожым і ўспрыманне Беларусі будзе сапраўды як да расійскай калоніі. У такім выпадку ўкраінцы прыраўняць беларусаў да расіян.
З той прычыны, што расійская прапагандысцкая машына працуе вельмі моцна, а беларуская, падкантрольная рэжыму Лукашэнкі, дапамагае ёй, украінцы сёння могуць не мець дастаткова інфармацыі пра тое, што ёсць значная частка беларусаў, якія не падтрымліваюць Пуціна і вайну.
Украіне важна весці дыялог з беларусамі, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, і ведаць пра тое, што адбываецца ў гэтай краіне, бо ў нас агульны вораг.
— Што наогул ведаюць пра беларусаў і Беларусь у Луцку і ва Украіне?
— У рэшце рэшт на тэрыторыі Беларусі і сёння жыве шмат валынян. Але ўсё ж, хутчэй, размова пра досвед з тых часоў, калі яшчэ людзі ездзілі адзін да аднаго, збіралі ягады ў памежных лясах, ездзілі на экскурсіі і г. д. Цяпер яны ведаюць, што ім кажуць сваякі, і што, на жаль, Беларусь як дзяржава падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны.
— Многія беларусы, якія знаходзяцца ва Украіне, збіраюцца застацца тут і пасля перамогі Украіны, яны вераць, што Украіна будзе развівацца хутка і цікава. Самі ўкраінцы ўжо будуюць канкрэтныя планы пасля перамогі, ці пакуль пераважаюць агульныя мары пра мірнае жыццё?
— Зноў жа, я не магу так сказаць пра ўсіх. Але па сабе ведаю, што вельмі цяжка будаваць канкрэтныя доўгатэрміновыя планы, калі ў краіне ідзе вайна. Тут таксама трэба адзначыць, што я жыву ў горадзе, дзе дзякуючы Узброеным сілам Украіны і ўсім сілам украінскага супраціву няма баявых дзеянняў. Яшчэ цяжэй людзям, якія вымушаныя былі пакінуць свае дамы, удзельнічаць у баявых дзеяннях або жыць у прыфрантавых раёнах. Цяпер кожны ўкраінец і ўкраінка мараць пра перамогу.
— Як мяркуеце, якое будзе стаўленне ўкраінцаў да беларусаў пасля вайны? Два варыянты: пасля паражэння Пуціна Лукашэнку скінуць, або ён зможа зноў выкруціцца.
— У любым выпадку, на мой погляд, падтрымка беларускай дзяржаўнай машынай Расіі ў вайне была сур’ёзным ударам і траўмай для ўкраінцаў на доўгія гады. Пасля гэтага трэба будзе аднаўляць адносіны паміж народамі. Шмат у чым, вядома, гэта будзе залежаць ад афіцыйнай пазіцыі Украіны адносна Беларусі.
Але калі рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, то адказваць за ўсё будзе ён, ягонае атачэнне і вайсковае камандаванне. Відавочна, што пры такім раскладзе было б лягчэй будаваць стасункі.
Чытайце яшчэ:
Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі
«Я за тое, каб найбольш актыўныя былі знойдзены і ім далі належнае». Вялікая гутарка з Лявонам Вольскім
Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?